Рабочая паездка ў Мінскую вобласць

  • 9

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць, што развіццё аграэкатурызму ў краіне дапаможа рэанімаваць неперспектыўныя вёскі. Такое меркаванне ён выказаў 22 чэрвеня ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з развіццём аграэкатурызму на прыкладзе аграсядзіб Валожынскага раёна.

"Ёсць у нас вельмі шмат вёсак. Раней іх называлі неперспектыўнымі. А яшчэ хутары, - адзначыў Прэзідэнт. - Чаму б чалавеку, які там вырас або проста бізнесмену і любому жадаючаму не пабудаваць там аграсядзібу? Рэанімаваў бы і вёску". На думку Кіраўніка дзяржавы, мясцовыя жыхары маглі б аказаць дапамогу, прыглядаючы за сядзібамі, падтрымліваючы парадак.

"Я падштурхоўваю людзей да таго, каб яны ішлі і развівалі гэта. Некаторыя так ужо і робяць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што ў далейшым гаспадары такіх аграсядзіб, паступова развіваючы іх, маглі б фарміраваць фермерскія гаспадаркі. "Дапусцім, разводзілі поні, а магчыма, і дзясятак кароў трымалі б. Гэта яшчэ прыйдзе, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я хачу гэтым рэанімаваць нашы вёсачкі. А то аграгарадкі мы пабудавалі, гэта добра, але гэта, лічы, будучы горад, а вось гэтыя вёскі, хутары трэба падняць, наколькі гэта магчыма". Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, некаторыя бізнесмены падтрымалі гэту прапанову і пачалі ўкладаць сродкі ў развіццё тых мясцін, дзе некалі нарадзіліся.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусі як транзітнай дзяржаве трэба больш актыўна развіваць і прыдарожны сэрвіс, аднак не ўзводзячы аб'екты з нуля, а задзейнічаючы бліжэйшыя да трас населеныя пункты. На яго думку, гэта дасць штуршок да пад'ёму невялікіх населеных пунктаў. "Нам не трэба ў чыстым полі на дарогах будаваць гэты сэрвіс. Таму што на кожнай дарозе ў нас праз 35-50 км райцэнтры, і давайце прывязваць да інфраструктуры гэтых райцэнтраў пункты адпачынку, абслугоўвання, запраўкі. Што такое 35 км? А часцей не трэба, яны не будуць заняты. І калі тым самым мы падымем райцэнтры, тады ўжо будзем будаваць на абочынах", - сказаў Прэзідэнт.

У 2006 годзе ў краіне быў прыняты ўказ, што стварае эфектыўныя ўмовы для развіцця аграэкатурызму, якія даюць магчымасць жыхарам сельскай мясцовасці атрымліваць дадатковы даход і садзейнічаюць стварэнню новых рабочых месц, адраджэнню вёсак у цэлым. Дзейнасць у сферы аграэкатурызму лiчыцца не прадпрымальніцкай, а яе суб'екты вызвалены ад падаткаў і плацяць адзін раз у год збор за ажыццяўленне дзейнасці ў памеры базавай велічыні. За апошнія шэсць гадоў колькасць аграсядзіб у краіне павялічылася ў дзесяць разоў (са 188 да 1881). Пры падтрымцы мясцовых органаў улады ў Беларусі ўтвораны 22 агратурыстычныя кластары, што аб'ядноўваюць уладальнікаў сядзіб, арганізацыі грамадскага харчавання, фермерскія гаспадаркі і іншых пастаўшчыкоў паслуг.

Суб'ектам аграэкатурызму на рэалізацыю праектаў прадастаўляецца льготнае крэдытаванне ААТ "Белаграпрамбанк". З пачатку дзеяння гэтай праграмы крэдытнай падтрымкай банка скарыстаўся 471 суб'ект аграэкатурызму на агульную суму амаль Br30 млрд. Астатак крэдытнай запазычанасці на 1 ліпеня 2014 года склаў Br16,5 млрд, у тым ліку пратэрмінаванай - Br24 млн, што сведчыць аб своечасовасці выканання суб'ектамі аграэкатурызму абавязацельстваў перад банкам. 

"Самае галоўнае для нас, што фарміруецца цэлая кагорта ўласнікаў. І гэта не тое, што ў некага адабралі, падзялілі, і з'явілася прыватная ўласнасць, а гэта людзі, якія ўласнымі рукамі ўсё гэта стварылі. І добра, што такія людзі ёсць, і чым іх больш, тым мацнейшая незалежнасць краіны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка агледзеў аграсядзібы, азнаёміўся з тым, якія ўмовы для адпачынку ў іх створаны. Гаспадары сядзіб выказалі ўдзячнасць Кіраўніку дзяржавы за створаныя ў краіне спрыяльныя ўмовы для развіцця аграэкатурызму. Аднак Прэзідэнт заўважыў: "Гэта я вам павінен дзякаваць, што вы ўратоўваеце Беларусь. Угробім гэта - краіны не будзе". Прэзідэнт лічыць, што такі від адпачынку з году ў год будзе ўсё больш запатрабаваны. "Усе хочуць цішыні, усе стаміліся ад гвалту, мітусні. А Беларусь, так аказалася, ціхае месца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.