Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб прыняцці мер у галіне цэнаўтварэння

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня падпісаў Указ № 171 "Аб прыняцці мер у галіне цэнаўтварэння", якім карэкціруюцца асобныя ўказы Кіраўніка дзяржавы. Дакумент накіраваны на забеспячэнне адзіных падыходаў у галіне цэнаўтварэння і ўстанаўленне найбольш празрыстага механізма фарміравання экспартных цэн на асобныя тавары.

    Так, унесены змяненні ва Указ ад 5 снежня 2013 года № 550, якімі прадугледжана, што максімальна дапушчальны рост плацяжоў насельніцтва за жыллёва-камунальныя паслугі не павінен перавышаць 0,5 базавай велічыні (замест раней устаноўленага доларавага эквіваленту).

    З улікам існуючай практыкі па рэгуляванні цэн (тарыфаў) унесены змяненні ва Указ ад 25 лютага 2011 года № 72 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь".

    Акрамя таго, прыпынена дзеянне падпункта 1.3.1 пункта 1 Дэкрэта № 6 ад 7 мая 2012 года, якім прадастаўлялася права камерцыйным арганізацыям, размешчаным у сельскай мясцовасці, рэалізоўваць на экспарт сухое абястлушчанае малако і масла без біржавых таргоў на Беларускай універсальнай таварнай біржы.