Наведванне Аршанскага льнокамбіната
- 32
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 лістапада наведаў Аршанскі льнокамбінат, дзе азнаёміўся з перспектывамі развіцця прадпрыемства і прыняў удзел у запуску новай вытворчай лініі.
Запушчана лінія па вытворчасці кальцавой пражы высокіх нумароў з укладаннем катанізаванага льновалакна. Рэалізацыя гэтага праекта дасць магчымасць арганізаваць выпуск новай прадукцыі.
Прэзідэнту далажылі аб развіцці Аршанскага льнокамбіната. Тут выйшлі на аб'ёмы экспарту ў памеры $100 млн, нарошчваюць інвестыцыі, выканалі даручэнне па асваенні глыбокай перапрацоўкі кароткага льновалакна, шмат увагі ўдзяляюць якасці і ўжо некалькі гадоў працуюць толькі на ўласным ільняным валакне.
"Наша асноўная задача - каб сыравіна была добрая, тады і тканіна будзе", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Калі раней кароткае льновалакно прадавалася толькі на экспарт, то цяпер яго перапрацоўваюць у Беларусі. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу, каб да 2030 года перапрацоўвалася 100% кароткага льновалакна. Для рэалізацыі гэтага даручэння абмяркоўваецца магчымасць выдзялення прадпрыемству дадатковага крэдыту пад нарошчванне магутнасцей.
"Мне трэба, каб вы ў сялян забралі гэту "паклю" (гаворка пра кароткае валакно. - Заўвага) і перапрацавалі. Вось, што мяне хвалюе. Аказваецца, вы навучыліся рабіць з яго цуд. Мне патрэбны цуд у два разы большы ў наступным годзе. І да 2030 года, каб мы ўсё перапрацоўвалі. Вось, што я хачу. Гэта трэба ўзяць на кантроль жалезна", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.
Думаюць на Аршанскім ільнокамбінаце і над далейшай мадэрнізацыяй у бліжэйшыя гады. Размова, напрыклад, ідзе аб укараненні самай сучаснай тэхналогіі фарбавання, павышэнні долі аўтаматызацыі на вытворчасці.
Абсталяванне для камбіната ў асноўным закупляецца па імпарце. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней даручаў прамысловаму сектару навучыцца рабіць хаця б частку з гэтага. Кіраўнік дзяржавы актуалізаваў адпаведныя задачы, даручыўшы гендырэктару Алегу Буянаву падрыхтаваць пералік найбольш запатрабаваных вузлоў і агрэгатаў, якія можна было б імпартазамясціць.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час захаваць Аршанскі льнокамбінат было яго валявым рашэннем. Больш таго, з гэтым прадпрыемствам у кіраўніка дзяржавы звязана асабістая сямейная гісторыя - на льнокамбінаце працавала яго маці Кацярына Трафімаўна.
"Для мяне гэта вельмі важнае прадпрыемства", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Цяпер разам з Беларуссю буйнымі вытворцамі лёну ў Еўропе з'яўляюцца Францыя і Бельгія. У Беларусі пры гэтым ёсць увесь ланцужок - ад вырошчвання на полі да вытворчасці высакаякаснай гатовай прадукцыі. "Пры такім падыходзе на Захадзе хутка адны мы застанёмся", - заўважыў беларускі лідар.
"Вы ведаеце мае падыходы. Нічога ламаць не трэба. Мы ўмеем нешта рабіць - трэба развіваць і ўдасканальваць. Новае трэба ствараць - тое, што мы не рабілі раней. Але трэба мець людзей, якія гэтаму навучацца і будуць рабіць. Таму лепш удасканальваць. Нічога не развальваючы, не разбураючы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка работнікам прадпрыемства ў час запуску новай лініі.
Ён таксама падкрэсліў, што той ці іншы праект трэба старацца рэалізоўваць у максімальна сціслыя тэрміны.
У час наведвання Аршанскага льнокамбіната Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі выстаўку прадукцыі прадпрыемстваў канцэрна "Беллегпрам". Гэта не толькі штодзённае адзенне і тэкстыльныя тавары для дома, але і вырабы для сілавых структур - баявое і форменнае абмундзіраванне, экіпіроўка, сродкі індывідуальнай аховы і спецадзенне.
Па многіх напрамках за апошнія гады айчынныя вытворцы дасягнулі сур'ёзных поспехаў у імпартазамяшчэнні, стварэнні ўласных унікальных прадуктаў. Адна з апошніх навінак - тканіна, у складзе якой лён і кашмір. Аб пастаўках апошняга дамовіліся з Манголіяй.
Аляксандр Лукашэнка даручыў скарыстацца гэтым і больш пастаўляць запатрабаванай прадукцыі на ўнутраны рынак, не закупляючы за мяжой тое, выпуск чаго асвоілі ў Беларусі.
Сучаснасць і будучыня айчыннай ільняной галіны стала тэмай нарады, арганізаванай на базе Аршанскага льнокамбіната.
"Для Беларусі лён - культура не толькі стратэгічная, але і палітычная. На герб нашай краіны паглядзіце. Гэта і важная частка культурна-гістарычнай спадчыны, адзін з нашых сімвалаў і вельмі шырокі сегмент эканомікі. Можна сказаць, наша золата, як ва ўзбекаў бавоўна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што клімат для вырошчвання гэтай культуры ў нашай краіне прыдатны.
"Сёння Беларусь знаходзіцца ў тройцы сусветных лідараў па вырошчванні паўночнага шоўку, разам з Францыяй і Бельгіяй. Вось такая сучасная "льняная Нармандыя - Нёман" атрымліваецца ў нас", - вобразна параўнаў Прэзідэнт. Гэту беларускую прадукцыю купляюць у 43 краінах свету.
"Але патэнцыял айчыннай галіны далёка не вычарпаны, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Лён - расліна ўнікальная і пры правільным падыходзе практычна безадходная. Выкарыстоўваецца ў тэкстыльнай, харчовай, хімічнай, будаўнічай, ваеннай прамысловасці, а таксама медыцыне. Той, хто выбірае лён, робіць салідны ўклад у экалогію і падтрымку здароўя - свайго і сваёй сям'і". У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы арыентаваў усіх на больш шырокае выкарыстанне льняных тканін і вырабаў у паўсядзённым жыцці.
Прэзідэнт заўважыў, што з моманту набыцця незалежнасці беларуская дзяржава ўдзяляла льнаводчай галіне павышаную ўвагу. Бо пасля распаду СССР многія калгасы і саўгасы адмовіліся ад вырошчвання лёну, паколькі гэта была вельмі цяжкая праца, а ўраджайнасць - сціплая. "І калі б дзяржава ў свой час не дапамагла сялянам, лёну ў Беларусі ўжо не было б", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у пачатку свайго прэзідэнцтва наведваў Аршанскі льнокамбінат, і тады гэта было прадпрыемства зусім іншага ўзроўню. За мінулыя гады дзяржавай укладзены велізарныя грошы ў ільняную галіну. Гэта датычыцца і ўборачнай тэхнікі, і мадэрнізацыі льнозаводаў, і распрацоўкі тэхналогій вырошчвання, і навуковага суправаджэння.
"Для мяне важны момант - мы ўжо абмяркоўваем не выжыванне льнаводчай галіны, а гаворым пра яе развіццё па ўсім ланцужку стварэння дабаўленай вартасці", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт канстатаваў, што лён умеюць вырошчваць ва ўсіх рэгіёнах краіны. І гэта даказваюць вынікі мінулага года. Так, сярэдні нумар доўгага валакна - 9,7, кароткага - 2,8. "Але пры выкананні тэхналагічнай дысцыпліны можна і лепш. У перадавікоў жа так і атрымліваецца", - заўважыў Прэзідэнт. Напрыклад, у ААТ "Горкілён" сярэдні нумар доўгага - 10,6, а кароткага - 3,7. Добрыя кампетэнцыі напрацаваны на Пружанскім і Карэліцкім ільнозаводах.
"Пры такіх нумарах і эканоміка нядрэнная. Але так, на жаль, не ўсюды. У краіне 19 ільнозаводаў. І вынікі іх работы вельмі адрозніваюцца", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Напрыклад, два заводы ў Брэсцкай вобласці за студзень - верасень 2026 года атрымалі чысты прыбытак у суме 18,3 млн рублёў, два заводы ў Гомельскай вобласці - 2,4 млн рублёў. А вось па шасці заводах у Віцебскай вобласці чыстая страта - 1,2 млн рублёў.
Для руху наперад пастаянна праводзіцца планавая мадэрнізацыя ўсіх ільнозаводаў і флагмана - Аршанскага льнокамбіната, дзе пачала працаваць новая лінія, якая дасць магчымасць перапрацаваць больш кароткага льновалакна.
"Верталётных грошай у нас няма. Усё, што выдзяляем, даецца ў доўг на пэўны час, за які трэба ўкараніць тэхналогію, выйсці на эканамічныя паказчыкі бізнес-планаў, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Вы з гэтымі планамі ідзяце ў банкі і Мінфін. Абараняеце іх і атрымліваеце грашовыя сродкі. Будзьце ласкавыя выконваць тое, што самі са сваімі калектывамі разлічылі. Дзяржаве ёсць чым займацца і што фінансаваць".
Прэзідэнт адзначыў, што Урад цяпер працуе над новай сістэмай падтрымкі сельскай гаспадаркі. Гэты працэс, паводле яго слоў, закране і льнаводства.
"Не крыўдзячы сялян, трэба пераналадзіць механізмы дапамогі так, каб атрымліваць патрэбную нам сыравіну і запатрабаваную прадукцыю - пражу, тканіны і гатовыя льняныя вырабы. Разглядаць сістэму дзяржпадтрымкі будзем комплексна - датацыі, дзяржзаказ, патанненне, пілотны праект па экспарце льновалакна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу, што ніякія фінансавыя рычагі падтрымкі не дадуць выніку, калі не будзе элементарнага парадку або ідзе крадзеж. "Вы ж не горш за мяне ведаеце: каб вырасціць ураджай, трэба працаваць цэлы год, а загубіць вынік сваёй гадавой працы можна за некалькі дзён. Лён - не толькі адна з самых старажытных, але і адна з самых капрызных культур. Дробязей тут няма. Чаго варты толькі сяміпольны севазварот, 39 земляробчых і 70 тэхналагічных аперацый. І вось пасля ўсяго гэтага калі не своечасова ўбралі - лічы, лён згніў, усё загубілі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ў час нарады абазначыў ключавыя праблемы і паставіў задачы на перспектыву.
"Атрымліваецца, ужо трэцяя або чацвёртая "вялікая размова" з Прэзідэнтам па льняных пытаннях. Гэта апошняя размова ў гэтым ключы. У Шклове публічна гаварыў: Прэзідэнту пытанняў хапае, - заўважыў беларускі лідар. - Далей - канкрэтыка, і будзем дзейнічаць".
"Відаць, чарговы Урад і губернатары правальваюць раней узятыя абавязацельствы і плануюць зноў прыйсці з працягнутай рукой. Забудзьце і выкіньце з галавы гэтыя шалёныя думкі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка абазначыў некалькі самых злабадзённых пытанняў і расставіў акцэнты. "Галоўнае застаецца нязменным - сыравінная база ў краіне сфарміравана, ключавым вектарам на будучае павінна стаць вытворчасць прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. А для гэтага неабходна глыбокая перапрацоўка сыравіны. Трэба ўзмацніць канкурэнтаздольнасць ільняной галіны, павялічыць даходы ад вырошчвання і перапрацоўкі лёну па ўсім ланцужку - ад сялян да прамыслоўцаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У ліку першых праблем ён назваў невыкананне тэхналагічных рэгламентаў, перш за ўсё па падборы глеб і іх апрацоўцы. Участкі выдзяляюцца толькі на адзін год, і часта яны непрыдатныя для вырошчвання лёну па кіслотным саставе і колькасці гумусу. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы паставіў перад старшынямі аблвыканкамаў задачу за зіму вызначыць прыдатныя ўчасткі глеб пад сяўбу лёну.
"Акрамя таго, у бягучым годзе не выканана заданне па пасяўных плошчах (не засеяна больш за 6,5 тыс. гектараў). Як так? - задаў пытанне Прэзідэнт. - Вы ж самі гэтыя заданні для сябе прапісалі! Чаму не выканалі?"
Кіраўнік дзяржавы прывёў яшчэ шэраг фактаў. У некаторых гаспадарках замест належных 10 дзён сяўбу лёну расцягнулі больш як на 20, а апрацоўкі ад хвароб наогул не праводзіліся. Церабленне выконвалася больш за месяц, а на Слуцкім ільнозаводзе - практычна паўтара. Пад'ём ільнотрасты ў іх завяршыўся 2 кастрычніка. "Пра якую якасць сыравіны пасля такіх парушэнняў тэхналогіі можна гаварыць?" - рытарычна спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Узгадваўся і Шклоўскі льнозавод, дзе, паводле інфармацыі кантралюючых органаў, лён не пераварочваўся. "Я ж памятаю, што ў сярэдзіне верасня там на палях ляжаў гнілы лён, зарослы пустазеллем. І перад маім прыездам яны яго нібыта выцерабілі... Самі губіце ўраджай і свае грошы, а потым прыходзіце з працягнутай рукой і просіце выдзеліць з бюджэту. Дурніца скончана ў гэтым годзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ураджайнасць ільнотрасты ў гэтым годзе склала 40,5 ц/га, сярэдні нумар ільнотрасты - 0,87, пры гэтым у мінулым годзе ўраджайнасць была 46 ц/га, а сярэдні нумар ільнотрасты - 0,97. "Я памятаю сваю работу дырэктарам (сельгаспрадпрыемства. - Заўвага), калі я на Шклоўскі льнозавод ездзіў здаваць лён, змагаўся за нумар трасты 2. Паўтара - гэта было не вельмі. А вы сёння менш за адзінку вязеце трасту і радуецеся!" - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"У планах на 2027 год наступаем на тыя ж граблі: асобныя падабраныя землі малапрыдатныя для вырошчвання лёну, на некаторых да гэтага часу яшчэ не ўбрана салома. У сувязі з гэтым у мяне ёсць заканамернае пытанне да ўрада і аблвыканкамаў: што перашкаджае сеяць лён і паднімаць ільнотрасту ва ўстаноўленыя тэрміны?" - звярнуўся да прысутных Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адзін праблемны аспект, аб якім сказаў Прэзідэнт, - рэалізацыя інвестыцыйных праектаў. Мадэрнізацыя льнозаводаў, паводле яго слоў, вядзецца слаба.
Акрамя таго, не наладжана вытворчасць айчыннай самаходнай тэхнікі. З-за недахопу спецыяльных навесаў (шох) штогод каля 20% ільнотрасты захоўваецца проста ў сціртах. Там, як правіла, упакоўка парушана, спрасаваная льнотраста становіцца вільготнай і непрыдатнай да перапрацоўкі.
"Напрыклад, на Слуцкім ільнозаводзе ў 2025 годзе сапсавана 16 тысяч тон ільнотрасты! Якую якасць ільновалакна хочам атрымаць, калі на вытворчай лініі Шклоўскага льнозавода пропуск ільнотрасты складае 60%?" - рытарычна спытаў Кіраўнік дзяржавы.
Цэнаўтварэнне - таксама ў ліку тэм, на якія Прэзідэнт запатрабаваў звярнуць асаблівую ўвагу. Паводле яго слоў, 80% ільновалакна пастаўляецца Аршанскаму льнокамбінату і ААТ "Гранітэкс" па цэнах, якія ніжэйшыя за ўнутраныя на 20% (патанненне за кошт рэспубліканскага бюджэту), а калі параўноўваць з экспартнымі, то і на 60%.
"Розніца паміж рыначнымі цэнамі і цэнамі пастаўкі па дзяржзаказе - ад 20% да 46% у меншы бок. Яшчэ і кошт ільновалакна ў рамках дзяржзаказу патанняецца больш як на 10%. Як разумець такую эканоміку? І каму яна патрэбна, што яна стымулюе? Такі дыспарытэт стварае ўмовы для вывазу з Беларусі льносыравіны. Іншае пытанне - а хто дазволіў вывозіць?" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што не заўсёды канчатковым экспарцёрам выступалі вытворцы, хоць менавіта яны і вырасцілі лён. "Выкупляюць сыравіну прыватнікі, а потым экспартуюць яе праз біржу працэнтаў на 40 даражэй. Мы ў сябе не можам перапрацаваць ільновалакно, прадаць гатовую прадукцыю па нармальным рыначным кошце і зарабіць дадатковыя грошы на тую ж мадэрнізацыю?" - спытаў Прэзідэнт.
Асобны акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на павышэнні эфектыўнасці работы Аршанскага льнокамбіната - буйнейшага прадпрыемства лёгкай прамысловасці ў краіне. Там працуюць амаль 3,5 тыс. чалавек. У прадпрыемства ўкладзены дзясяткі мільёнаў долараў, сыравіна патанняецца дзяржавай. "Гэта значыць, цяпер вы атрымліваеце прыбытак. Але гэта за кошт прадастаўляемых ільгот, прэферэнцый і субсідый на патанненне льновалакна. А без падтрымкі прыбытак атрымалі б?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.
Аднак нават пры наяўнасці дзяржпадтрымкі, эканамічныя паказчыкі работы льнокамбіната вымушаюць жадаць лепшага: экспарт скарачаецца, на складах растуць запасы, ёсць пратэрмінаваныя плацяжы.
"І, што зусім абуральна, пры гэтым яшчэ і крадуць! Як паведамляе МУС, у 2026 годзе ў дачыненні да супрацоўнікаў Аршанскага льнокамбіната ўзбуджаны крымінальныя справы: у складзе арганізаванай групы ўкралі пражы амаль на 54 тысячы рублёў і больш за тысячу літраў паліва!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі Орша (Аршанскі льнокамбінат. - Заўвага) сама "куляецца" (лічбы і факты прыведзены), то як яна справіцца яшчэ і з далучаным Баранавіцкім баваўняным аб'яднаннем (з лютага 2024 года далучылі)?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы. Паводле слоў Прэзідэнта, пры правядзенні пераўтварэнняў кіраўніцтва "Беллегпрама" сцвярджала, што гэта дасць магчымасць весці адзіную збытавую палітыку, стабілізаваць фінансы, выдзеліць грошы на мадэрнізацыю.
"Цяперашні віцэ-прэм'ер (Віктар Каранкевіч. - Заўвага) бадзёра рапартуе, што ідэя па аб'яднанні правільная і ўсё ідзе нядрэнна. Глядзіце, каб не атрымалася, як з віцебскімі аграпрамысловымі аб'яднаннямі (праз некалькі гадоў пасля стварэння некаторыя з іх вырашана расфарміраваць з-за неэфектыўнасці работы. - Заўвага). І Баранавічы не выратуем, і Оршу страцім", - заўважыў Прэзідэнт. Ён запатрабаваў ад кіраўніцтва КДК забяспечыць жалезны кантроль па гэтым пытанні.
Яшчэ адна нявырашаная праблема, якую абазначыў Кіраўнік дзяржавы, датычыцца глыбіні перапрацоўкі. Па-ранейшаму асноўны прадукт з кароткай сыравіны - так званае суровае катанізаванае льновалакно (паўфабрыкат у адну перапрацоўку). Яно амаль у поўным аб'ёме экспартуецца ў якасці сыравіны. Адначасова ў краіну ўвозіцца сумесевая пража, вырабленая з укладаннем таго самага катанізаванага льновалакна.
За 9 месяцаў 2026 года льняных тканін экспартавана амаль на $40 млн (амаль на 2% менш за ўзровень адпаведнага перыяду 2025 года), ільняной пражы - на $1,3 млн (на 11,5% менш).
У той жа час у Беларусь увезлі льняных тканін больш як на $2 млн (на 18% больш, чым у мінулым годзе), ільновалакна - на $2,6 млн (на 20% больш), пражы льняной - на $2,3 млн (рост у 6 разоў).
Прэзідэнт заўважыў, што нават пасля запуску новай вытворчасці аналагічнай айчыннай пражы паглыблена будзе перапрацоўвацца менш як 23% кароткага валакна.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на ролю беларускай навукі ў развіцці льнаводства. Ён пацікавіўся, як змянілася работа Інстытута лёну НАН пасля крытыкі, якая гучала ў яго адрас, як "ірванулі" ў тэхналогіях. "Ці зможам мы з нізканумарнога льновалакна атрымліваць пражу высокіх нумароў? Вучоныя займаюцца гэтым ці гэта праблемы выключна перапрацоўшчыкаў?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Урад працуе над новай сістэмай падтрымкі сельскай гаспадаркі замест існаваўшай раней практыкі, калі раздавалі датацыі. "Я маю на ўвазе бяздумныя датацыі, якія ўрад часам, як дачаснікі (прадастаўляе. - Заўвага): "Забірай гэта, і гэта..." Разбяромся з усімі гэтымі датацыямі. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта не значыць, што мы заўтра забяром датацыі ў сельскай гаспадаркі. Ніводная краіна ў свеце гэтага не робіць. Але будзем глядзець - што, каму і колькі", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт патрабуе ад прадпрыемстваў, арганізацый АПК большай фінансавай самастойнасці і выхаду на нармальныя эканамічныя паказчыкі. Тым больш што дзяржавай за многія гады ім аказана значная падтрымка, укладзены істотныя сродкі. "Нямала зроблена. Наперад, наперад, наперад - працуйце самі", - арыентаваў беларускі лідар.
Прэзідэнт на нарадзе аб развіцці льняной галіны вызначыў адказных, хто будзе ў краіне адказваць за розныя напрамкі ў гэтай сферы.
"Горлаў (Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў. - Заўвага) з заўтрашняга дня як Міністр поўнасцю адказвае за ўвесь працэс ад вырошчвання да вытворчасці льновалакна. Гэта яго адказнасць у цэлым. Каранік (Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік. - Заўвага) з вучонымі павінен выпрацаваць сістэму: палі, насенне, догляд, уборка, перапрацоўка і продаж", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Свая роля і ў старшыні канцэрна "Беллегпрам" Надзеі Лазарэвіч - яна будзе курыраваць продаж на экспарт. "Толькі яна будзе гэтым займацца і несці за гэта персанальную адказнасць", - дадаў Прэзідэнт.
Старшыням аблвыканкамаў даручана забяспечыць выкананне ўсіх неабходных тэхналогій у льнаводстве. "За зіму вызначаецеся па палях са старшынямі райвыканкамаў, кіраўнікамі, якія будуць займацца льнаводствам. Можа, трэба пашырыць колькасць гаспадарак. Вызначце гэтыя гаспадаркі і замацуйце за імі палі. Поўнасцю ўся тэхналогія", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца цэнаўтварэння і эканомікі, гэта даручана кантраляваць памочніку Прэзідэнта Надзеі Каткавец. "Створыць камісію. Каго яна туды ўключыць і як яна будзе працаваць - гэта яе справа", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Свая задача стаіць і перад прамысловасцю з адказным за яе віцэ-прэм'ерам Віктарам Каранкевічам. "Вузлы і агрэгаты, пачынаючы ад цераблення і заканчваючы вытворчасцю прадукцыі, - за віцэ-прэм'ерам, які адказвае за прамысловасць. Я не гавару, што яны лінію (вытворчую. - Заўвага) прыдумаюць. Але там куча таго, што мы ўжо сёння павінны рабіць самі", - паставіў задачу Прэзідэнт.
"Па-гаспадарску трэба падыходзіць і лічыць грошы. З наступнага года мы поўнасцю зоймемся эфектыўнасцю работы нашых прадпрыемстваў. А не аб'ёмамі работ, - падкрэсліў беларускі лідар. - Ураджайнасць, прыбаўленні ў вазе і ўдоі - гэта ваша справа. Для таго, каб кіраваць прадпрыемствам, трэба ведаць, якая эфектыўнасць работы. Мы зоймемся вашай эфектыўнасцю і грашыма".


