Разгляд кадравых пытанняў
- 21
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 верасня разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Муравейку Паўла Мікалаевіча - Намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
Якоўчыца Аляксандра Уладзіміравіча - Міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю;
Баско Дзмітрыя Вікенцьевіча - Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі;
Дзьячэнку Алега Віктаравіча - Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей;
Белага Уладзіміра Уладзіміравіча - начальнікам Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першым намеснікам Міністра абароны;
Чаркаскага Яраслава Віктаравіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ў Іарданскім Хашыміцкім Каралеўстве;
Кунцэвіча Андрэя Міхайлавіча - дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў;
Сяліцкага Віктара Францавіча - першым намеснікам Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Дубавец Ірыны Віктараўны - старшынёй Гарадоцкага райвыканкама;
Карталеўскага Віталя Пятровіча - старшынёй Талачынскага райвыканкама;
Сасіновіча Дзмітрыя Мікалаевіча - старшынёй Клецкага райвыканкама;
Дамашэвіча Івана Віктаравіча - старшынёй Капыльскага райвыканкама;
Алішэвіч Жанны Леанідаўны - старшынёй Любанскага райвыканкама;
Платуна Віталя Віктаравіча - старшынёй Слуцкага райвыканкама;
Праташчыка Аляксандра Сяргеевіча - старшынёй Старадарожскага райвыканкама;
Анжэнкі Аляксандра Мікалаевіча - старшынёй Клімавіцкага райвыканкама;
Строка Мікалая Мікалаевіча - кіраўніком адміністрацыі Партызанскага раёна г.Мінска;
Драгуна Аляксандра Мікалаевіча - кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна г. Мінска;
Гунько Сяргея Марцінавіча - генеральным дырэктарам Беларускага дзяржаўнага аб'яднання па нарыхтоўцы, перапрацоўцы і пастаўцы лому і адходаў чорных і каляровых металаў - генеральным дырэктарам ААТ "Белдругасчормет";
Шаўцовай Таццяны Мікалаеўны - першым намеснікам Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю;
Езерскага Дзяніса Уладзіміравіча - першым намеснікам Міністра інфармацыі;
Сідарэнкі Аляксандра Пятровіча - першым намеснікам Міністра культуры;
Стасюкевіча Аляксея Кірылавіча - першым намеснікам Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;
Глаза Аляксея Валер'евіча - намеснікам Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;
Шкрэбція Сяргея Андрэевіча - начальнікам Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
Харытончыка Дзмітрыя Іванавіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Казані (Расійская Федэрацыя);
Болатава Ігара Уладзіміравіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Новасібірску (Расійская Федэрацыя);
Паўлюшчанкі Ігара Аляксандравіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Растове-на-Доне (Расійская Федэрацыя);
Шалімава Аляксандра Аляксандравіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Чунцыне (Кітайская Народная Рэспубліка);
Логвіна Аляксандра Мікалаевіча - кіраўніком спраў Мінскага аблвыканкама.
Прымаючы рашэнне аб назначэнні новага Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што кандыдатуру Паўла Муравейкі на гэту пасаду яму ніхто не рэкамендаваў, гэта была яго асабістая прапанова і рашэнне, часткова нечаканае як для цяперашняга кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, так і для Дзяржсакратарыята Савета бяспекі, ваенных. "Таму будзьце свабодныя ад усіх", - сказаў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што гэта кадравае рашэнне накіравана на тое, каб атрымаць альтэрнатыўны пункт гледжання на сітуацыю ва Узброеных Сілах ад вопытнага, прафесійнага чалавека. "Альтэрнатыўны, канкурэнтны пункт гледжання павінен існаваць на самым высокім узроўні. Гэта мне трэба. Я хачу, каб нашы Узброеныя Сілы былі гатовы да самых сур'ёзных сутыкненняў, мерапрыемстваў, каб іх пазбегнуць, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Наша мэта адна - абараніць той кавалак зямлі, на якім мы жывём".
На думку Прэзідэнта, Павел Муравейка найлепш падыходзіць для гэтай ролі, таму што ён вопытны сілавік, які дастатковы перыяд часу ўзначальваў Генеральны штаб - структуру, адкуль ідзе кіраванне Узброенымі Сіламі. "У вас яшчэ ёсць і такая адміністрацыйная струнка, нотка", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Усё гэта разам дазволіць, паводле яго слоў, крыху з іншай пазіцыі - з Адміністрацыі Прэзідэнта - зірнуць на тое, як развіваецца сістэма Узброеных Сіл.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў аб магчымых спекуляцыях вакол гэтага кадравага рашэння. "Шмат будзе спекуляцый, пэўных заяў і гэтак далей: "Лукашэнка паддаўся сілавікам, прызначыў у Адміністрацыю Прэзідэнта былога начальніка Генеральнага штаба. Гэта звязана з узмацненнем нейкага там складніка сілавікоў", - прывёў прыклады магчымых укідаў беларускі лідар.
"Калі камусьці выгадна так гаварыць і разважаць, калі ласка. Я абсалютна не супраць. Але тое, што ідзе ўзмацненне гэтага складніка - сілавога сектара і напрамку нашай краіны, - гэта зразумела. Таму што мы бачым, што адбываецца вакол нашай краіны. Мне як Прэзідэнту і Галоўнакамандуючаму Узброенымі Сіламі вельмі важна мець некалькі, калі хочаце, альтэрнатыўных пунктаў гледжання на сітуацыю ў нашых сілавых падраздзяленнях", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Калі хто захоча паспекуляваць, Вы ж да гэтага, Павел Мікалаевіч, гатовы - таму што мы жывём у такім свеце. Кожны сабе на кавалак хлеба зарабляе так, як можа, і нашы збеглыя ў тым ліку, гэта іх справа", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар звярнуў увагу, што ў сувязі з гэтым назначэннем могуць з'явіцца спекуляцыйныя чуткі аб нібыта ангажыраваных дзеяннях. "Калі нехта скажа, што гэта ледзь ці не родны брат Прэзідэнта, той памыляецца, таму што я Вас нават да пасады начальніка Генштаба практычна і не ведаў. І ў мяне наогул такіх падыходаў няма - "свой - чужы". Усе, хто сядзіць за гэтым сталом, не чужыя мне людзі. Вы прайшлі сур'ёзны экзамен, шлях разам са мной", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Гаворачы аб назначэнні Уладзіміра Белага новым кіраўніком Генеральнага штаба Узброеных Сіл, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён будзе пастаянна знаходзіцца ў полі зроку не толькі Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі, але і Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. "Пад сур'ёзным позіркам, можа, недзе і прэсам Прэзідэнта", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Без крыўд. Вы цудоўна ведаеце мае падыходы. Я павінен ведаць усё, што адбываецца ва Узброеных Сілах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт арыентаваў новага начальніка Генштаба на работу ў цесным кантакце з Паўлам Муравейкам, рэкамендаваў пераймаць вопыт і вучыцца.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што перад тым, як назначыць Уладзіміра Белага на гэту сур'ёзную пасаду, разглядаў некалькі кандыдатур і некаторы час вагаўся. "Але зразумеў, што, напэўна, гэта нядрэнная кандыдатура", - сказаў Кіраўнік дзяржавы і спытаў, якое меркаванне наконт гэтага ў Паўла Муравейкі.
"Выдатная кандыдатура, - адказаў ён. - Узважаны чалавек, які зойме дастойнае месца, будзе вашай апорай і падтрымкай".
"Але з сённяшняга дня ты павінен больш крытыкаваць, чым хваліць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка ў прадаўжэнне дыялогу з новым Намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы пагадзіўся з меркаваннем, што Уладзімір Белы - чалавек разумны, які "не будзе бегаць, канкурыраваць з іншымі генераламі".
Перад кіраўніком МАРТ Аляксандрам Якоўчыцам Прэзідэнт паставіў задачу канчатковага ўрэгулявання пытанняў цэнаўтварэння.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ведае аб рабоце Аляксандра Якоўчыца на пасадзе намесніка Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, лічыць яго дасведчаным спецыялістам, які разбіраецца ў тым, што адбываецца ў сферы забеспячэння харчовай бяспекі, аграпрамысловым комплексе, добра ведае экспартны патэнцыял краіны.
У ліку прыярытэтных задач для новага міністра Прэзідэнт абазначыў пытанні цэнаўтварэння, у першую чаргу на айчынную прадукцыю.
"Зямля і лес - гэта Богам дадзеныя для нас рэсурсы, якія мы павінны выкарыстоўваць як належыць. Я вельмі спадзяюся, што вы ўнікнеце ў абстаноўку, якая складваецца ў Міністэрстве гандлю (і антыманапольнага рэгулявання. - Заўвага) і зробіце нямала, каб людзі ніколі больш не ставілі пытанне аб цэнаўтварэнні ў Беларусі - на прадукты харчавання, адзенне і гэтак далей", - сказаў Прэзідэнт.
Назначаючы Дзмітрыя Баско Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў важнасць даверанага яму напрамку. "Гэта і рынкі, і абарона нашых рынкаў, і пашырэнне нашых тавараў. Спадзяюся, Вы з гэтым напрамкам справіцеся", - сказаў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу новага Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Алега Дзьячэнкі, што ў Беларусі нядрэнная сітуацыя ў тых сферах, якімі давядзецца займацца Алегу Дзьячэнку, і гэты стан спраў трэба абавязкова захаваць у будучым.
"Мір, мір і толькі мір паміж рознымі канфесіямі. Беларусь - гэта замес усіх канфесій і нацыянальнасцей. Ідзі разбярыся, якая ў цябе або ў мяне ў жылах цячэ кроў. Нам гэта трэба? Не, і мы ніколі не разбяромся. Самае галоўнае - гэтым і займацца не трэба", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Добрая, нармальная, разумная, перадавая нацыя беларусаў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нічога дзяліць не трэба".
"Вельмі спадзяюся, што будзе нармальная сітуацыя ў гэтым плане, і вы возьмеце ўсё лепшае, што было, каб далей працаваць як належыць", - звярнуўся Прэзідэнт да новага Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей.
Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да гендырэктара "Белдругасчормета" Сяргея Гунько, крытычна адазваўся аб цяперашнім стане спраў са зборам і перапрацоўкай другаснай сыравіны.
"Сітуацыя, якая складваецца ў нас у краіне ў гэтай сферы, недапушчальная, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да новага кіраўніка. - Мы павінны другасныя рэсурсы выкарыстоўваць, як у Швейцарыі. Я больш ад вас нічога не патрабую. Зрабіце як у Швейцарыі. Гэта велізарны рэзерв для нашай эканомікі. Што рабіць - вы ведаеце лепш за мяне".
Новага дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Андрэя Кунцэвіча Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што "спуску ніякага не будзе", таксама як і ніякіх адступленняў ад раней вызначаных функцый і задач самога інстытута.
"БІСД павінен быць інстытутам стратэгічных даследаванняў, - звярнуў увагу Прэзідэнт, зрабіўшы асаблівы акцэнт на слове "стратэгічных". - Я гэта падкрэсліваю асобна".
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што дзейнасць БІСД у краіне стане больш прыкметнай і важкай. "Вельмі хацелася б бачыць гэты інстытут. У тым ліку і тое, што ён можа канкурыраваць і з прэс-службай Прэзідэнта, і з Адміністрацыяй Прэзідэнта па вызначаных напрамках. І каб інстытут быў такой апорай у нашай дзейнасці на ідэалагічным фронце".
Падводзячы вынікі сказанаму, Аляксандр Лукашэнка абазначыў галоўнае патрабаванне для назначаных упраўленцаў: рухацца наперад, не стаяць на месцы.
"Назначэнні знакавыя, вельмі важныя для краіны - па ўсіх напрамках без выключэння", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Вы вопытныя людзі. Па сваіх напрамках ведаеце, што трэба рабіць. Дзейнічайце. Каб вы былі бачныя і заўважныя. Таму што ў вас пасады вельмі значныя", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Галоўнае - трэба дзейнічаць, трэба рухацца наперад, не стаяць на месцы. Час такі. Будзем рухацца, паспеем туды, куды хочам, першымі - значыць, будзе вынік. Спазнімся - будзем таптацца ў хвасце", - падкрэсліў беларускі лідар.
Узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, Аляксандр Лукашэнка абазначыў шэраг прыярытэтных задач, якія ім трэба вырашаць на сваіх новых пасадах. І шмат у чым гэта датычыцца сферы сельскай гаспадаркі.
У прыватнасці, ён указаў на неабходнасць прытрымлівацца разумнага падыходу ў аб'яднанні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Размова аб гэтым зайшла на прыкладзе сельгаспрадпрыемства "Гавяды-агра" ў Шклоўскім раёне, дзе цяпер па даручэнні Кіраўніка дзяржавы выбудоўваюць аптымальную схему для павышэння тэхналагічнай і арганізацыйнай кіруемасці. Раней пры ўзбуйненні гаспадаркі за кошт далучэння да яе некалькіх суседніх гэтаму пытанню не было ўдзелена належнай увагі. У выніку ў "Гавяды-агра" не было начальнікаў участкаў, якія, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, з'яўляюцца ключавым звяном у эфектыўным кіраванні такімі буйнымі сельгасаб'яднаннямі.
"У нас жаданне з'явілася аб'ядноўваць гаспадаркі. Часам аб'ядноўваем, скідваючы (інакш не назавеш) у гэта аб'яднанне неперспектыўныя, стратныя гаспадаркі. Што мы ад гэтага атрымаем? Каму трэба гэта аб'яднанне? - задаў заканамернае пытанне Кіраўнік дзяржавы. - Аб'яднанне не ёсць заўсёды добра. Таму не спяшайцеся, будучы старшынямі райвыканкамаў, гэта рабіць. Калі невялікая гаспадарка эфектыўна працуе, не вешайце гіры да яе ног у выглядзе стратных гаспадарак. Загубіце нармальную гаспадарку".
Ён звярнуў увагу на вопыт работы фермерскіх гаспадарак, якія паказваюць добрыя вынікі на значна меншых участках зямлі. "Чаму мы не можам? Трэба знайсці прычыну і прыняць адпаведныя меры. Гэта першае, вельмі важнае - арганізацыйная пабудова нашых гаспадарак, асабліва аб'яднаных, у якіх няма школы і практыкі работы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць захавання інфраструктуры сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія ўвайшлі ў склад буйнейшых сельгасаб'яднанняў. Недапушчальна, калі машынныя двары ў невялікіх гаспадарках закрываюцца, у выніку чаго тэхніку даводзіцца везці на рамонт за некалькі дзясяткаў кіламетраў.
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў: хоць сярод назначэнняў нямала аграрыяў, работнікі прамысловасці таксама аказваюць дапамогу сялу. Адным з прыкладаў такога ўзаемадзеяння можна назваць ужо згаданае сельгаспрадпрыемства "Гавяды-агра", да мадэрнізацыі якога прыцягнуты прамысловыя арганізацыі Магілёва.
"Гэта правільна. Калі нехта тыдзень восенню і тыдзень вясной акажа падтрымку сялянам, нічога страшнага. Усе мы сваімі каранямі - сяляне. Таму трэба дапамагаць, - перакананы беларускі лідар. - Сяло мы спустошылі парадкам апошнім часам, асабліва што датычыцца рабочай сілы. Трэба аддаваць даўгі, як мы заўсёды аб гэтым гаварылі".
Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб прадаўжэнні ўборачнай кампаніі і звязаным з ёй вялікім аб'ёмам работ. "Калі нехта думае, што ўборачная кампанія завяршылася, той проста не аграрый. Мы прайшлі толькі палову, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Не расслабляйцеся, патрэбна мабілізацыя, і вельмі сур'ёзная. Я проста паўтараю гэта, каб вы разумелі, які каласальны аб'ём работ нам трэба яшчэ ажыццявіць".
У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу, што трэба завяршыць уборку шэрага сельскагаспадарчых культур. "Ільнотраста на полі - яе трэба ўбраць, каб не згніла канчаткова. У нас палова буракоў - гэта каля 2,5 млн тон у полі. У нас яшчэ хоць трошкі, але бульба засталася. У нас яшчэ агароднінныя культуры ў полі. Ідзе нарыхтоўка сіласу з кукурузы і ўборка кукурузы на зерне. Уяўляеце, які фронт? Таму я нават баюся гаварыць, што мы прайшлі палову летне-асенніх работ, якія павінны прайсці", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы зноў заклікаў беларусаў купляць пустуючыя дамы і зямельныя ўчасткі ў сельскай мясцовасці, паварочваючыся тварам да сяла. "Расіяне мяне пачулі, і не толькі расіяне - з балтыйскіх дзяржаў, Украіны, беларусы - не. Я гаварыў: "Людзі добрыя, вы паглядзіце, колькі пустуючых сядзіб". Як-ніяк да іх можна пад'ехаць, нават на хутары. У кожнага беларуса павінен быць такі ўчастак, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Навядзіце парадак навокал, каб плот быў, каб дом выглядаў добра і, самае галоўнае, каб зямля была ўзаранай. Потым гэта будзе каштаваць шалёныя грошы".
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра "ізбінг". Гэта новы напрамак у турызме, які мае на мэце адпачынак у сельскім антуражы і традыцыйных драўляных хатах. "Як я гавару, расіяне пачулі: рух (я здзівіўся, калі пачуў) называецца "ізбінг". Хату купляюць нейкую, 40-50 сотак. Беларусь - развітая краіна, лагістыка цудоўная, дарогі ўсюды ёсць. Можна на любую трасу выехаць", - сказаў ён.
"Галоўнае, што ты і твае дзеці басанож па зямлі хаця б паходзяць. Гэта велізарны фактар выхаваўчай работы для нашых дзяцей, якія сядзяць у розных гаджэтах, - дадаў Прэзідэнт. - Трэба людзей да гэтага далучаць. Няхай яны апрацоўваюць гэтыя ўчасткі. У іх будзе, прынамсі, свой сад, куды дзеці могуць пайсці і яблык з'есці. І хацелася б, каб не толькі іншаземцы жылі на гэтых кавалачках зямлі, але і нашы беларусы".
Ён звярнуў увагу і на той факт, што буйныя прадпрыемствы не заўсёды апрацоўваюць невялікія кавалачкі зямлі, у выніку чаго яны проста зарастаюць пустазеллем. У той жа час людзі, якія купляюць такі ўчастак, могуць апрацаваць яго сваімі сіламі, тым самым вярнуўшы зямлю ў абарот.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу кіраўнікоў, што ўжо ў бліжэйшы час яны прыйдуць у новыя калектывы, будзе неабходна вырашаць задачы, якія стаяць перад рэгіёнамі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даў такі наказ у частцы кадравай работы: "Часта, назначаючы людзей, я ім кажу: дайце шанц усім тым, з кім вы будзеце заўтра працаваць. Але гэтыя людзі павінны разумець, што часу, каб назіраць за імі, вывучаць, як яны будуць працаваць, няма. Яны павінны выдаваць вынік. Калі выніку няма, вы бачыце, што чалавек не бяжыць - значыць, яго трэба адвесці ў бок, каб ён не перашкаджаў вам бегчы, каб вы не адсталі. Адстанеце - тыя, хто за вамі бяжыць, затопчуць вас".
"Не забывайце: іншых людзей у нас не будзе. Старшыні райвыканкамаў (сёння няма райкамаў партыі, абкамаў) павінны працаваць з людзьмі. З людзьмі трэба сустракацца, размаўляць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Будзьце вельмі акуратныя, цярплівыя, не крыўдзіце людзей".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што часам і да яго звяртаюцца праз сродкі масавай інфармацыі і сацыяльныя сеткі з той ці іншай просьбай. Калі размова ідзе аб сур'ёзных пытаннях, на такія звароты ідзе рэакцыя. Аднак часам гэта датычыцца элементарных бытавых рэчаў. "Я цярпліва да гэтага стаўлюся, разумеючы, што іншых людзей не будзе. На нешта рэагую, калі гэта датычыцца лёсу або жыцця чалавека. На нешта не звяртаю ўвагі - напрыклад, калі чалавек піша, што яго прымушаюць абкасіць яго ўчастак. Чакаеце, што я туды прыеду даглядаць гэты ўчастак? Не", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму напружвайце людзей там, дзе яны павінны напружвацца, рабіць сваю справу, ажыццяўляць сваю работу. Але калі чалавек мае патрэбу ў дапамозе, акажыце гэту дапамогу і падтрымку", - даваў наказ ён кіраўнікам мясцовых органаў улады.
Кіраўнік дзяржавы асобна спыніўся на важнасці такіх складнікаў работы старшыні райвыканкама, як кадры і ідэалогія. "Асабліва кадры. Любы прыватнік, які стварыў прадпрыемства, павінен узгадняць з вамі кадравую палітыку. Без вашай згоды не павінна адбывацца нічога ў кадравых адносінах. Унікайце ва ўсё, дзяржава павінна прысутнічаць усюды, - заявіў ён. - Там, дзе мы бачым, кіруем і патрабуем, каб было так, як трэба, ёсць вынік. Там, дзе дзяржава не бачыць праблем, яны будуць існаваць заўсёды".

