Сустрэча з заснавальнікам кампаніі Emaar Properties Махамедам Алі Алабарам
- 7
- 3:08
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вітае работу ў краіне і інвестыцыі кампаніі Emaar Properties. Аб гэтым ён заявіў 1 кастрычніка на сустрэчы з заснавальнікам кампаніі Emaar Properties Махамедам Алі Алабарам.
"Перш за ўсё хачу адзначыць вашу пунктуальнасць і абавязковасць. Прыкладна год таму, сустракаючыся з вамі, мы дамовіліся аб нашай сумеснай рабоце. Тады быў задуманы шэраг праектаў, якія вы ўзялі ў прапрацоўку і гатовы былі ажыццявіць у Беларусі, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы будаўніцтвам вялікіх інфраструктурных аб'ектаў, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы дамаўляліся з вамі, што гэтай восенню пасля прэзідэнцкіх выбараў сустрэнемся і канчаткова расставім усе кропкі над "і". І вось за гэта я вам удзячны, што вы пунктуальна, як дамовіліся, прыехалі ў гэты дзень".
"Мы разумеем, што цяпер у свеце час няпросты. Выклік чалавецтву кінуты па многіх напрамках. За інвестара ў сувязі з гэтым ідзе вельмі вострая барацьба. І, вядома, ваша работа ў Беларусі, тыя інвестыцыі, якія вы плануеце ажыццявіць, нам вельмі дарэчы сёння", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, аб'ёмы работ будуць вельмі вялікія. "Таму мы ў такім прадстаўнічым складзе сёння сабраліся (на сустрэчы з беларускага боку таксама прысутнічалі Прэм'ер-міністр, старшыня Мінгарвыканкама, памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. - Заўвага), каб не было замінкі ў вашых работах", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што памятае абяцанне Махамеда Алі Алабара, што ў Беларусі пабудуюць самыя прыгожыя будынкі і збудаванні, якія будуць візітнай карткай ААЭ ў цэнтры Еўропы. "Таму я гатовы абмеркаваць сёння ўсе пытанні, якія ў сувязі з гэтым узніклі, і калі ёсць якія-небудзь праблемныя пытанні, гатовы іх адразу ж вырашыць", - дадаў Прэзідэнт.