У Беларусі скарэкціраваны парадак правядзення рэкламных гульняў
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 29, якім карэкціруецца Указ ад 30 студзеня 2003 года № 51 "Аб правядзенні рэкламных гульняў у Рэспубліцы Беларусь".
Дакумент прыняты ў мэтах забеспячэння абароны правоў удзельнікаў рэкламных гульняў і развіцця такіх гульняў, а таксама ўдасканалення прававога рэгулявання рэкламнай сферы з улікам правапрымяняльнай практыкі і пашырэння магчымасцей інтэрнэт-тэхналогій.
Указам, у прыватнасці, уведзена забарона на рэкламу такіх гульняў да апублікавання арганізатарам у друкаваным сродку масавай інфармацыі правіл правядзення. Забараняецца таксама ўдзел у рэкламнай гульні асоб, якія займаюць кіруючыя пасады ў арганізацыях, што ўдзельнічаюць у фарміраванні прызавога фонду. Акрамя таго, устаноўлена забарона на выдачу выйгрышаў пераможцам рэкламнай гульні і іх наследнікам, уключаным у пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Згодна з дакументам, уведзены абавязак арганізатараў пры правядзенні рэкламнай гульні ў сетцы Інтэрнэт выкарыстоўваць толькі зарэгістраваныя ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі інтэрнэт-рэсурсы. Тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры па дзяржаўнай рэгістрацыі рэкламнай гульні скарочаны з 15 да 10 дзён. Устаноўлены спрошчаны парадак правядзення рэкламных гульняў, прызавы фонд якіх не перасягае 40 базавых велічынь.
Акрамя таго, удакладнены патрабаванні да правіл правядзення рэкламнай гульні, справаздачы аб ёй, інфармавання ўдзельнікаў гульні аб розыгрышы (у выпадку выкарыстання пры правядзенні розыгрышу спісу яе ўдзельнікаў), публікацыі вынікаў, выдачы выйгрышаў.
Указ накіраваны на ўключэнне ў арганізацыю рэкламных гульняў малога і сярэдняга бізнесу, павышэнне іміджу беларускіх суб'ектаў гаспадарання і папулярызацыю айчыннай прадукцыі.