Сустрэча з губернатарам Прыморскага края Алегам Кажамякам
- 18
- 4:46
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 верасня правёў сустрэчу з губернатарам Прыморскага края Алегам Кажамякам.
На сустрэчы Кіраўнік дзяржавы паведаміў аб планах наведаць далёкаўсходні рэгіён Расіі. Ён расказаў, што на сустрэчах Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін часта з цеплынёй успамінае аб Прыморскім краі. "Ён ужо больш гаворыць аб Прыморскім краі, чым аб Піцеры. Я яму аднойчы аб гэтым сказаў. Ён увесь час настойвае на тым, каб я абавязкова там пабываў і паглядзеў, што зроблена апошнім часам, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я ўжо і дзецям сказаў, што ў наступным годзе выберам час. Возера Байкал, Алтай, Прымор'е, Сахалін і Камчатка - усё ж такі трэба пабываць і паглядзець на гэты цуд прыроды".
Адной з падстаў наведаць гэтыя расійскія рэгіёны можа стаць удзел беларускіх будаўнікоў ва ўзвядзенні касмадрома "Усходні". "Я хацеў бы пабываць там, калі мы дамовімся. Паглядзець, як пачнуць работу нашы будаўнікі, і да Камчаткі наведаць гэты рэгіён. Хацелася б паглядзець, што на самай справе ўяўляе сабой гэты край. Таму, думаю, у наступным годзе мы з вамі ўбачымся ўжо ў вас", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь гатова ўдзельнічаць у будаўніцтве касмадрома. "Мы цяпер яшчэ раз уважліва падыдзем да гэтага аб'екта, і Прэзідэнт (Расіі. - Заўвага) мяне прасіў паглядзець. Хацелася б паўдзельнічаць у будаўніцтве гэтага касмадрома і паказаць нашы магчымасці, на што здольныя беларускія будаўнікі. Я гатовы перакінуць туды трэст, а, магчыма, і два. Галоўнае, каб мы дамовіліся аб супрацоўніцтве", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларуская будаўнічая галіна канкурэнтная як па якасці паслуг, якія аказваюцца, так і па іх кошце. "Нас там наўрад ці нават японцы пераўзыдуць або карэйцы", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з Прыморскім краем і, нягледзячы на яго геаграфічную аддаленасць, разглядае яго як блізкага і важнага партнёра. "Вы хоць і геаграфічна далёка знаходзіцеся і нямала паміж намі кіламетраў, мы не разглядаем Уладзівасток як далёкі і чужы горад. Мы вельмі часта ўспамінаем аб сваёй Айчыне ад Брэста да Уладзівастока. І мы заўсёды будзем развіваць супрацоўніцтва, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Калі вам патрэбна будзе дапамога, якую мы можам аказаць (вы ведаеце нашы магчымасці), мы заўсёды гатовы падключыцца".
Прэзідэнт адзначыў добрыя асабістыя ўзаемаадносіны з Алегам Кажамякам, які, з'яўляючыся губернатарам розных рэгіёнаў Расіі, заўсёды падтрымліваў кантакты з Беларуссю. "Дзе б вы ні працавалі, мы заўсёды будзем рабіць тое, што патрэбна для вашага края", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў таксама наладжаныя прамыя сувязі паміж Прыморскім краем Расіі і Магілёўскай вобласцю Беларусі.
Прэзідэнт прапанаваў нарасціць пастаўкі ў рэгіён айчыннай тэхнікі і тэхналогій, ажыццяўляючы пры гэтым гарантыйнае, сэрвіснае абслугоўванне. "Мы гатовы і па фінансаванні выгадныя ўмовы прапанаваць", - заўважыў ён. Акрамя таго, перспектыўнымі Прэзідэнт лічыць пастаўкі ў Прымор'е гарадскога электратранспарту.
У час сустрэчы закраналася таксама супрацоўніцтва ў аграпрамысловай сферы. Размова ішла аб магчымым экспарце беларускай малочнай, мяса-малочнай прадукцыі, дзіцячага харчавання, пастаўках насення і пасадачнага матэрыялу.
"Алег Мікалаевіч, няма неабходнасці вас у нечым пераконваць, мы з вамі даўнія сябры, лічыце, што мы сябры назаўсёды. І для нас справа гонару працаваць у Прымор'і і супрацоўнічаць з вамі", - звярнуўся Прэзідэнт да кіраўніка Прыморскага края.
У сваю чаргу Алег Кажамяка заявіў, што ў Прыморскім краі хочуць адкрыць гандлёвы дом "Беларусь".
"Мы вырашылі, каб у нас ва ўсіх вялікіх гарадах былі прадстаўлены беларускія тавары народнага спажывання праз гандлёвы дом "Беларусь". Падабралі ўжо інвестараў, каму гэта выгадна", - сказаў губернатар Прыморскага края. Паводле яго слоў, гэты праект будуць падрабязна абмяркоўваць у час аграпрамысловай выстаўкі "Белагра".
"Для нас вельмі важна, каб мы перайшлі на той узровень супрацоўніцтва, які даваў бы магчымасць нашым жыхарам бачыць на прылаўках як мага больш беларускіх тавараў, выкарыстоўваць перадавы вопыт машынабудаўнікоў Беларусі. Мы ўбачылі новыя тэхналогіі, прадукцыю, якая адпавядае апошнім сусветным распрацоўкам і стандартам", - адзначыў Алег Кажамяка. Паводле яго слоў, жыхары Прымор'я ўпэўнены ў высокай якасці беларускай прадукцыі і давяраюць ёй.