Рабочая паездка ў Мінскі раён

  • 13
  • 25:17

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 кастрычніка ў ходзе рабочай паездкі ў Мінскі раён азнаёміўся з правядзеннем эксперыменту па павышэнні ўрадлівасці пясчаных глеб і складаных зямель, у тым ліку за кошт выкарыстання арганічных угнаенняў з дабаўленнем торфу і адходаў калійных солей.

Эксперымент праводзіўся на доследным участку плошчай 20 га ў Мінскім раёне. Яго падзялілі на шэсць частак, а перад тым, як пасеяць кукурузу, глебу апрацавалі рознымі спосабамі - без унясення ўгнаенняў і з імі. Прычым выкарыстоўваліся некалькі відаў угнаенняў, у тым ліку як традыцыйныя для айчыннай сельскай гаспадаркі арганічныя і мінеральныя, так і доследныя партыі з торфам і глініста-салявымі шламамі. Распрацоўкай апошніх займаліся Нацыянальная акадэмія навук сумесна з ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі", ДВА "Белпалівагаз" і "Беларуськаліем".

Глініста-салявыя шламы - гэта адходы ад здабычы калійных угнаенняў. Важна, што ў іх захоўваецца пэўны працэнт карысных рэчываў.

Пасля іх унясення на поле пасеялі кукурузу гібрыднага сорту ўніверсальнага прызначэння "Рыкардыніа" і фіксавалі вынікі назірання за ростам і развіццём гэтай культуры, фарміраваннем пачаткаў.

"Вы падзялілі гэта поле на ўчасткі і ўнеслі арганіку разам з гэтымі адходамі з Салігорска. Я прачытаў даклад вучоных. Яны ж назіралі ў розных фазах росту і паспявання. Што я бачу: там, дзе мы ўнеслі гэтыя адходы калійнай вытворчасці з арганікай і нават з торфам, рэзультат лепшы, чым там, дзе мы не ўносілі. Значыць, гэтыя адходы даюць рэзультат. Значыць, там ёсць карысныя рэчывы для раслін", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле папярэдніх вынікаў, найбольш дадатную дынаміку набору зялёнай масы прадэманстравалі расліны на ўчастках, дзе ўносіліся звычайны кампост і кампосты са шламамі. Па меры росту і развіцця вышыня раслін на ўсіх эксперыментальных участках была супараўнальная, але пры гэтым значна перасягала кантрольны ўзор без угнаенняў. Па сярэдняй колькасці пачаткаў на расліну эксперыменты таксама пацвердзілі станоўчы эфект.

Прэзідэнт падкрэсліў, што разам з павышэннем урадлівасці глеб адна з галоўных задач эксперыменту - знайсці прымяненне горам адходаў ад калійнай вытворчасці.

Канчатковыя вывады аб эфектыўнасці распрацаваных кампостаў па выніках гэтага года можна будзе зрабіць пасля ўборкі кукурузы на зерне і падліку атрыманага ўраджаю. Спецыялісты таксама пацвярджаюць, што эксперымент і даследаванні мэтазгодна прадоўжыць, у тым ліку на збожжавых культурах. Рэзультат ужо станоўчы, і гэта відавочна, але Прэзідэнт хоча бачыць дынаміку і разумець, наколькі ён будзе станоўчы па выніках некалькіх сезонаў. "Пытанне ў тым, каб параўнаць, наколькі гэта лепш і гэтак далей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мне патрэбны адказ на пытанне, што будзем рабіць з гэтымі адходамі вакол Салігорска. Мы павінны правесці эксперымент, каб дакладна даць адказ на пытанне, што рабіць з гэтымі шламамі. Тое, што арганіка дасць добры рэзультат, мы гэта ўжо ведаем. Але арганікі не хапае. Калі гэта дасць добры рэзультат, прыкладна як арганіка, тады будзем развозіць гэтыя горы і ўносіць", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы не выключае, што адходы калійнай вытворчасці ў далейшым будуць выкарыстоўвацца для павышэння ўрадлівасці глеб, перш за ўсё ў паўднёвых рэгіёнах, дзе шмат пяскоў: "У нас ёсць куды ўносіць. Будзем уносіць там, дзе ў асноўным пяскі. Калі гэта дасць рэзультат, значыць, добра. Вось у чым сэнс гэтага эксперыменту".

"У выніку: мы мінімум тры гады прадоўжым усё гэта (эксперымент. - Заўвага). Пажадана на складаных палях", - зрабіў вывад Кіраўнік дзяржавы.

Ён папрасіў спецыялістаў рабіць усё адказна па прынцыпе "лепш менш, але дакладна", каб можна было аб'ектыўна ацаніць рэзультат на практыцы. У тым ліку трэба ў наступным годзе некалькі гектараў засеяць і ўнесці выключна шлам без дабаўлення арганікі.

Прэзідэнту таксама далажылі аб асобных планах развіцця агракамбіната "Дзяржынскі", будаўніцтве розных сельгасаб'ектаў у рэгіёнах, завяршэнні сяўбы азімых.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся станам спраў на Аршанскім мясакансервавым камбінаце, які цяпер знаходзіцца ў распараджэнні агракамбіната. Прэзідэнту было даложана, што магутнасці прадпрыемства загружаны ў частцы вытворчасці дзіцячага харчавання і тушонкі. У планах работы па рэканструкцыі і закупцы новага абсталявання. Гэта дасць магчымасць значна павялічыць вытворчасць дзіцячага харчавання, якое ўжо цяпер складае прыкладна 1,5 млн бляшанак у месяц. Чакаецца, што пасля правядзення запланаваных работ магутнасці Аршанскага мясакансервавага камбіната дадуць магчымасць выпускаць 3 млн бляшанак.

"Глядзі толькі за якасцю. Ні ў якім разе не зніжай якасць. Якасць усё роўна возьме сваё. Людзі хочуць якасны тавар, асабліва прадукты харчавання", - папярэдзіў Прэзідэнт гендырэктара агракамбіната Уладзіміра Лук'янава.

Пры вытворчасці прадукцыі на Аршанскім мясакансервавым камбінаце робяць стаўку на ўласную сыравіну. Кіраўнік дзяржавы адобрыў такі падыход, калі сельгаспрадпрыемствы працуюць не па "давальніцкім" прынцыпе, а разлічваюць на свае рэсурсы. "Трэба сваё мець: сыравіну, кармы, мяса, малако", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама распытаў Уладзіміра Лук'янава аб іншых напрамках прадпрыемства ў Оршы. Асобна было даложана аб рабоце забойнага цэха, які быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2022 годзе і спецыялізуецца на перапрацоўцы свініны і ялавічыны. Частка сыравіны, якая не перапрацоўваецца ў дзіцячае харчаванне і тушонку, перадаецца на Віцебскі мясакамбінат, які мае вялікія кампетэнцыі па вытворчасці каўбасных вырабаў.

Акрамя таго, на Аршанскім мясакансервавым камбінаце плануюць пабудаваць цэх па выпуску вільготных кармоў для хатніх жывёл у паўч-пакетах. Работы па яго ўзвядзенні плануецца пачаць вясной 2027 года. На базе гэтага цэха плануецца таксама паставіць паралельную лінію па выпуску сухіх кармоў.

"Попыт ёсць на гэта?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка, на што атрымаў сцвярджальны адказ. Уладзімір Лук'янаў звярнуў увагу на іншы бок пытання: штогод у Беларусь увозяцца кармы для хатніх жывёл на суму каля $150-200 млн. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка зноў звярнуў увагу на важнасць імпартазамяшчэння. "Гэтыя $150 млн трэба забраць. Усё, можа, ты не забярэш, а можа, і забярэш, але не адразу. Але гэта вялікая справа - $150 млн пакінуць у краіне", - падкрэсліў ён.

Яшчэ адзін напрамак работы агракамбіната "Дзяржынскі" - вытворчасць яек. На гэтым сканцэнтравана Аршанская птушкафабрыка. Акрамя таго, у аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна завяршаецца будаўніцтва маштабнага птушкагадоўчага комплексу. Аналагічны праект плануюць рэалізаваць у Оршы.

Прэзідэнту таксама было падрабязна даложана аб развіцці сыравіннай базы агракамбіната "Дзяржынскі" (у прыватнасці, буйной рагатай жывёлы і птушкі) для далейшай загрузкі магутнасцей прадпрыемстваў.

Падчас наведвання Мінскага раёна Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністру сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыю Горлаву не аслабляць націск на рэгіёны па праблеме падзяжу буйной рагатай жывёлы.

Гаворачы аб сферы адказнасці міністра і яго ведамства ў цэлым, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта ў першую чаргу кантроль за выкананнем тэхналогій, раслінаводства гэта або жывёлагадоўля. "Гэта іх справа (у рэгіёнах. - Заўвага), калі сеяць і калі ўбіраць. Не трэба ў гэта ўмешвацца. Трэба кантраляваць тэхналогію. Тэхналогія за табой. Асабліва ўтрымання жывёл. Ты тут павінен быць прафесарам. Гэта твая адукацыя. Ты заатэхнік (Юрый Горлаў пачынаў свой кар'ерны шлях менавіта з гэтай прафесіі. - Заўвага), табе лепш відаць", - сказаў Прэзідэнт.

Міністр у сваю чаргу далажыў, што ў бягучым годзе пабудавана ўжо 533 прафілакторыі для ўтрымання цялят. Менавіта з уводам гэтых аб'ектаў у рэгіёнах звязваюць надзеі на скарачэнне паказчыкаў падзяжу.

"Гэта добра. Але па выніках года паглядзім, што ў цябе з падзяжом. Таму не аслабляй гэты націск на губернатараў, - даручыў Аляксандр Лукашэнка. - Малайцы, што зрабілі. Губернатары тут уперліся па-сапраўднаму. Але глядзі, каб прафілакторыі не пуставалі".

Прэзідэнт у час рабочай паездкі ў Мінскі раён пракаменціраваў пратэсты школьнікаў у Францыі і жорсткія дзеянні сілавікоў.

"Мы не радуемся, я не апладзірую таму, што адбываецца ў Францыі, у адрозненне ад нашых журналістаў. Таму што гэта недапушчальна. Гэта тое ж самае, што ў нас было (у 2020-м годзе. - Заўвага) - палітыкі выкарыстоўваюць дзяцей у палітычных мэтах. Што тут добрага? Вядома, Макрон жорстка гэтыя рэчы спыняе, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Адзінае, за што іх можна папракнуць: чаго ж вы, у нас гэта было для іх добра, а ў іх гэта ж для іх дрэнна. Разумееце - двайныя стандарты".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што недапушчальна такім чынам выкарыстоўваць дзяцей у палітычных мэтах. "Ну што, яму 12-15 гадоў. Чым ты незадаволены? Ты яшчэ жыць не пачаў. Зразумела, што выкарыстоўваюць у сваіх мэтах палітыкі. У сакавіку выбары ў Францыі. Думаю, нешта супакоіцца. Але радавацца асабліва гэтаму не трэба. Толькі адзінае, вядома, ім трэба пальцам указваць: а чаго радаваліся, калі ў нас дзяцей гэтых выкарыстоўвалі?" - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы выказаўся за тое, каб і ў цяперашняй няпростай сітуацыі старацца выбудоўваць з заходнімі суседзямі дзелавыя сувязі і супрацоўніцтва.

"Трэба з суседзямі нам супрацоўнічаць. І з палякамі, і з літоўцамі, латышамі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - У гэтай сітуацыі, калі ў Еўропе з прадуктамі харчавання бяда ў сувязі з гэтай засухай, трэба пакрыху з імі супрацоўнічаць. Суседзі ёсць суседзі. Калі мы не толькі глядзім праз прыцэл адзін на аднаго, але пачынаем эканамічна супрацоўнічаць, гэта сведчыць аб тым, што нам, можа, і вайны пазбегнуць удасца".

Аляксандр Лукашэнка згадаў аб існуючых магчымасцях у гандлі на прыкладзе драўняных паліўных пелет, якія цяпер у дэфіцыце ў шэрагу суседніх краін: "Мяне здзіўляюць наогул палякі. Дровы ў Польшчы, ды і ў Літве, ва ўсіх суседзяў дровы падаражэлі. Ну вазьміце дровы, пелеты і іншае па прымальнай цане. Упіраюцца. Ну, не хочуць браць - не трэба".

"Заўтра мы ім не зможам прадаць. Таму што мы масіравана пачалі пераходзіць самі на гэтыя дровы і пелеты. Добрая тэхналогія. Гомель (прадпрыемства ў гэтым абласным цэнтры. - Заўвага) робіць добры кацёл: пелеты ў бункер засынаў і - аўтаматычна падаецца. Мы асвоім гэта. Нам самім патрэбны будуць гэтыя дровы і пелеты", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.