Прывітанне ўдзельнікам пасяджэння Савета старшынь вярхоўных (вышэйшых) судоў СНД
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам другога пасяджэння Савета старшынь вярхоўных (вышэйшых) судоў дзяржаў - удзельніц СНД, якое праходзіць у Мінску 8 кастрычніка.
"Сімвалічна, што ваш візіт у Беларусь праходзіць у перыяд 35-годдзя ўтварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Гэта аб'яднанне стала ключавой пляцоўкай для плённага партнёрства краін постсавецкай прасторы на аснове раўнапраўнага дыялогу, узгодненых падыходаў і нацэленасці на паляпшэнне жыцця людзей", - гаворыцца ў прывітанні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асаблівае значэнне для забеспячэння абароны правоў грамадзян і арганізацый краін Садружнасці мае супрацоўніцтва ў сферы правасуддзя па збліжэнні нацыянальных прававых сістэм, абмене вопытам і ўкараненні перадавых практык.
"Сёння на першы план выходзяць канкрэтныя задачы, сярод якіх узаемнае прызнанне і выкананне судовых пастаноў, удасканаленне механізмаў прававой дапамогі, лічбавізацыя судовай дзейнасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Упэўнены, што гэта сустрэча будзе садзейнічаць выпрацоўцы сумесных эфектыўных рашэнняў па актуальных пытаннях правасуддзя, умацаванню гуманітарных, эканамічных і прававых сувязей паміж нашымі народамі", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў удзельнікам рэзультатыўнай работы, невычэрпнай энергіі, міру і дабра.