Віншаванне Прэзідэнту Таджыкістана Эмамалі Рахмону
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона з 35-годдзем Дзяржаўнай незалежнасці.
"Да знамянальнай даты таджыкскі народ падышоў з важкімі вынікамі: умацоўваюцца суверэнітэт і міжнародны аўтарытэт краіны, расце эканоміка, паляпшаюцца ўмовы жыцця і стваральнай працы насельніцтва, - гаворыцца ў віншаванні. - Залогам дынамічнага развіцця дзяржавы сталі Вашы палітычная дальнабачнасць і беражлівыя адносіны да гістарычнай і культурнай спадчыны".
"Высока цаню нашу дружбу і давер, якія нязменна служаць апорай для комплекснага беларуска-таджыкскага ўзаемадзеяння, а таксама фундаментам трывалага стратэгічнага партнёрства, якое ў поўнай меры адпавядае інтарэсам Мінска і Душанбэ", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Эмамалі Рахмону здароўя і шчасця, а жыхарам Таджыкістана - міру і працвітання.