Прысуджаны прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецпрэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысудзіў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Кіраўнік дзяржавы 30 снежня падпісаў адпаведныя ўказы.
За актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, якая садзейнічае захаванню і прымнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, умацаванню духоўных каштоўнасцей і ідэй міласэрнасці, па выніках 2022 года прысуджаны чатыры прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне".
Высокай узнагароды ўдастоены аўтарскі калектыў у складзе Васіля Баранчука, дырэктара Духоўна-асветніцкага цэнтра прыхода храма ў гонар прападобнамучаніцы вялікай княгіні Елісаветы ў Бабруйску, і настаяцеля прыхода гэтага храма протаіерэя Віктара Толаха за вялікі ўклад ва ўмацаванне духоўных каштоўнасцей, культурнае і маральнае выхаванне дзяцей і моладзі.
За актыўную дзейнасць па ваенна-патрыятычным выхаванні падлеткаў прэміяй адзначаны заслугі ваенна-патрыятычнага клуба "Рысь" вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС.
Прэміі "За духоўнае адраджэнне" ўдастоены калектыў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук за значны ўклад у выхаванне любові да Айчыны, даследаванні гісторыка-культурнай спадчыны, выпуск навуковага энцыклапедычнага выдання "Гарады і вёскі Беларусі".
У ліку лаўрэатаў прэміі таксама Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне ўдастоена гэтай узнагароды за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, значны ўклад у аказанне дабрачыннай дапамогі і развіццё валанцёрскага руху.
За выдатныя дасягненні ў сферы музычнага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, музейнай справы, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і выхавання творчай моладзі, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.
Спецыяльнай прэміі ўдастоены аўтарскі калектыў у складзе Яніны Барысевіч, загадчыка аддзела традыцыйнай мастацкай культуры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Наталлі Мазепы, намесніка дырэктара Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры, Георгія Егіазарана, старшыні Кансультатыўнага міжэтнічнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, старшыні Мінскага гарадскога армянскага культурна-асветніцкага таварыства "Айастан". Яны адзначаны гэтай узнагародай за ўклад ва ўмацаванне нацыянальнай згоды ў беларускім грамадстве, правядзенне Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя ўдастоена спецпрэміі за ўклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, рэалізацыю сацыяльна значных дзіцячых праектаў і ініцыятыў.
За значныя дасягненні ў сферы музычнага мастацтва, актыўны ўдзел у грамадска-культурным жыцці краіны спецыяльнай прэміяй адзначаны заслугі ўзорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Беларусі.
Сярод лаўрэатаў калектыў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль". Спецпрэмія яму прысуджана за вялікі ўклад у развіццё музейнай справы, рэалізацыю выставачных праектаў па захаванні гістарычнай памяці беларускага народа.
Калектыў Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея адзначаны спецыяльнай прэміяй за вялікі ўклад у развіццё народнай мастацкай творчасці, адраджэнне традыцый шапавальства.
Спецыяльнай прэміі ўдастоены таксама калектыў Цэнтра народнай творчасці і рамёстваў у гарадскім пасёлку Копысь за актыўную дзейнасць па захаванні тэхналогій стварэння вырабаў традыцыйнай керамікі Аршанскага раёна.
За выдатныя дасягненні ў выхаванні моладзі, рэалізацыю культурна-турыстычных праектаў прэміяй адзначаны заслугі калектыву Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.
Народны фальклорны калектыў "Таняжанка" Лельчыцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ўдастоены спецпрэміі за значныя дасягненні ў захаванні музычнай спадчыны, звычаяў і традыцый Палескага рэгіёна.
Сярод лаўрэатаў спецыяльнай прэміі таксама творчая майстэрня эстраднага мастацтва "Хвілінка" Беларускага саюза музычных дзеячаў - за высокае прафесійнае майстэрства, актыўны ўдзел у грамадска-культурных праектах патрыятычнай тэматыкі.
Выдавецкі дом "Беларусь сегодня" і Нацыянальны архіў Беларусі ўдастоены спецпрэміі за значную работу па фарміраванні грамадскай свядомасці, папулярызацыю гісторыі партызанскага і падпольнага руху Беларусі.