Разгляд кадравых пытанняў

  • 28
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 сакавіка разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Матусевіча Дзмітрыя Феафанавіча - Намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

Ягорава Аляксандра Андрэевіча - першым намеснікам Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь;

Белага Ігара Георгіевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і па сумяшчальніцтве ў Дзяржаве Кувейт;

Бубена Анатоля Анатольевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова;

Андрэева Андрэя Уладзіміравіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Бразілія і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Парагвай і Усходняй Рэспубліцы Уругвай;

Амбразевіча Юрыя Георгіевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь пры Святым Прастоле;

Жыгарава Цімафея Пятровіча - першым намеснікам Старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта;

Яркаўца Аляксея Іванавіча - намеснікам Старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта;

Глаза Анатоля Анатольевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Ірак па сумяшчальніцтве.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Панцюховай Ксеніі Аляксандраўны - намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама (эканоміка, прамысловасць);

Чарткова Сяргея Валер'евіча - старшынёй Магілёўскага гарвыканкама;

Крыцкага Міхаіла Леанідавіча - старшынёй Бабруйскага райвыканкама;

Шарая Аляксея Сцяпанавіча - старшынёй Крычаўскага райвыканкама;

Багеля Івана Аляксандравіча - старшынёй Круглянскага райвыканкама;

Янковіча Сяргея Юр'евіча - кіраўніком адміністрацыі Навабеліцкага раёна г. Гомеля;

Рубанава Сяргея Віктаравіча - кіраўніком адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска;

Шагідзевіча Арцёма Артуравіча - кіраўніком адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска;

Сямёнава Дзмітрыя Сяргеевіча - генеральным дырэктарам РУП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм";

Юрчанкі Дзяніса Аляксандравіча - генеральным дырэктарам РУП "Кіруючая кампанія холдынга "Беларуская шкляная кампанія";

Казакова Мікалая Мікалаевіча - рэктарам УА "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту";

Сякрэты Ігара Віктаравіча - намеснікам Міністра замежных спраў;

Мірончыка Дзмітрыя Леанідавіча - начальнікам упраўлення знешняй палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

Сокала Ігара Сяргеевіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г. Уладзівасток (Расійская Федэрацыя);

Чычука Сяргея Мікалаевіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г. Екацярынбург (Расійская Федэрацыя);

Швеца Алега Дзмітрыевіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г. Ніжні Ноўгарад (Расійская Федэрацыя);

Васючэнкі Аляксея Анатольевіча - кіраўніком спраў Гомельскага аблвыканкама.

Назначаючы Дзмітрыя Матусевіча на пасаду Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Тут работа не цяжэйшая, чым цяперашняя твая (Дзмітрый Матусевіч да гэтага часу займаў пасаду старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. - Заўвага). Але гарачая скавародка, як я гавару. Усё не проста. Не цяжэйшая работа, але ўлады больш і адказнасць большая. І невядома, за каго і калі атрымаць можаш, па-мужчынску кажучы".

У цэлым ён адзначыў, што Дзмітрый Матусевіч чалавек падрыхтаваны, і пажадаў яму поспехаў на новай пасадзе.

У сваю чаргу Аляксандра Ягорава, які пасля работы ў Адміністрацыі Прэзідэнта (яшчэ раней ён узначальваў Банк развіцця) пераходзіць на працу ў кіраўніцтва Нацбанка, Аляксандр Лукашэнка даручыў максімальна загрузіць.

"Каб галава не закружылася ад такой кар'еры, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я толькі што абмяркоўваў, пра цябе гаварылі. Ну, загрузіць трэба максімальна. І нават неўласцівымі пытаннямі для Нацыянальнага банка. Як чалавека, які прайшоў няхай хутка, але значныя ўзроўні".

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, які прысутнічаў пры назначэнні, наконт гэтага заўважыў: "На ім шмат персанальных праектаў, якія ён павінен давесці да канца, нягледзячы на пасаду".

"Чапляючыся за гэтыя праекты, нават калі давядзе, яшчэ падкінуць яму пару праектаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Ягораў адказаў, што будзе толькі рады такому развіццю падзей.

"Мы не забылі і не забудзем, што ты працаваў у іншых органах і з цябе можна "выціснуць" яшчэ штосьці большае", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Нацыянальным банку работы шмат. "Я з вамі сустрэнуся ў бліжэйшы час, калі вы будзеце з Галоўчанкам (Старшыня Праўлення Нацбанка. - Заўвага) гатовы да гэтага. Запросім вярхі. Не толькі праўленне, начальнікаў упраўленняў якіх-небудзь і гэтак далей. Гэта ваша справа. Каб яны разумелі, што гэта ж не вы там прыйшлі і пачынаеце варушыць цэнтральны банк. Зразумела, давядзецца паварушыць крыху іх", - сказаў ён.

"Яны, вядома, малайцы ў Нацыянальным банку. У цяжкія часы, будзем шчыра гаварыць, яны не схібілі. Як бы там ні было, хто чагосьці думае - не думае, але яны многае зрабілі для краіны. Таму я і гавару: вам і Калаура (экс-старшыню Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Паўла Калаура. - Заўвага) не трэба страціць. Трэба, каб ён заўсёды пад рукой быў. Прыміце вы яго парады, не, але ён свой пункт гледжання выкажа. Ён добры банкір, - заявіў беларускі лідар. - Час жа настае, усё роўна трэба, каб новае пакаленне, я ж гаварыў пра гэта, прыходзіла да кіравання краінай".

Гаворачы аб сваіх патрабаваннях да банкаўскай сферы і чаканнях ад новага складу кіраўніцтва Нацбанка, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што больш падрабязна ўсе гэтыя пытанні будуць абмеркаваны ў час анансаванай сустрэчы, але сказаў пра галоўнае.

"Я пра гэта ўжо ў Расіі сказаў на перагаворах. Для нас важна, каб парадак быў у банкаўскай сістэме, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта нармальна, гэта добра - цэнтральны банк не павінен залежаць ужо моцна ад Урада. Але ў нас сістэма выпрацавана. Калі з Урадам няма кантактаў і агульнага нейкага пункту гледжання, падыходаў - ёсць Прэзідэнт для гэтага, які прымае рашэнні. Дзякуй богу, больш-менш, нягледзячы на нейкія супярэчнасці, сітуацыя ў нас была нармальнай. І Калаур, і Галоўчанка (Павел Калаур і Раман Галоўчанка, якія да нядаўняга часу ўзначальвалі адпаведна Нацбанк і Урад. - Заўвага) знаходзілі агульную мову - Урад і Праўленне цэнтральнага банка".

Асобна Аляксандр Лукашэнка згадаў пра работу камерцыйных банкаў і іх узаемасувязь з рэгулятарам - Нацбанкам. "Чаму Галоўчанка і Ягораў (назначаны ў кіраўніцтва Нацбанка. - Заўвага)? Парадак трэба навесці ў гэтым. Камерцыйныя банкі - яны не павінны быць краінай у краіне", - растлумачыў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што кіраўніцтва Нацбанка павінна мець сур'ёзны ўплыў на камерцыйныя банкі: "Яны павінны дакладна. Калі ўжо зусім не падпарадкоўвацца па ўсіх напрамках цэнтральнаму банку, таму што ў нас адпаведнае заканадаўства... Дарэчы, яго трэба таксама прывесці ў адпаведнасць з нашым жыццём, таму вам трэба заняцца".

"Не павінна так, што ніхто нікому не падпарадкаваны, ніхто ні перад кім не нясе ніякіх абавязацельстваў. Я ўпэўнены, што гэта вось проста нам навязвалі гэту ідэю. Мы яе не прынялі па вялікім рахунку. Але ў банкаўскай сістэме ёсць гэтыя разрывы. Трэба, каб сістэма была кіруемай", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адрэагаваў на некаторыя ўкіды, што новае кіраўніцтва Нацбанка ўключыць друкарскі станок і павялічыць эмісію. "Некаторыя тут пачалі вякаць: ну, прыйшлі тут Галоўчанка з Ягоравым (у кіраўніцтва Нацбанка. - Заўвага) - яны тут цяпер станок уключаць. Ды ў іх няма станка. Станок у мяне вунь стаіць за кабінетам, ён ужо заржавеў, - адназначна, але з доляй гумару заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Ніхто... Слухайце, мы не тая краіна, каб сёння ўключыць станок і пачаць друкаваць грошы. Гэта заўтра імгненна выльецца ў інфляцыю. Таму тысячу разоў трэба па баках паглядзець. І ніхто ніякія станкі ўключаць не збіраецца, таму што ў нас і сітуацыя не тая, каб уключыць. Больш-менш сітуацыя нармальная ў краіне".

"Так, мы залежым ад рынкаў, фінансавая сістэма залежыць, зразумела. Але ўсё ж такі мы навучыліся неяк баланс трымаць. Таму, ну зразумела, хочуць (апаненты. - Заўвага) узбударажыць насельніцтва, што вось заўтра пойдзе інфляцыя, мы тут пачнём абясцэньваць нашу нацыянальную валюту і гэтак далей. Мы самагубствам займацца не збіраемся", - падкрэсліў беларускі лідар.

Узгадняючы назначэнне Дзяніса Юрчанкі генеральным дырэктарам РУП "Кіруючая кампанія холдынга "Беларуская шкляная кампанія", Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як цяпер наладжана работа холдынга. Дзяніс Юрчанка растлумачыў, што Беларуская шкляная кампанія аб'ядноўвае ўсе дзяржаўныя шкляныя прадпрыемствы краіны. Аднак у Беларусі ёсць яшчэ два прыватныя заводы, якія не ўваходзяць у холдынг.

"Гэта значыць, вы не ў інтарэсах гэтых прыватных прадпрыемстваў працуеце?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы не сапернічаем. У нейкай сферы мы ўзаемадзейнічаем у тым ліку. У нас няма рознагалоссяў, але яны пакуль трымаюцца адасоблена, як прыватныя прадпрыемствы, - расказаў Дзяніс Юрчанка. - А так, вынікі працы Беларускай шкляной кампаніі паказваюць, што не дарэмна вамі было ўзгоднена рашэнне аб аб'яднанні беларускіх шкляных прадпрыемстваў разам для вырашэння асноўных праблем і далейшага развіцця шкляной галіны ў Рэспубліцы Беларусь".

"А па адчуваннях, яны (прыватныя прадпрыемствы. - Заўвага) да вас прыйдуць?" - спытаў Прэзідэнт.

"Я думаю, яны не адмовяцца, калі мы ім прапануем, - адзначыў кіраўнік прадпрыемства. - У нас няма праблем з рэалізацыяй. Мы сумесна забяспечваем унутраны рынак".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сілай у холдынг нікога заганяць не трэба, але і адштурхоўваць прыватнікаў не трэба. "Рэсурсы, сыравіна і іншае - яна ж у вас практычна з адной крыніцы, можна сказаць. Таму чаго канкурыраваць там, дзе трэба дамаўляцца. І гэта не ва ўрон і не на шкоду дзяржаве", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, як наладжаны цяпер экспарт беларускай шкляной прадукцыі.

"З кастрычніка для нас закрыўся еўрапейскі рынак. Але мы змаглі пераарыентавацца на бліжэйшы да нас расійскі рынак і прадаўжаем яго развіваць. Пакуль сітуацыя складваецца нядрэнна", - праінфармаваў Дзяніс Юрчанка.

Узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, Аляксандр Лукашэнка закрануў сітуацыю ў рэгіёнах і нагадаў аб задачах, якія стаяць перад мясцовай уладай.

На пасаду намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама (эканоміка, прамысловасць) узгоднена Ксенія Панцюхова. Да гэтага часу яна кіравала Гомельскім аддзяленнем БелГПП.

"У вобласці будзе складаней: гэта не гандлёва-прамысловая палата, хоць і там хапала спраў. Але вобласць ёсць вобласць. І ўся эканоміка, на што мы сёння робім стаўку", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Гатова да цяжкасцей, вопыт ёсць", - адказала Ксенія Панцюхова.

Прэзідэнт заклікаў яе дзейнічаць смялей і прызнаўся, што заўсёды асцерагаецца назначаць жанчын на "вялікія пасады". "Гэта ж шалёная нагрузка. Дамоў прыйдзі і дагадзі ўсім, а потым ідзі на работу, дзе такі цяжкі груз, асабліва ў гэтай пяцігодцы", - сказаў ён.

"Цяпер жанчыны моцныя", - заявіла Ксенія Панцюхова.

"Я ведаю. Я рады, што ў нас жанчыны ў кіраўніцтве, але заўсёды са шкадаваннем стаўлюся да іх, таму што гэта няпростая работа", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

Генеральны дырэктар Магілёўскага завода ліфтавага машынабудавання Сяргей Чарткоў узгоднены старшынёй Магілёўскага гарвыканкама.

"Гавораць, што дырэктары цяпер моцна трымаюцца за завадскую трубу. Аказваецца, не. Або цябе там "нахілілі", прымусілі?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

"Не. Паступіла прапанова. Я ўсё ўзважыў і вырашыў, што гэта будзе правільна і для рэгіёна, і для свайго асабістага развіцця, - заявіў Сяргей Чарткоў. - Завод цяпер у нармальным стане (за першы квартал чакаецца выкананне ўсіх паказчыкаў па бізнес-плане). Так, год гэты будзе няпросты, але перспектывы выдатныя, я лічу. Таму што ў той жа Расійскай Федэрацыі да 2030 года трэба замяніць 120 тыс. ліфтаў плюс новая будоўля. Плюс Азербайджан, Манголія, Грузія, Узбекістан - ёсць дзе працаваць. Я думаю, з прадпрыемствам будзе ўсё добра. Магілёў таксама дынамічна развіваецца апошнія гады, і спыняцца нельга, трэба рухацца далей".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што добра знаёмы з сям'ёй Сяргея Чарткова, асабліва з яго бацькам. "Ён быў такі капітальны мужык. Гэта быў адзін з тых рэдкіх людзей, якія тады, у савецкі час яшчэ, рызыкнулі пайсці з цяперашнім Прэзідэнтам. Іх было на пальцах пералічыць: баяліся і гэтак далей, - успомніў Аляксандр Лукашэнка. - Я хачу, каб ты працаваў сумленна і па-сапраўднаму. Гэта твой горад. Упэўнены, ты любіш яго. Трэба развіваць Магілёў. Так, ён перспектыўны, растучы, шмат зроблена за апошні час. Але Магілёў адстае ад іншых гарадоў, практычна ад усіх. Можа, так на так з Брэстам. Таму нам трэба даводзіць да ладу і Брэст, і Магілёў, асабліва Магілёў".

Прэзідэнт адзначыў, што ў Магілёва ёсць свая адметнасць. Адносна нядаўна ў горадзе быў прыведзены ў парадак парк Падніколле, цяпер гэта адна з любімых мясцін адпачынку ў магіляўчан. "Яны ганарацца гэтым. Узбярэжжа Дняпра - гэта жамчужына, трэба развіваць і па той бок яго. Ёсць куды людзям выйсці і адпачыць, асабліва, калі такая рака. Мы будзем усяляк садзейнічаць гэтаму, - запэўніў беларускі лідар. - Хацелася б, каб Магілёў быў як Гомель. Прыгажун - Гомель. Там таксама рака. Гродна - гэта наогул асаблівы горад. Я заўсёды гродзенцам зайздросціў".

Ён прызнаўся, што вельмі любіць беларускія абласныя гарады, але Магілёў трэба ўсё ж такі падцягваць. "Ёсць месцы, за якія можна добра зачапіцца (і ўжо зачапіліся), і ў далейшым развіваць Магілёў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога, які таксама з'яўляецца ўпаўнаважаным прадстаўніком кіраўніка дзяржавы ў Магілёўскай вобласці, як у рэгіёне ідуць справы з кадрамі на мясцовым узроўні. Паводле слоў Дзмітрыя Крутога, сітуацыя нармальная, нехта лепш, нехта горш, як і ўсюды.

Кіраваць Бабруйскім райвыканкамам стане гендырэктар РУП "Купалаўскае" - кіруючая кампанія холдынга" Міхаіл Крыцкі. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта прызнаўся, што рашэнне аб яго назначэнні абмяркоўвалася доўга, таксама з улікам пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач. "Але Бабруйскі раён трэба сур'ёзна падцягваць", - падкрэсліў Дзмітрый Крутой.

Ён дадаў, што ў Бабруйскім раёне неабходна рэалізаваць шэраг сур'ёзных інвестыцыйных праектаў па праграме ультрасучаснай свінагадоўлі і вопыт Міхаіла Крыцкага ў сельскай гаспадарцы будзе запатрабаваны. "Ён павінен па-добраму ўзварухнуць, перагледзець усю палітыку і стратэгію развіцця Бабруйскага раёна", - сказаў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

"У вас няма магчымасці некуды адступаць. Нават на паўкроку. Вам трэба выдаваць рэзультат кожны дзень. Вы бачыце, якія надзеі на вас, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Міхаіла Крыцкага. - Я не буду пярэчыць, але майце на ўвазе, што патрэбна дапамога, падтрымка і дзе трэба - кантроль. Майце на ўвазе, што гэта вельмі сур'ёзны раён і сур'ёзнае назначэнне".

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Аляксей Шарай узгоднены на пасаду старшыні Крычаўскага райвыканкама, першы намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама - начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Іван Багель - на пасаду старшыні Круглянскага райвыканкама.

Гэты раён, на думку Дзмітрыя Крутога, таксама страціў дынаміку ў сваім развіцці, а яго базавыя арганізацыі, што ў свой час грымелі на ўсю краіну, завалілі задачы, якія стаялі перад імі. "Людзі гэта, безумоўна, адчуваюць. Зарплаты ніжэйшыя за абласную на 15% і больш, - канстатаваў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Сур'ёзных кропак росту папярэдні старшыня не знайшоў".

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ідуць справы ў Дрыбіне, і даручыў уважліва вывучаць сітуацыю ў раёне. "Мы ж нямала зрабілі, каб з Дрыбіна зрабіць раённы цэнтр. Няхай маленькі гарадок, але раённы цэнтр", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт расказаў аб планах пабываць у Дрыбінскім і Горацкім раёнах і азнаёміцца са станам спраў на месцах.

Дырэктар філіяла "Аўтобусны парк № 6" "Гомельаблаўтатранса" Сяргей Янковіч стане кіраўніком адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля. Аляксей Васючэнка, які займаў гэту пасаду, узгоднены кіраўніком спраў Гомельскага аблвыканкама.

"У Гомелі я таксама пабуду. Паглядзім, што там зроблена, а што - не зроблена. Як і ў Віцебску", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На павышэнне пайшоў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска Сяргей Рубанаў - цяпер ён будзе працаваць на пасадзе кіраўніка адміністрацыі.

Кіраўніком адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска ўзгоднены рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Арцём Шагідзевіч. Прэзідэнт даручыў надоўга не пакідаць гэту пасаду ў акадэміі вакантнай.

"Мы заўсёды ганарыліся тым, што можам рыхтаваць добрых пілотаў, нашых лётчыкаў. Асабліва грамадзянскай авіяцыі. Расіяне нам у гэтым плане заўсёды зайздросцяць. Таму замена павінна быць", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што шэраг кіраўнікоў былі вызвалены са сваіх пасад, аднак калі яны могуць працаваць, іх нельга пакідаць убаку.

"Я не стану перад вамі ставіць нейкія задачы: вы добра ведаеце, чулі пра іх, чаго нам тут мудраваць чарговы раз. Гэта пяцігодка будзе няпростай. Я вельмі хацеў бы, каб вы гэту пяцігодку адпрацавалі", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што Беларусь адкрывае новыя рынкі, аднак трэба варушыцца. "Дзверы мы адкрылі не толькі ў напрамку Расіі і Кітая - вялікая цікавасць сёння ў Інданезіі, М'янме. Паўночная Карэя просіць ужо ў нас пэўны аб'ём нашай прадукцыі. У Афрыцы наогул чакаюць - калі. У Амане мы нядаўна былі - драўніны ў іх няма, прадукты харчавання ім патрэбны. А ў нас што, гэтага няма? Я нават ім прапанаваў: вазьміце Віцебскую вобласць - яны будуць вырабляць для вас і прадукты харчавання, і дрэваапрацоўку арганізуйце. Нядаўна былі іх прадстаўнікі. Таму проста трэба кожнаму варушыцца. Чаму я і прапанаваў у кожным раёне стварыць хаця б па адным прадпрыемстве", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў кіраўнікам райвыканкамаў аб задачах па ўзнаўленні ПМК, "Сельгастэхнікі" і іншых прадпрыемстваў, напрыклад камбікормавых, у якіх маюць патрэбу многія раёны.  

"Усё гэта патрэбна для раёнаў. Гэта трэба ўсё аднаўляць. Палову такіх аб'ектаў мы ўжо аднавілі, але за гэтыя два-тры гады мы павінны аднавіць астатнія. Гэта значыць работы ў кожнага хапае. Трэба, каб у людзей не толькі было рабочае месца, але каб вы былі гаспадарамі, а ў гаспадара заўсёды былі рыдлёўка, граблі, каса і сякера, - вобразна выказаўся Аляксандр Лукашэнка. - Паўнамоцтвы мы не проста на паперы далі, але вы чуеце мае разважанні і трэнд у гэтым напрамку: мы рухаемся да таго, каб у вас больш было правоў і паўнамоцтваў. А каб іх рэалізоўваць і ажыццяўляць, у вас павінна быць не толькі жыллёва-камунальная кантора, але і адпаведныя прамысловыя і іншыя прадпрыемствы".

Не варта забываць і аб прадпрыемствах рэспубліканскага ўзроўню, звярнуў увагу Прэзідэнт. Хоць у іх наогул іншы ўзровень падпарадкавання, аднак працуюць там мясцовыя жыхары. "Не думайце, што яно чужое. Вашы людзі там працуюць, вы за іх адказваеце. Таму вы патрабуйце. Каб парадак, чысціня былі, заробленая плата, збыт прадукцыі. Не забывайце, што гэта ваша зона адказнасці. Не чакайце ў гэтым плане ніякіх указанняў", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.

"І тое, што я гаварыў пры ўступленні на пасаду. Мы паабяцалі людзям. Паабяцалі - трэба зрабіць. Памры, але зрабі. Таму будзем у гэтым напрамку дзейнічаць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка правёў кадравыя перастаноўкі ў пасольствах і МЗС.

"Што датычыцца Малдовы, у нас не будзе там праблем з заменай пасла?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

"Агрэман атрыманы. Усё ў парадку", - запэўніў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой.

Кіраўнік дзяржавы таксама спытаў аб планах былога пасла ў гэтай краіне Анатоля Калініна.

"Мы з ім сустракаліся ў час яго водпуску тут у Мінску. Ён папрасіўся на іншую працу. Калі магчыма, у краіне яму нешта знайсці з улікам яго вялікага вопыту работы і віцэ-прэм'ерам, ведання будаўнічага, жыллёва-камунальнага комплексу", - адказаў Дзмітрый Крутой.

"Трэба паглядзець. Не адпачываць. На пенсію мы нікога адпраўляць не збіраемся. А калі працаваць чалавек хоча, дык работы ў нас хапае. Таму трэба прапанаваць нешта", - пагадзіўся Прэзідэнт.

У Юрыя Амбразевіча, які атрымаў назначэнне паслом у Ватыкан, а да гэтага часу працаваў на пасадзе намесніка Міністра замежных спраў, Аляксандр Лукашэнка спытаў: "Вас што, выціскаюць з міністэрства?"

"Упэўнены, што не", - адказаў Юрый Амбразевіч.

"Ты сам хочаш паехаць паслом? Каб не атрымалася так... У мяне прэтэнзій няма да тваёй работы. Я дэталёва цікавіўся. І западозрыў Крутога з Рыжанковым (Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. - Заўвага), што яны, можа..." - яшчэ раз удакладніў Кіраўнік дзяржавы.

На гэта Юрый Амбразевіч сказаў: "Я зыходжу з таго, што гэта класіка нашай работы, дыпламатычнай службы. Разлічваю, што ўсё складзецца на гэтым новым месцы і далей будзе і далейшае развіццё".

"Ты гэта абсалютна правільна разумееш. Далейшае развіццё будзе. Ты яшчэ зусім малады чалавек і добры дыпламат", - пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка.