Прывітанне ўдзельнікам і гасцям XIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур

    Дарагія сябры!

    Вітаю вас на XIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур.

    Гэта яркая падзея сімвалізуе гістарычную пераемнасць традыцый народаў свету, адлюстроўвае адкрытую і міралюбівую палітыку сучаснай Беларусі. Аб'яднаўшы ў адзінай нацыянальнай сям'і людзей самых розных культур і веравызнанняў, мы захоўваем спрадвечныя каштоўнасці і звычаі, узбагачаючы адзін аднаго творча і духоўна.

    Гасцінныя беларусы заўсёды адкрытыя для стасункаў з сапраўднымі сябрамі незалежна ад іх канфесійнай і этнічнай прыналежнасці. Таму ў розныя гады форум збіраў на сваёй пляцоўцы ўдзельнікаў з усіх куткоў свету, з'яднаных высакароднымі ідэямі ўмацавання культурных сувязей, развіцця адносін паміж народамі на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемнай павагі.

    Упэўнены, што і сёлетні фестываль будзе садзейнічаць умацаванню дружбы паміж дзяржавамі, аб'ядноўваць мільёны грамадзян нашай краіны ў самых лепшых памкненнях жыць у згодзе, берагчы сваю зямлю і родны дом - Беларусь.

    Жадаю ўсім удзельнікам і гасцям моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.

    Аляксандр Лукашэнка