Сустрэча з Міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым
- 9
- 5:30
Адносіны Беларусі і Расіі маюць патрэбу не ў перазагрузцы, а ў інтэнсіфікацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 лістапада на сустрэчы з Міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.
"Нашы сустрэчы заўсёды прадукцыйныя, з майго пункту гледжання, прынамсі для мяне асабліва і для Беларусі, для нашай перш за ўсё знешняй палітыкі, таму што ёсць магчымасць, як вы часта гаворыце, зверыць гадзіннікі, і мы гэтым карыстаемся, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Усё ж такі вам даводзіцца больш вярцецца на міжнароднай арэне, у гэтым шалёным свеце, і ваша пазіцыя, пункт гледжання для нас вельмі актуальны і пазнавальны".
"Што датычыцца беларуска-расійскіх адносін, то нам трэба, можа, не аб нейкай перазагрузцы гаварыць, але аб узмацненні, інтэнсіфікацыі нашых адносін. Тэзіс абсалютна напрошваецца. Не проста тэзіс, а практыка. Я хачу, каб вы разумелі і ведалі, што мы да гэтага гатовы", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер вядзецца вельмі шмат размоў аб тым, як будуць развівацца адносіны дзвюх краін, і падкрэсліў імкненне Беларусі захоўваць цеснае ўзаемадзеянне з Расіяй. "Проста па-сяброўску вам хачу сказаць, што і Расія, і Беларусь жывуць (дарэчы, не па волі Беларусі) у сваім уласным доме або ў кватэры (маецца на ўвазе распад Савецкага Саюза, які адбыўся не па волі Беларусі. - Заўвага). І мы хацелі б мець не проста добрасуседскія адносіны, мы хацелі б мець вельмі блізкія, братэрскія адносіны з Расійскай Федэрацыяй", - запэўніў Прэзідэнт.
"Я нічога новага не сказаў. Я заўсёды аб гэтым гаварыў, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Проста не заўсёды, слухаючы мяне, хацелі гэта падкрэсліваць і паўтараць, асабліва ў Расіі. Мабыць, камусьці гэта было нявыгадна, але час паказаў, што нам нікуды не дзецца ад вельмі цесных і дружалюбных адносін. Упэўнены, што гэтага кіраўніцтва Расіі сёння хоча і аддае перавагу такім адносінам".
У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў дзеянні і ролю Расіі ва ўрэгуляванні канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам у Нагорным Карабаху.
"Вельмі хацеў бы вас павіншаваць з тым, што адбылося на Каўказе. Вы проста малайцы. Зразумела, што без выдаткаў не бывае - і крытыка будзе, і ўсё будзе. Але тое, што ў многім дзякуючы Расіі спынілася гэта бойня, што там не гінуць людзі і што ў прынцыпе, хоць і ў пачатку шляху знаходзімся, пачалі гэты доўгі шлях да нармалізацыі адносін на Каўказе, гэта вельмі пазітыўны і добры знак. Мы менавіта такой пазіцыі прытрымліваемся", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што першапачаткова быў вельмі паглыблены ў праблемы Каўказскага рэгіёна, добра іх ведае і гэта тэматыка шмат разоў абмяркоўвалася ім з кіраўнікамі Расіі, Арменіі і Азербайджана. "Я вельмі задаволены, што менавіта так гэты крызіс вырашыўся, як мы некалі абмяркоўвалі (апошні раз - у Піцеры). Таму я вас шчыра віншую", - адзначыў Прэзідэнт.
Разам з тым ён звярнуў увагу на наяўнасць іншых праблем і канфліктных сітуацый. "Выклікаў вельмі шмат у сучасным свеце. Вы іх ведаеце. І вы павінны ведаць, што мы заўсёды гатовы прайсці свой шлях, калі Расія пажадае таго, побач з Расіяй, пераадольваючы гэтыя праблемы, пачынаючы ад пандэміі і заканчваючы рознымі прэтэнзіямі, перш за ўсё Злучаных Штатаў Амерыкі, на аднаасобнае панаванне ў свеце. Мы гэта ніколі не віталі і вітаць не будзем", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Сяргей Лаўроў у сваю чаргу адзначыў, што ў Беларусі і Расіі цалкам супадае зацікаўленасць ва ўмацаванні адносін.
"Перш за ўсё, прывітанне вам ад Уладзіміра Уладзіміравіча (Пуціна. - Заўвага). Ён пацвердзіў усё, аб чым вы дамовіліся з ім раней, асабліва ў Сочы. У нас цалкам супадае зацікаўленасць ва ўмацаванні адносін. Можна гэта па-рознаму называць, але ў нас тая ж самая мэта: рухацца да ўзаемнай выгады нашых народаў, краін і Саюзнай дзяржавы", - падкрэсліў кіраўнік расійскага МЗС.
Ён нагадаў, што раней Кіраўнік беларускай дзяржавы выступіў з некалькімі ініцыятывамі, якія, на думку Міністра, вельмі важныя для беларускага грамадства. "Як не раз падкрэсліваў Прэзідэнт Пуцін, мы зацікаўлены ў тым, каб гэтыя ініцыятывы адбыліся. Калі што-небудзь можам зрабіць у іх падтрымку, мы заўсёды адкрыты для гэтага", - дадаў Сяргей Лаўроў.