Рабочая паездка ў Гродзенскую вобласць

  • 26
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 жніўня ў ходзе рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць наведаў вытворчы кааператыў імя В.І. Крамко. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па дарозе ў Гродзенскі раён, у тым ліку з борта верталёта, ён меў магчымасць ацаніць стан спраў. "Тут, безумоўна, адпачываць трэба", - сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для профільных міністраў і віцэ-прэм'ера гэта ўзор, якой павінна быць сельская гаспадарка ў Беларусі. "Трэба проста паўтарыць тое, што тут ёсць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. 

Разам з тым пасля прыезду ў Гродзенскі раён Прэзідэнт, як ён выказаўся, пачаў з дрэннага. "Па-мойму, вы крыху не спраўляецеся з уборкай саломы і дыскаваннем глебы - лушчэннем іржышча, - сказаў ён. - Бачу, што вы рыхтуеце глебу для сяўбы азімых у цэлым у заходняй Беларусі. Пажадана, каб больш было падрыхтавана глебы пад сяўбу азімых. Калі гатова глеба, тады ў любы момант кнопку націснуў, выехаў механізатар і пасеялі. Галоўнае - рабіць усё своечасова", - сказаў ён. 

Але ў цэлым Кіраўнік дзяржавы пахваліў мясцовых аграрыяў. "Ідэальная работа. Тут вы проста малайцы. І людзі тут адказныя, кіраўнікі моцныя", - падкрэсліў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Гродзенская вобласць была лепшай у Савецкім Саюзе. "Я захапляўся вамі, як вы працуеце. І спрабаваў перацягнуць гэта на самы ўсход. Я вучыўся тут, у Гродзенскай вобласці", - расказаў ён, успамінаючы аб сваім вопыце работы на пасадзе Кіраўніка гаспадаркі.

Гэта ўражанне вельмі адрознівалася ад таго, калі адразу пасля выбрання на пасаду Прэзідэнта Кіраўнік дзяржавы прыехаў у гэты рэгіён. "Першае маё наведванне ў якасці Прэзідэнта - Гродзенская вобласць. Як можна было за паўтара-два гады (пасля развалу СССР. - Заўвага) усё знішчыць. Сэрца крывёй аблівалася", - успомніў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што таму і назначыў тады свайго саперніка на першых выбарах Аляксандра Дубко, які ўзначальваў адну з перадавых гаспадарак, губернатарам Гродзенскай вобласці. "Помню, як было цяжка лепшую ў краіне вобласць прыводзіць да ладу", - расказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў максімальна запоўніць у краіне сховішчы плодаагародніннай прадукцыі, каб у міжсезонне забяспечыць патрэбнасці ўнутранага рынку айчыннай прадукцыяй. 

Гэта тэма была ўзнята пры дакладзе губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка. Кіраўнік дзяржавы гарантаваў, што будуць забяспечаны разлікі за ўсю закладзеную на захоўванне прадукцыю. "Я ў цябе забяру ўсё, што ты пакладзеш у сховішчы. Усе ў краіне павінны быць запоўнены", - падкрэсліў беларускі лідар. 

З другога боку, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць адпаведную прадметную работу з гандлёвымі сеткамі, каб былі заключаны дагаворы на пастаўку айчыннай прадукцыі, а не завозіць зімой і вясной імпартную, уключаючы нават бульбу. 

"Усё будзе куплена і рэалізавана. А гандаль вазьміце за жабры жалезна", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. 

Лішкі сельгаспрадукцыі, што не будзе закладзена на захоўванне, рэалізуюць на экспарт.

Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі растлумачыў сваю ўвагу да азімага ячменю і падкрэсліў, што ён ні ў якім разе нікому не навязвае вырошчванне менавіта гэтай культуры.

"Вы глядзіце, як зручна. Я проста перавагі называю. Не хачу, каб усё пад казырок узялі. Каб не падумалі, што я насаджваю гэту культуру", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Так, ячмень больш далікатная культура, не заўсёды атрымаецца. Але атрымаецца, калі мы тэхналагічна правільна будзем да гэтага падыходзіць", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Адна з пераваг вырошчвання азімага ячменю - ранняя ўборка, магчымасць механізатарам абкатаць тэхніку перад масавым жнівом.

"Традыцыйна ў час уборачнай кампаніі розным напрамкам вёскі ўдзяляецца павышаная ўвага. Сёння, як я раней анансаваў, мы будзем гаварыць пра беларускія сады. Маё глыбокае перакананне: хлеб, мяса, малако, агародніна і, зразумела, фрукты, якія растуць у нашым клімаце, на стале максімальна павінны быць айчыннай вытворчасці. Гэта значыць сваё, беларускае і яшчэ раз сваё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Паводле слоў Прэзідэнта, жыццё шматразова пацвярджала правільнасць такога падыходу. "Нельга сядзець і чакаць, пакуль сюды прывязуць яблык з Польшчы або Малдовы. Як час паказвае, можна і не дачакацца. Таму трэба вырошчваць самім. І, як мы бачылі сёння (у час наведвання вытворчага кааператыва імя В.І. Крамко. - Заўвага), пры гаспадарскім падыходзе і захаванні тэхналогій гэта выдатна атрымліваецца. Прычым не толькі тут, на Гродзеншчыне", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў дапамагчы сельгасвытворцам з рэгіёнаў у продажах сваёй прадукцыі ў Мінску.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такім сельгасвытворцам, тым больш маючым уласную перапрацоўку, трэба дапамагчы ў прысутнасці на сталічным рынку, пасадзейнічаць развіццю сеткі іх фірменнага гандлю. "Такім гаспадаркам, як гэта, якія маюць уласную перапрацоўку і маюць уласны гандаль, ім трэба даваць больш магчымасцей. Я ў адным з даўгабудаў у Мінску даручыў кожнай вобласці аддаць. Калі скажаш, што ў Мінску трэба пару магазінаў або кропак, мы неадкладна арганізуем. Хто хоча, трэба дапамагчы. Мы гэта пытанне вырашым па гандлі", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, гэтым гаспадаркам трэба даваць больш магчымасцей. "Менавіта такія гаспадаркі трэба падтрымаць. Калі будзе жаданне, мы разгледзім і дапаможам. Неадкладна мэру Мінска даручэнне. Мы нават неяк павінны ім выдзеліць месцы, каб яны не будавалі. Яны ўжо няхай унутры што хочуць робяць. А ўжо сцены, столь, дах і інфраструктура трэба, каб у іх былі", - распарадзіўся беларускі лідар.

Ён адзначыў, што Гродна, вядома, у гэтым выпадку добры горад, але ён у цэлым перанасычаны гандлем сельгаспрадукцыяй, а ў Мінску і насельніцтва большае, і высокая пакупная здольнасць.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што цудоўныя сады, як яго пераконваюць, ёсць ва ўсіх рэгіёнах, але іх яўна недастаткова. Прэзідэнт рэгулярна даручае Ураду і аблвыканкамам павялічваць плошчы закладкі прадукцыйных сартоў пладова-ягадных культур, адраджаць сады. Па дзяржаўнай праграме "Аграрны бізнес" з рэспубліканскага бюджэту на гэтыя мэты пастаянна выдзяляюцца немалыя грошы: у прыватнасці, на 2022 год было прадугледжана Br1,6 млн. 

Тым не менш плошча садоў штогод скарачаецца, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. Калі ў 2010 годзе яна складала 40,5 тыс. га, то на пачатак 2022 года - толькі 27 тыс. га. "Плошча скарачаецца, але калі на скарочанай плошчы мы будзем атрымліваць, як у Гродзенскай вобласці, у тры-чатыры разы больш прадукцыі - калі ласка. Але пакуль такога няма, таму трэба і на плошчы глядзець акуратна", - сказаў Прэзідэнт. 

Таксама адзначаецца зніжэнне прадукцыйнасці садоў: напрыклад, за 2021 год у сярэднім па краіне ўраджайнасць пладоў і ягад склала 38,5 ц/га, што на 2 працэнты менш у параўнанні з 2020 годам. 

"У той жа час у сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках - 154, у чатыры разы вышэй. У чым справа? Зразумела, што асобныя паўднёвыя сарты з-за кліматычных умоў не прыжываюцца. Але ў нас ёсць Інстытут пладаводства, тры навуковыя ўстановы, якія займаюцца селекцыйнай работай, а таксама адаптацыяй замежных сартоў да нашых умоў. Паводле інфармацыі Нацыянальнай акадэміі навук, работа па стварэнні новых сартоў ідзе пастаянна. У дзяржаўны рэестр уключана амаль 150 найменняў, з іх каля 50 - гэта яблыні. Усё гэта дае магчымасць у поўным аб'ёме забяспечыць галіну пладаводства ўласным матэрыялам пладовых і ягадных культур", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Акрамя таго, распрацаваны і тэхналагічныя рэгламенты вырошчвання, проста іх трэба выконваць, падкрэсліў Прэзідэнт. "Мы сёння пастаянна гаворым: тэхналогіі, тэхналогіі ўсюды. А садоўніцтва наогул не церпіць парушэння тэхналогій. Там калі нешта не зрабіў, ужо нічога цябе не выратуе", - звярнуў ён увагу. 

Некалі складана было ўявіць, што ў беларускім клімаце будуць расці кавуны, дыні, персікі, буякі, а сёння - калі ласка. І на асабістых падворках, і ў фермерскіх гаспадарках. "Трэба больш актыўна падцягвацца таксама вялікім сельгаспрадпрыемствам", - лічыць Кіраўнік дзяржавы. 

Ён таксама адзначыў, што набліжаецца час уборкі пладоў, паўстае пытанне аб захаванасці ўраджаю. "Так, у канцы лета яблык каштуе няшмат, але зімой, яшчэ лепш вясной, зусім іншая цана. Трэба ўмець захаваць, і вы атрымаеце 150-200 працэнтаў рэнтабельнасці - ніякія вуглевадароды сёння побач не стаялі. Зімовых сартоў у нас дастаткова, і жыхары Беларусі з задавальненнем купяць айчыннае па разумнай цане. А на пастаўках за мяжу мы можам добра зарабіць. Паўстае пытанне: ці хапае сховішчаў? - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. - Без сховішча не трэба развіваць садоўніцтва. Ёсць сховішчы - вырошчвай сады". 

"Я ўжо губернатару тут гаварыў: усё, што вы вырасціце і захочаце прадаць (гэта датычыцца ўсіх губернатараў) павінна быць закантрактавана, гэта значыць заключаны дагаворы з гандлем. Усё павінна быць закантрактавана і прададзена", - запатрабаваў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб сваім даручэнні замацоўваць сады за навучальнымі ўстановамі. Так званыя падшэфныя сады - практыка не новая і некалі добра сябе зарэкамендавала, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Цяпер гэту традыцыю сталі адраджаць. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка думае, што гэта работа праведзена толькі на паперы. "Вось за гэта галавой будзеце несці адказнасць, - папярэдзіў ён. - Таму давайце дамовімся: у справаздачах вынік будзем ацэньваць па галоўным крытэрыі - атрыманым ураджаі пладоў і ягад". 

"Гэта не значыць, што прышкольныя ўчасткі павінны замяніць сады інтэнсіўнага вырошчвання. Гэта не замест. Гэта проста каб нашых дзяцей хоць неяк да зямлі прывучаць, каб яны разумелі, што гэты яблык каштуе грошай, што ён не ў інтэрнэце вырашчаны", - растлумачыў Прэзідэнт. 

Ва Урада і вучоных Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якія меры прымаюцца па закладцы прадукцыйных садоў, як ідзе работа па вывядзенні сучасных сартоў беларускай селекцыі і стварэнні тэхналогій у інтэнсіўным садоўніцтве, наколькі падрыхтаваны сховішчы для вырашчанага ўраджаю і які прагноз па аб'ёмах закладкі прадукцыі на міжсезонне для ўнутранага спажывання, а таксама паставак на экспарт.

Да нарады Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з развіццём садоўніцтва ў Гродзенскім раёне. Прэзідэнт, у прыватнасці, наведаў фруктова-ягадны сад вытворчага кааператыва імя В.І. Крамко. Там яму таксама прадэманстравалі вырашчаную ў гаспадарцы плодаагароднінную прадукцыю і прадукты перапрацоўкі фруктаў, у прыватнасці сок прамога адціскання. 

У гаспадарцы Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся і з тэхналогіямі вырошчвання соі. Мэтазгоднасць яе вырошчвання ў Беларусі апошнім часам не раз абмяркоўвалася на прэзідэнцкіх мерапрыемствах. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што пасевы соі ў краіне, як і сланечніку, неабходна пашыраць. Нават калі і не ў вялікіх маштабах, галоўнае - паспрабаваць, каб у перспектыве, калі гэта акажацца эканамічна мэтазгодным, быць гатовымі да развядзення гэтых культур. 

"Трэба быць гатовым да заўтрашняга дня. Мы будзем тэхналагічна гатовы да гэтага. Умець мы гэта павінны", - перакананы Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў час паездкі ў Гродзенскі раён, дзе ён наведаў вытворчы кааператыў імя В.І.Крамко, сустрэўся з жыхарамі аграгарадка Квасоўка. 

Вяскоўцы сустрэлі Кіраўніка дзяржавы на выхадзе з офіснага будынка вытворчага кааператыва, дзе ён правёў нараду па пытаннях закладкі садоў і забеспячэння ўнутранага рынку плодаагародніннай прадукцыяй. Большая частка жыхароў Квасоўкі працуе на прадпрыемстве.

"Дзякуй вам! Малайцы! І вось тыя кіраўнікі, якія сёння былі (на нарадзе. - Заўвага), - гэта лепшае, што ёсць у краіне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Лепш я нідзе не бачыў. І мы будзем рабіць усё, каб так было ўсюды".