Віншаванне з Днём чыгуначных войскаў

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў асабовы склад і ветэранаў транспартных войскаў з прафесійным святам - Днём чыгуначных войскаў.

    "Слаўныя традыцыі беларускіх ваенных чыгуначнікаў цесна звязаны з гісторыяй першых спецыялізаваных воінскіх падраздзяленняў, створаных у Баранавічах 150 гадоў таму. Пры гэтым кожны этап станаўлення і развіцця чыгуначных войскаў быў адзначаны высокай баявой вывучкай, самаадданасцю і ўпартасцю асабовага складу, - гаворыцца ў віншаванні. - Асабліва ярка доблесць, стойкасць і гераізм воінаў-чыгуначнікаў праявіліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пры будаўніцтве і аднаўленні стальных магістралей у пасляваенны перыяд".

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння ў складзе транспартных войскаў беларускія воіны-чыгуначнікі з гонарам прадаўжаюць эстафету мужнасці пакалення пераможцаў, паспяхова асвойваючы новыя віды ўзбраенняў і тэхнікі, пастаянна ўдасканальваючы сістэму транспартнага забеспячэння Узброеных Сіл і грамадзянскую інфраструктуру.

    "Перакананы, што вы і ў далейшым будзеце рабіць усё магчымае для ўмацавання абараназдольнасці нашай краіны і забеспячэння высокай мабільнасці войскаў, эфектыўна вырашаючы самыя складаныя задачы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт падзякаваў за службу ваенным чыгуначнікам і пажадаў моцнага здароўя, міру, шчасця, дабрабыту і новых поспехаў на карысць роднай Беларусі.