Разгляд кадравых пытанняў
- 12
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Валерыя Вакульчыка - памочнікам Прэзідэнта Беларусі - інспектарам па Брэсцкай вобласці;
Юрыя Караева - памочнікам Прэзідэнта Беларусі - інспектарам па Гродзенскай вобласці;
Аляксандра Барсукова - памочнікам Прэзідэнта Беларусі - інспектарам па Мінску;
Івана Кубракова - Міністрам унутраных спраў.
Назначаючы памочнікаў Прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Публічна хачу давесці да ўсіх прысутных: мною прынята кадравае рашэнне і вы ўтраіх накіроўваецеся не тое што на асабліва небяспечныя ўчасткі, але вельмі адказныя ўчасткі нашай краіны. У сувязі з тымі падзеямі, перш за ўсё, якія адбыліся (яны яшчэ не скончаны, мы яшчэ не ведаем, у што гэта можа выліцца). Чаму вы? Вы людзі ваенныя, інфармаваныя, вас не трэба ўводзіць у курс справы і вучыць".
Звяртаючыся да Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай, Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць і ўдасканаліць нарматыўна-прававую базу, якая датычыцца памочнікаў. "Таму што паўнамоцтвы іх будуць значна шырэйшыя. Я не хачу цяпер канкрэтызаваць іх экспромтам. Мы пра гэта яшчэ павінны пагаварыць. Але традыцыйна застаюцца падбор кадраў на гэтых напрамках, зразумела, разам з губернатарам. І кантроль за дзейнасцю кадраў. Поўнасцю. Усіх кадраў у вобласці. Ад старшыні сельскага савета, кіраўніка прадпрыемства да губернатара, - сказаў Прэзідэнт. - Але па падборы і іншых пытаннях, сацыяльна-эканамічнага развіцця, вядома, гэта вельмі тонкая работа. У іх вопыт ёсць. Гэта работа з кіраўнікамі рэгіёнаў - Брэсцкай вобласці, Гродзенскай вобласці і Мінска. Таму кантакт з губернатарам - гэта вельмі тонкая работа. І я абсалютна ўпэўнены, што, маючы такі вопыт, яны гэта змогуць зрабіць".
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб неабходнасці выпрацаваць сістэму работы памочнікаў з Прэзідэнтам: "Адзін раз у месяц, раз у два месяцы, у квартал... Гэта яны павінны прапанаваць. Памочнікі ад Прэзідэнта не павінны быць адрэзаны. Бягучая работа - у Адміністрацыі Прэзідэнта з Кіраўніком Адміністрацыі, як гэта было ўстаноўлена пры Вас (размова пра Наталлю Качанаву. - Заўвага). Вы гэта ведаеце, таму дапамагаць у гэтым плане будзем".
Кіраўнік дзяржавы паставіў перад памочнікамі шэраг задач, уключаючы сферу грамадскай бяспекі, выказаўся па знешнепалітычных аспектах. "Давайце шчыра: у Гродне вывешвалі польскія сцягі. Ну, калі іх сёння знялі, гэта ж не значыць, што там у кагосьці ў галаве нешта не блукае. Вы бачыце паводзіны некаторых клірыкаў нашых цэркваў - і каталіцкай, і праваслаўнай. Таму гэта таксама зона вашай адказнасці, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І наогул вы павінны разумець, што за межамі нашай краіны НАТАўцы не ўціхамірыліся, што б яны ні гаварылі".
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым згадаў пра сваю нядаўнюю тэлефонную размову з Дзяржсакратаром ЗША Майклам Пампеа. "У нас (Валерый Паўлавіч ведае) з ім вельмі добрыя адносіны. Усё, што пішуць у Telegram-каналах, - гэта фігня. Нічога ён ад мяне не патрабаваў, была вельмі цёплая, добрая такая размова. Але я яму адкрыта сказаў, па-сяброўску: "Майкл, нягледзячы на гэта, я ж разумею, што адбываецца". І я яго папярэдзіў: калі толькі там ірвануцца з боку Польшчы, Літвы і, можа, Украіны (гэта нават не абмяркоўваецца, ім не да гэтага), а вось палякі і літоўцы, у асноўным палякі (што там літоўцы - арміі няма), - ну, мы будзем адказваць", - заявіў Прэзідэнт.
"Ён мяне запэўніў, што гэтага не можа ніколі быць і не будзе. Я гавару: добра, я пачуў. Мы гэта чуем, але мы павінны рэагаваць. Я пакуль пра Мінск не гавару, я гавару пра гэтыя заходнія вобласці", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Менавіта наяўнасцю важных участкаў работы на адпаведных напрамках Кіраўнік дзяржавы растлумачыў назначэнне Валерыя Вакульчыка і Юрыя Караева на пасады памочнікаў па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. "Таму ў мяне іншых больш надзейных няма. Я разглядаў іншыя ўчасткі работы. Але ўсё ж такі думаю, што гэта важнейшыя. Там ёсць над чым працаваць, - сказаў беларускі лідар. - Асабліва, Валерый Паўлавіч, заходні напрамак. З'яўляючыся супрацоўнікам і Старшынёй КДБ, заўсёды гэтаму ўвагу ўдзялялі. І тым не менш бачыце, як атрымалася. Таму ўсе гэтыя веды трэба Юрыю Хаджымуратавічу перадаць".
"Таму нельга супакойвацца і наконт вось гэтых мэт, што ім, палякам, патрэбна ўся Беларусь. Вы ведаеце, нават калі ўсё НАТА ўвойдзе ў Беларусь, у іх гэта не атрымаецца. Нават калі мы адны будзем, у іх гэта не атрымаецца. Мы за сваю краіну загінем усе. Не дай бог, вядома. Яны павінны гэта ведаць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб пытаннях пагранічнай бяспекі. "Я не хачу публічна гаварыць аб тым, якія мерапрыемствы мы праводзім і будзем праводзіць на граніцы. І мне патрэбны там ваенныя людзі. Вядома, Валерыю Паўлавічу (Валерый Вакульчык, які назначаны памочнікам па Брэсцкай вобласці. - Заўвага прасцей, таму што ён у свой час займаўся граніцай. Я думаю, што з Юрыем Хаджымуратавічам (назначаны памочнікам па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. - Заўвага) яны падзеляцца вопытам. У гэтага вопыт больш па бяспецы і навядзенні парадку. У Валерыя Паўлавіча больш тонкая была работа. У іх ёсць агульная мова. Яны разам працавалі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, у сферу адказнасці новых памочнікаў у тым ліку будуць уваходзіць мерапрыемствы на граніцы. "Нам трэба сёння яшчэ раз паглядзець, мы многае зрабілі, калі я гаварыў: мы павінны закрыць граніцу. Закрыць граніцу - не зрабіць яе жалезнай заслонай, гэта нікому не патрэбна. Граніца - гэта зона дружбы народаў. Вы бачыце, нам кінулі выклік. Якая тут дружба... Але народы не вінаватыя", - заявіў Прэзідэнт.
"Мы заўсёды былі надзейнай заслонай для палякаў, літоўцаў, латышоў і нават украінцаў на граніцы. Мы не прапускалі нікога, нічога. Што ім яшчэ трэба ад нас?" - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пагранічнай тэматыцы ўдзяляецца асаблівая ўвага і ў сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса ў свеце. "Вы бачыце, якая ўспышка шалёная адбылася ў разы ў Еўропе. Ды і ў нас ужо рост пад тысячу (выяўленыя выпадкі ў выніку тэсціравання. - Заўвага). Дзякуй богу, няма шалёнага росту кавід-пнеўманій", - адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што для барацьбы з інфекцыяй у Беларусі ёсць усё неабходнае, уключаючы апараты ШВЛ. Разам з тым расслабляцца нельга, лічыць ён.
Аляксандр Лукашэнка перад новымі памочнікамі ў рэгіёнах паставіў задачу па ўдзеле ў пытаннях арганізацыі грамадскай бяспекі. "Гэта вельмі важна вам як ваенным людзям - парадак у абласцях", - падкрэсліў беларускі лідар.
Гаворачы аб несанкцыянаваных акцыях, якія праходзяць, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў асноўным бадзяюцца ў Мінску, але супакойвацца не трэба і ў рэгіёнах. "Няхай невялікія там былі гэтыя акцыі - 1-2 тыс., але тым не менш. Асабліва ў Гродне. Гэта што такое - заклікаюць спыніць "Гродна Азот" або арганізаваць забастоўку. А калі ўзрыў... Там жа высокатэхналагічная небяспечная вытворчасць. Не дай бог што здарыцца - Гродна побач, накрые цалкам. А ружа вятроў заходняя. Там круціць гэты вецер, над Гроднам разнясе воблака, загінуць тысячы і тысячы людзей. З гасцямі амаль паўмільёна ў Гродне знаходзіцца. Таму пытанне грамадскай бяспекі - найважнейшае пытанне", - заявіў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што ў кампетэнцыю памочнікаў, у прыватнасці Валерыя Вакульчыка ў Брэсцкай вобласці і Юрыя Караева ў Гродзенскай, будзе ўваходзіць армейскі складнік: "Дэсантна-штурмавая брыгада ў Брэсце на гэта арыентавана ў адпаведнасці з законам. І велізарная мотастралковая брыгада разгорнута ў Гродне. Гэта апора ваша і сілавікоў, губернатараў там. Сілавы складнік. Я гэта адкрыта гавару і не ўтойваю. Усе павінны гэта разумець".
Прэзідэнт таксама паставіў задачу па ўзаемадзеянні памочнікаў з Міністэрствам абароны, МУС, КДБ у цэнтры. "Асабліва з Мінабароны. Каб вы бачылі, чулі і разумелі, што адбываецца на граніцы і за мяжой. Каб вы своечасова мяне праінфармавалі. І калі трэба вас падперці Узброенымі Сіламі, як гэта было летам, мы гэта зробім. Гэта ў маёй кампетэнцыі. І дапамога ўпраўленням КДБ і МУС на месцы. Вы ведаеце, якія задачы мы тут вырашалі (раней вырашалі, у жніўні пасля выбараў). Ім трэба аказаць дапамогу, - даручыў Кіраўнік дзяржавы. - Зноў жа гавару: вельмі тонкая грань, вы не павінны нікога падмяняць. Вы не павінны камандаваць і кіраваць непасрэдна начальнікамі УУС і УКДБ на месцах. Таму што ў іх ёсць свае начальнікі. А ў вас ёсць свой начальнік - Прэзідэнт".
"Вы павінны мяне трымаць у курсе справы, і разам, калі трэба, мы будзем дзейнічаць. Вы ад мяне будзеце атрымліваць распараджэнні, як дзейнічаць па тых ці іншых напрамках. Вы людзі ваенныя і разумееце, што такое падначаленасць па вертыкалі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што асаблівы перыяд і ў сталіцы - горадзе Мінску. Гэтым у тым ліку тлумачыцца назначэнне на пасаду памочніка Аляксандра Барсукова: "Таму што ён ведае Мінск як свае пяць пальцаў. Ні Вакульчык, ні Караеў, ні я і нават ні Качанава - ніхто так не ведае Мінск, як ён. Ён ведае ўсё. І цяпер яго задача - таксама арганізаваць поўную бяспеку сілавымі структурамі ў горадзе-героі Мінску. Перш за ўсё - грамадская бяспека. Ён усё жыццё гэтым займаўся".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што поўнасцю ў адпаведнасці са сваімі паўнамоцтвамі прымае рашэнні па абароне міру і спакою грамадзян. "Вы ж паглядзіце, што адбываецца. Сёння я чытаю агляды: ах, Лукашэнка аддаў каманду працаваць у мінулую нядзелю прыцемкам, як я гаварыў, у спальных раёнах. Слухайце, я на тое і галоўнакамандуючы. Я які закон парушыў? Гэта мая справа. І Караеву (Юрыю Караеву - новаму памочніку па Гродзенскай вобласці, а да гэтага дня - Міністру ўнутраных спраў. - Заўвага) не трэба тут апраўдвацца. Ён правільна сказаў учора: а як інакш міліцыі было зрабіць, калі яны (удзельнікі несанкцыянаваных акцый. - Заўвага) паперлі, узломлівалі дзверы і рынуліся ў кватэры людзей. Мы ж не ведалі, з якой мэтай яны туды прыйшлі. Мы зыходзілі з горшага, і мы абаранялі сем'і", - сказаў беларускі лідар.
"Хтосьці хоча, каб міліцыя і ваенныя пайшлі з Мінска? Гэтага не будзе, пакуль я Прэзідэнт", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта мае функцыі і паўнамоцтвы - абараніць спакой і мір нашых грамадзян. Так будзе і ў далейшым. Яны павінны гэта ведаць", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
"Нам трэба не фармальнай зрабіць работу народных дружын. Яны пачалі працаваць, але яшчэ на поўную сілу не разгарнуліся. Вы бачылі, як было ў Кыргызстане: хаос страшэнны, усе сілавікі разбегліся, няма каму абараняць краіну. Хто ўзяў на сябе адказнасць? Народныя дружыны. Яны падцягнулі міліцыянераў, якія разбегліся, яны спецслужбы падцягнулі да сябе і ваенных. І стварылі моцныя народныя дружыны. І на працягу сутак пагасілі ўсе пажары", - адзначыў беларускі лідар.
"Таму народныя дружыны павінны працаваць. Яны ў рэшце рэшт павінны страпянуцца і абараняць. Не трэба краіну, мы з вамі - генералы і іншыя людзі, амапаўцы, унутраныя войскі, армія - забяспечым абарону краіны. Няхай забяспечаць абарону сваіх дамоў", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што ў мабільныя атрады трэба прыцягваць былых ваеннаслужачых. "Паглядзіце, колькі зваротаў гэтых былых ваеннаслужачых, афганцаў. Колькі мужыкоў, а жанчын..., яшчэ больш, чым мужыкоў: вазьміце нас, мы будзем у дружынах, мы будзем у атрадах, мы многае можам! Чаму не прыцягнуць нам, аж да ўзбраення, у гэтыя лятучыя атрады былых ваеннаслужачых? Яны могуць нам здорава дапамагчы. І трэба, каб кожны чалавек адчуў, што ён абараняе сваю сям'ю і сваю зямлю", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Нам трэба абараніць працоўныя калектывы. Гэта датычыцца і Гродна, і Брэста. Вось, кажуць, на "Гродна Азоце" аж пад сотню чалавек выйшла. Пачалі разбірацца, а там жа прышлых колькі, - сказаў Прэзідэнт. - Таму трэба абараніць тых рабочых, якія хочуць працаваць. І не толькі рабочых - настаўнікаў, урачоў і гэтак далей".
"Усіх, хто не хоча, дэманстраваць хочуць... Я ўчора або пазаўчора ўжо сказаў - на вуліцу, мы з імі лепш будзем на вуліцы разбірацца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Сёння ў нас вельмі цяжкая сітуацыя. Як ва ўсім свеце, людзей трэба лячыць. Мала кавіду, у нас жа акрамя яго іншыя рэспіраторныя захворванні, сезон пачаўся, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Калі кажуць мне, што ўрач недзе разгарнуў гэты калабарацыянісцкі сцяг, мне дрэнна становіцца. Не гаворачы пра настаўнікаў ужо (я, праўда, апошнім часам не чую)".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на акцыі ў тэатрах: "Людзі прыйшлі оперу паслухаць, спектакль паглядзець. Яны (пратэстуючыя. - Заўвага) загадзя скупляюць білеты, дзве-тры хвіліны, здымак зрабілі і разбегліся".
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы даручыў звярнуць увагу на работу тых, хто адказвае за бяспеку ў адпаведных установах культуры. "Чым яны там займаліся, чаму яны гэтага не бачылі? Ну а калі ўбачылі, якія меры прынялі? Ніякіх", - канстатаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выказаўся і аб сітуацыі ў некаторых студэнцкіх калектывах, даручыўшы арганізаваць бяспеку і даць магчымасць спакойна вучыцца тым, хто гэтага хоча. "Вельмі важнае пытанне - бяспека студэнтаў. Мы ўсе цяпер: вось, студэнты такія-сякія і іншае. Але трэба ж разумець, што там ёсць 10-15 чалавек... А астатнія нармальныя людзі. Мы ж былі студэнтамі. Адзін пайшоў, а іншыя ідуць, думаюць: ну як застацца - штрэйкбрэхерамі абзавуць, адшчапенцамі, здраднікамі. Ну і ідуць натоўпам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама пракаменціраваў намер некаторых студэнтаў паехаць вучыцца за мяжу. "Нехта хоча паехаць за мяжу вучыцца. Аб'яўляюць там палякі, літоўцы і іншыя. Не пытанне. Заўтра выпішам білеты, няхай едуць. Але толькі ў лінгвістычным універсітэце вучаць замежным мовам. Паверце, у Польшчы, Чэхіі і нават у Літве людзей, якія ўмеюць размаўляць на замежных, англійскай або нямецкай, мовах, дастаткова, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Кагосьці там пакінуць - аднаго-двух чалавек, і тое фізікаў, матэматыкаў, таленавітых".
"Калі яны думаюць там вучыцца, ім там мазгі прамыюць, як гэта робяць палякі нашым маладым людзям, якія там вучацца, і яны нам іх падкінуць як пятую калону... Гэтага не будзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Я даручыў Ураду. У бліжэйшы час будуць прыняты меры аб непрызнанні дыпломаў, атрыманых за мяжой", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што так адкрыта гаворыць, каб студэнты разумелі, што можа быць. "Таму дала магчымасць дзяржава ім атрымаць адукацыю - ідзіце вучыцеся. Але яшчэ раз гавару: трэба арганізаваць бяспеку студэнтаў, якія хочуць вучыцца, а іх 95% і больш, і асабліва рэктарам, кіраўніцтву і выкладчыкам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Вы людзі ваенныя. Цяпер вы разумееце маю задуму. Яе, Наталля Іванаўна (Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. - Заўвага), трэба фармалізаваць. Так будзе ва ўсіх абласцях. Пачынаем мы з захаду і Мінска. Тое ж самае будзе і ва ўсходніх абласцях. Нам расслабляцца нельга, нам трэба абараніць суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. Абараніць гэты кавалачак зямлі, каб, сыходзячы з гэтых сваіх пасад з часам (няхай не думаюць, што мы заўтра кінем і пойдзем), пакінуць дзецям, унукам нармальнае жыццё", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама аб'явіў аб прысваенні Юрыю Караеву і Аляксандру Барсукову спецыяльнага звання генерал-лейтэнанта міліцыі.
Назначаючы новага Міністра ўнутраных спраў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што выбіраў кандыдатуру з некалькіх вельмі дастойных чалавек, але ўсё ж спыніўся на асобе Івана Кубракова дзякуючы яго прафесійнаму вопыту і добраму веданню сітуацыі ў Мінску. "Я вывучаў, раіўся і з дзясятка прапанаваных кандыдатур выбраў Кубракова. Па-першае, у нас больш-менш складаная сітуацыя ў Мінску, ёю давядзецца займацца, ты ў тэме. Вядома, не адзін будзеш займацца, там будзе начальнік ГУУС, якому ты напэўна не будзеш перашкаджаць працаваць, таму што сам толькі што прайшоў гэты ўзровень, - сказаў Прэзідэнт. - З іншага боку, у цябе ўжо вопыт. Калі новаму начальніку ён спатрэбіцца, ты яго перадаш".
Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў, што на гэты раз у яго быў шырокі выбар кандыдатур, паколькі за апошні час вырасла новае пакаленне прадстаўнікоў сілавога блока, дастойных, каб займаць высокія дзяржаўныя пасады. "З'явілася шмат новых кандыдатур, якім крыху за 40, да 50. Гэта добра. Раней у мяне была вельмі вялікая праблема: на высокія пасады, нават не генеральскія, проста цяжка было знайсці (кандыдата. - Заўвага). Падраслі маладыя хлопцы, сапраўдныя патрыёты", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што Іван Кубракоў добра знаёмы з Аляксандрам Барсуковым, які да гэтага часу працаваў Намеснікам Міністра ўнутраных спраў, а сёння назначаны памочнікам Прэзідэнта па Мінску. "У яго (памочніка па Мінску. - Заўвага) задача працаваць у кантакце, не перашкаджаючы нікому. Ты ведаеш, ён вопытны, адданы справе чалавек. Складзецца добры такі кулак людзей, якія добра разумеюць адзін аднаго. А Наталля Іванаўна (Качанава. - Заўвага) як упаўнаважаны па Мінску ўжо будзе разводзіць, зводзіць, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Барсукоў, думаю, будзе для цябе добрай апорай. Рэўнасць ён перажыве, таму што ты за ім заўсёды ішоў па пятах, а тут - сам Міністрам стаў. Але ён будзе ганарыцца, што яго добры сябар і калега па службе сёння Міністр".
"Задума ў мяне была, каб стварыць сплаў вопыту, адданасці, патрыятызму, таленту. І я вельмі спадзяюся, што ў вас гэта работа атрымаецца", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка, прымаючы кадравыя рашэнні, пракаменціраваў грамадска-палітычную абстаноўку ў суседніх краінах - Польшчы, Літве і Украіне.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ва ўсіх названых краінах ёсць значныя праблемы ў адносінах паміж насельніцтвам і ўладай, якія часам выліваюцца ў вулічныя пратэсты. У прыватнасці, Прэзідэнт падрабязна спыніўся на сітуацыі ў Польшчы. "Яны хацелі ў нас рэвалюцыю ўчыніць, нават не рэвалюцыю, а мяцеж, а атрымалі самі. Там сітуацыя няпростая, і яна проста так не вылезе. Там не адмарозкі ўзняліся, а ўзняліся жанчыны, і зразумела, за што ўзняліся. Там узняліся сяляне, і яны ведаюць, за што ўзняліся. Там рабочыя ўзняліся, ведаюць за што, дзяржслужачыя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Жанчыны ўзняліся і пачалі пратэставаць не таму, што толькі аборты (забаранілі. - Заўвага). Гэта быў спускавы кручок. Дуда перамог у Польшчы, сфальсіфікаваўшы выбары. Там нават працэнта перавагі не было. Сфальсіфікаваў. І адтуль усё пачалося. Яны хацелі стрэлкі перавесці на нас. А палякі не дурні, і там гэта (пратэсты. - Заўвага) усё пачалося".
Акрамя таго, у Польшчы назбіраліся і эканамічныя праблемы. "Так, там ёсць кучка багатых, але колькі там бедных. І разрыў паміж беднатой і багатымі велізарны. Гэта самае небяспечнае для любой дзяржавы. Гэта ўсё ў кучу сабралося, а далей - спускавы кручок: для сялян - пушніна, для жанчын - аборты. Гэта была падстава ўжо. А там даўно ўжо рэвалюцыя выспявала, і я ім аб гэтым гаварыў: не лезце ў чужы агарод, разбярыцеся ў сябе. Не, палезлі", - дадаў Прэзідэнт.
Гаворачы пра сітуацыю ў Літве і вынікі парламенцкіх выбараў, што прайшлі там нядаўна, беларускі лідар сказаў: "Апазіцыя выйграла выбары. Вось умяшаліся ў Беларусь - страцілі ўладу". Напрыклад, не прайшла ў новы парламент партыя, ад якой балаціраваўся кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус, які не раз выступаў з крытычнымі заявамі адносна Беларусі.
"А што ва Украіне адбылося, наш сябар Валодзя Зяленскі? - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Поўнае паражэнне на выбарах у мясцовае самакіраванне".
"Таму не трэба ў суседа кідаць камяні, не трэба ў наш агарод лезці. Разбярыцеся ў сябе. Трэба заўсёды быць сумленным, надзейным для суседа, адданым сваёй краіне і шчырым", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.