Прыём ад імя Прэзідэнта на стары Новы год
- 20
- 11:03
У свеце цяпер вельмі неспакойна, але трэба зрабіць усё, каб на душы ў беларусаў было светла і ўтульна. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 студзеня на прыёме ад імя Прэзідэнта Беларусі на стары Новы год.
"Беларусь пераступіла парог новага года. Мы сустрэлі яго са светлымі і добрымі надзеямі, якія непарыўна звязаны з перажытымі падзеямі года мінулага, - сказаў Прэзідэнт. - Стары Новы год дае нам выдатны шанц падвесці вынікі і ўзяць у новы год усё лепшае, што ўдалося зрабіць, і тое, чым усе мы разам ганарыліся, ганарымся і захапляемся. Перш за ўсё бясцэнныя таленты, добрасумленная праца прафесіяналаў, якія прысутнічаюць сёння ў гэтай зале, - журналістаў, дзеячаў мастацтва, настаўнікаў, сацыяльных работнікаў".
Сярод запрошаных таксама тыя, чыя дзейнасць звязана з прыняццем дзяржаўных рашэнняў, удасканаленнем сістэмы аховы здароўя насельніцтва, абаронай міру і стабільнасці ў грамадстве, забеспячэннем непарушнасці граніц і бяспекі краіны, дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Сёння, паважаныя сябры, у свеце вельмі неспакойна, але мы павінны зрабіць усё, каб на душы ў беларусаў было светла і ўтульна, - падкрэсліў беларускі лідар. - Хачу вас папярэдзіць: свет напярэдадні вельмі грандыёзных падзей. Мы сёння ў такой складанай сітуацыі, што гэта падобна да таго, што мы ідзём па тонкім лёдзе. Неасцярожны крок - і мы можам патануць, перавярнуць дзяржаву. Таму гэты год будзе вельмі складаны. Па ўсіх падзеях - вельмі шумным павінен быць. Але мы павінны зрабіць усё, каб ён быў ціхім і спакойным. Факты сведчаць аб тым, што ў свеце неспакойна. Ці тое яшчэ будзе".
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што з ліку ўладных людзей асабліва амерыканцы не хочуць шматпалярнасці. "Яны хочуць руліць ва ўсім свеце, як гэта было пасля распаду Савецкага Саюза. Украіна, Блізкі Усход, сёння ўжо мяжа Індыйскага і Атлантычнага акіяна, хусіты… Ідуць паказальныя бамбардзіроўкі толькі дзеля таго, што маюць адбыцца выбары ў Амерыцы і трэба паказаць свой "гераізм", "які я круты", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка выказаў апасенні, што гэта дуга нестабільнасці можа прадоўжыцца і на іншыя рэгіёны свету: "Можа ўспыхнуць уся планета. Гэтага дапусціць нельга".
"Наша задача адна - мір і спакой у нашай дзяржаве", - падкрэсліў беларускі лідар. Звяртаючыся да Прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Будзе мір - будзе і спакой. Ад вас, ад Урада, ды і ад усіх нас гэта шмат у чым залежыць. Тое, што мы павінны зрабіць, і тое, што мы зрабілі, - за ўсім гэтым стаіць асабісты ўклад кожнага з прысутных".
Прэзідэнт нагадаў, што на працягу мінулага 2023 года ў Беларусі ішлі да міру праз стварэнне, умацоўвалі адзінства, дзяржаўныя і каштоўнасныя асновы беларускага грамадства.
Гэты год аб'яўлены ў Беларусі Годам якасці. "Хачу, каб вы разумелі: якасць - гэта не толькі пра эканоміку і вытворчасць. Напэўна, гэта перш за ўсё, гэта важна. Але гэта перш-наперш пра чалавека", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
"У чым сутнасць? Калі кожны чалавек, беларус, наш госць, нашы суседзі, сябры разам з намі пражывуць гэты год і запомняць яго як Год якасці - значыць, атрымалася. Таму трэба зрабіць усё, каб якасць пранізвала кожнага чалавека", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ўмеюць рабіць усё для жыцця людзей, але часам ёсць недахоп якасці: "Мы ўмеем рабіць, умеем жыць, але трэба рабіць гэта якасна".
Асабліва гэта важна на інфармацыйным фронце, дзе журналістам і экспертам даводзіцца працаваць амаль у баявой абстаноўцы, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "У нас няма пакуль (хоць мы часта гаворым пра гэта) інфармацыйнай вайны. Пакуль няма. Трэба зрабіць усё, каб яе не было, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але ёсць вельмі жорсткае проціборства. Яно заўсёды і ўсюды пачынаецца з унутранай неразбярыхі, і гэта суправаджаецца інфармацыйным процістаяннем, а потым і інфармацыйнай вайной. Не хацелася б, каб гэты працэс у такім рэчышчы працягваўся. Трэба яго спыніць".
Звяртаючыся да журналістаў, Прэзідэнт падкрэсліў: "Будзьце вельмі акуратныя і асцярожныя. Запомніце: ідзём па тонкім лёдзе. Слова сёння вельмі важнае, і яно павінна біць у цэль, у пэўным напрамку, але яно павінна быць вельмі акуратным і асцярожным. І перагібаць нельга. Слова і факты з'яўляюцца ў нас з вамі галоўнай зброяй у барацьбе за духоўнасць, традыцыйныя каштоўнасці і сапраўдныя сэнсы”.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім, каб 2024 год аказаўся шчодрым на яркія, запамінальныя, добрыя падзеі, ажыццявіў самыя запаветныя мары, стаў шчаслівым часам для новых ідэй і новых здзяйсненняў.
"Я абсалютна ўпэўнены, што мы справімся з усімі праблемамі, задачамі дастойна. Паколькі для сапраўдных патрыётаў, якія справамі і намерамі ствараюць сучаснасць і будучыню нашай Беларусі, лёс Айчыны - самае важнае і самае каштоўнае", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Удзельнікам прыёму Прэзідэнт пажадаў, каб гэта сустрэча пакінула ў памяці цёплыя і радасныя ўражанні.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на прыёме ад імя Прэзідэнта на стары Новы год узнагародзіў работнікаў сродкаў масавай інфармацыі і ўстаноў аховы здароўя.
Прэзідэнт уручыў ордэн Францыска Скарыны старшыні Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір" Радзіку Батыршыну, які ўдастоены ўзнагароды за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне міру, дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, плённую працу па збліжэнні і ўзаемаўзбагачэнні нацыянальных культур, фарміраванні і развіцці адзінай інфармацыйнай прасторы, высокія дасягненні ў дабрачыннай і гуманітарнай дзейнасці.
Спецыяльныя лісты аб аб’яўленні Падзякі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў намесніку загадчыка аддзела спецыяльных праектаў галоўнай дырэкцыі "Агенцтва тэлевізійных навін" Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Сяргею Бараноўскаму і адказнаму выпускаючаму аддзела выпуску галоўнай дырэкцыі АТН НДТРК Глебу Гарбаценку, палітычнаму аглядальніку аддзела палітычных аглядальнікаў дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" Вользе Коршун, дырэктару дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал" Андрэю Мохару, загадчыку аддзела вядучых інфармацыйна-аналітычных праграм дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" Кацярыне Тумас-Цішкевіч.
Сярод тых, каму Прэзідэнт уручыў спецыяльныя лісты, - галоўны ўрач Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Вольга Святліцкая, намеснік галоўнага ўрача па хірургіі Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Юрый Слабадзін і ўрач-эпідэміёлаг інфекцыйна-эпідэміялагічнага аддзела гэтага цэнтра Марыя Аляксеева.