Пасланне беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

  • 2

Дарагія суайчыннікі!

Паважаныя члены Савета Рэспублікі,

дэпутаты Палаты прадстаўнікоў!

Паважаныя запрошаныя!

Сёння мне выступаць, з аднаго боку, лёгка, з другога - не зусім проста. Паколькі за апошнія некалькі месяцаў шмат сказана аб нашых стратэгічных задачах і прыярытэтах на бліжэйшыя пяць гадоў.

На трэцім Усебеларускім народным сходзе мы ўсебакова абмеркавалі Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны да 2011 года. Нядаўна сфарміраванаму складу Урада пастаўлены канкрэтныя задачы па яе рэалізацыі.

Таму я не буду дэталёва спыняцца на ўсіх напрамках жыццядзейнасці рэспублікі. Хачу засяродзіць увагу на тых асноватворных арыенцірах для дзяржавы і нашага грамадства, якія прызначаны садзейнічаць ажыццяўленню пастаўленых намі мэт.

Павінен адзначыць, што з прычыны аб'ектыўных прычын - прэзідэнцкіх выбараў, Усебеларускага народнага веча - мы не маглі раней заслухаць Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Парламенту і фактычна адцягнулі яго ў сярэдзіну года. У сувязі з гэтым няправільна было б сёння, пасля пастаноўкі тых глабальных мэт, наслойваць размовы аб яшчэ нейкіх задачах на наступны год. Усё даволі дакладна акрэслена, асноўнае сказана. Таму, як я сказаў, нам вельмі складана было знайсці ў гэтым працэсе пастаўленых маштабных задач тыя праблемы, якія яшчэ трэба было б асвятліць і якія змяшчаліся б у рамкі паўгоддзя, што засталося.

Невыпадкова ў назве гэтага Паслання закладзены двухадзіны падыход: "Дзяржава - для народа, а чалавек - на карысць сваёй Айчыны".

Гэта значыць, што для працвітання краіны недастаткова, каб толькі ўлада служыла людзям. Вельмі важна, каб кожны грамадзянін быў карысны сваёй Айчыне. У гэтым - найвышэйшая заслуга дзяржавы і нацыі.

Беларусь імкліва рухаецца наперад.

Сёння мы ставім новую амбіцыйную мэту: вывесці нашу краіну ў лік высокаразвітых еўрапейскіх дзяржаў.

Для гэтага ў нас ёсць усе магчымасці.

Беларуская эканоміка дэманструе высокія тэмпы. Пры гэтым пераўтварэнні праводзяцца паслядоўна і сістэмна.

У нас прагрэсіўная сацыяльная палітыка, якая найбольш поўна адпавядае інтарэсам чалавека. Таму адсутнічае глеба для сацыяльных супярэчнасцей і канфліктаў.

І самае галоўнае - вельмі высокі давер, які народ аказаў уладзе і праводзімаму ёю курсу. Гэта той незаменны і бясцэнны рэсурс, які з'яўляецца фундаментам будаўніцтва моцнай і развітой краіны.

Пераканаўчым пацвярджэннем сталі выбары Прэзідэнта. Грамадзяне галасавалі за дастойнае жыццё, за незалежнасць і працвітанне Беларусі.

ДЗЯРЖАВА - ФОРМА САМАРЭАЛІЗАЦЫІ НАРОДА

Рэспубліка Беларусь па гістарычных мерках яшчэ зусім маладая суверэнная дзяржава. Але ў нас ужо сфарміравана ўласная эфектыўная палітычная сістэма, са сваімі асновамі і традыцыямі. У яе аснове - сапраўднае народаўладдзе.

Мы не дэкларуем папулісцкія лозунгі пад выглядам дэмакратычных каштоўнасцей, не крычым аб псеўдасвабодзе і справядлівасці.

Але ўсе важнейшыя пытанні жыцця краіны вырашаюцца толькі ўсенародна, праз прамое волевыяўленне нашых грамадзян - перш за ўсё, шляхам рэферэндумаў, выбараў, усебеларускіх сходаў. Гэта форма кіравання, якая сябе апраўдала, стала гарантыяй сацыяльна-палітычнай стабільнасці Беларусі.

Апаненты разглагольствуюць аб стварэнні ў рэспубліцы грамадзянскага грамадства. Але яно ёсць у Беларусі!

У кожным населеным пункце выбіраюцца прадстаўнічыя органы ўлады. Шырокія правы маюць працоўныя калектывы. Дзейнічаюць больш за дзве тысячы грамадскіх аб'яднанняў, 17 палітычных партый, 41 прафсаюз, іншыя грамадска-палітычныя інстытуты.

У нашым разуменні грамадзянскае грамадства - не структура, накіраваная на канфрантацыю розных слаёў насельніцтва, на супрацьпастаўленне дзяржаве.

Дзяржава і грамадства - гэта два складнікі адзінага цэлага, якія ўзаемазвязаны на прынцыпах партнёрства і канструктыўнага супрацоўніцтва. Бо дзяліць жа няма чаго: плывём у адной лодцы, разгойдванне якой можа павярнуцца бядой для усіх.

Людзі хочуць больш і актыўней удзельнічаць у вырашэнні пытанняў дзяржаўнай і грамадскай значнасці. Яны гатовы выконваць больш істотную ролю ў планаванні і будаўніцтве жыцця свайго рэгіёну, сваёй краіны. Я выразна бачу гэта ў час сваіх паездак па Беларусі, размаўляючы з сельскімі і гарадскімі жыхарамі.

Яшчэ раз хачу падкрэсліць гэту думку. Сапраўды, праз дзесяцігоддзі неразбярыхі і хаосу, людзі ўсё больш і актыўней хочуць удзельнічаць у вырашэнні пытанняў дзяржаўнай і грамадскай значнасці.

Значыць, улада павінна прадаставіць ім такую магчымасць. Гэта становіцца асноватворным на сучасным этапе развіцця дзяржавы.

Пры гэтым хачу сумленна і шчыра прызнацца, што мне ў апошнія два-тры гады, асабліва апошнім часам, усё больш і больш прапануюць сканцэнтраваць сваю ўвагу на стварэнні нейкіх грамадска-палітычных рухаў і партый, як іх у суседніх дзяржавах называюць "партыі ўлады". Прызнаю, што нядрэнна было б, калі б такая партыя была. Не хачу параўноўваць яе з той партыяй, якой, на жаль, сёння ўжо не існуе. Але ж функцыі, якія выконвала Кампартыя, фактычна ўзяты на сябе дзяржаўнымі органамі, а гэта не заўсёды правільна, не заўсёды дае той вынік. Як бы мы ні вярцелі, ні круцілі, але ў лепшыя свае гады Камуністычная партыя выконвала вельмі сур'ёзныя функцыі ў нашым грамадстве. І, паверце, я як Кіраўнік дзяржавы, больш, чым хто-небудзь, ды і вы таксама, адчуваеце адсутнасць такой палітычнай сілы.

Што я магу адказаць тым людзям, якія ўносяць такія прапановы? (гэта здольныя, дасведчаныя людзі, мае прыхільнікі). Па-першае, тая грамадска-палітычная сіла, партыя, якая будзе створана зверху, наўрад ці будзе ўспрынята большасцю народа. Партыя або грамадскі рух на першым этапе павінны зараджацца знізу. Калі магчымы такі працэс? Напэўна, у самыя цяжкія і вострыя моманты, якія перажывае краіна ў сваёй гісторыі.

У нас такога моманту - на шчасце! - сёння няма. Таму спроба стварыць грамадска-палітычны рух, партыю (у добрым сэнсе гэтага слова) і прыцягнуць туды эліту нашага грамадства, самых талковых людзей, якія будуць кіраваць грамадскімі і іншымі працэсамі ў нашым жыцці, ствараць без магутнага руху, штуршка знізу на гэтым этапе лічу немэтазгодным. Хоць людзі хочуць гэтага.

Я не буду нічога рабіць штучна. Пры гэтым не збіраюся і тармазіць грамадска-палітычныя працэсы, якія прывялі б да стврэння такога грамадскага руху або партыі. Калі ў жыцці складзецца так, што яны з'явяцца, калі ласка, мы гэтаму не будзем перашкаджаць. Калі такі рух будзе займаць канструктыўную пазіцыю, працаваць на карысць народа і дзяржавы, мы будзем яго падтрымліваць, і я гэта гавару шчыра.

Усё сказанае мною цяпер не азначае, што Лукашэнка выходзіць у палітычным жыцці, у будаўніцтве нейкага грамадзянскага грамадства на нейкія пазіцыі і будзе ствараць пад сябе нейкую грамадска-палітычную сілу. Які раз заяўляю: мне яна не патрэбна. Я ведаю, на каго апірацца - толькі на народ, толькі, і больш няма сэнсу на некага апірацца, таксама ж як і вы, дэпутаты, і многія тут прысутныя. А народ нам за апошняе дзесяцігоддзе ні разу не адмаўляў, заўсёды нас падтрымліваў.

Сказанае не значыць, і што Лукашэнка сёння спрабуе зрабіць нейкі рэверанс у бок "дэмакратызацыі" дзяржавы пад націскам заходняга вектара, замежных дзяржаў. Ні ў якім выпадку. Я проста сумленна і шчыра вам адказваю на тое пытанне, якое сёння блукае ў розумах некаторых дзяржаўных служачых, асабліва высокага рангу.

Мы, яшчэ раз падкрэсліваю, ідзём і павінны ісці ад жыцця: штучна нічога не прыдумваючы і не ўкараняючы чужога. Гістарычна вызначылася, што ў аснове нашага грамадства чатыры стаўпы, яны існуюць, іх трэба развіваць: прафсаюзы, Саветы дэпутатаў, маладзёжныя і ветэранскія арганізацыі.

Мы захавалі пераемнасць. Гэта не проста найбольш масавыя аб'яднанні. Гэта сфарміраваныя, сталыя, выпрабаваныя часам інструменты самаарганізацыі і самакіравання народа, якія даказалі сваю эфектыўнасць.

Вядома, іх патэнцыял далёка не поўнасцю рэалізуецца. На новым этапе развіцця краіны ад іх чакаецца больш эфектыўны ўдзел у вырашэнні дзяржаўных задач. Але яшчэ больш важна, каб іх дзейнасць была "заземленая" на інтарэсы і патрэбы простага чалавека.

Калі асноўную масу насельніцтва складаюць працоўныя, зразумела, што на першы план выходзяць грамадскія аб'яднанні, якія прадстаўляюць і абараняюць іх інтарэсы, а менавіта прафесійныя саюзы. Гэта адна з наймацнейшых апор дзяржавы, якую ўлада падтрымлівала і будзе падтрымліваць у далейшым.

І ні ў якім выпадку нельга яе абрушыць! Негатыўны вопыт у нас ёсць. Мы лічылі: партыя дрэнная, Савецкая дзяржава дрэнная, развалілі ўсё, абрушылі. Што атрымалі ўзамен?! Таму трэба пакінуць вось гэта добрае. Вы заўважылі, што ў апошняе пяцігоддзе я вельмі шмат увагі ўдзяляў прафсаюзнаму руху і ўсяляк садзейнічаў, каб прафсаюзы ў нас адышлі ад такой дзікай, незразумелай палітыкі, якую яны праводзілі, і сталі побач з народам, пайшлі ў народ, каб яны былі сутнасцю народа і праводзілі тую палітыку, якая сёння патрэбна народу. Мы гэта зрабілі.

Сёння для прафсаюзаў надыходзіць новы перыяд, новы этап: прафсаюзы павінны больш актыўна ўмешвацца не толькі ў грамадскае жыццё, але і ў тыя працэсы, якія па закону яны абавязаны кантраляваць. Яны на справе павінны, не проціпастаўляючы сябе работадаўцам, кіраўніцтву прадпрыемстваў, Ураду, з якім яны выбудоўваюць партнёрскія адносіны, больш актыўна, па-сапраўднаму абараняць інтарэсы нашых людзей.

Яны надзелены шырокімі паўнамоцтвамі па кантролі за выкананнем працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян. За апошні час у гэтым напрамку прыняты шэраг прававых актаў. Іншая справа, наколькі ўмела прафсаюзы выконваюць свае функцыі і распараджаюцца прадастаўленымі магчымасцямі.

Вы паглядзіце, што ў нас робіцца ў сферы аховы працы? Па статыстыцы, адной з асноўных прычын смяротнасці і траўматызму з'яўляюцца няшчасныя выпадкі на вытворчасці. Гінуць людзі ў самым працаздольным узросце з-за элементарнай бязладнасці, парушэння правіл тэхнікі бяспекі, адсутнасці дысцыпліны. Барацьба з гэтым павінна стаць прыярытэтным напрамкам дзейнасці прафсаюзаў. У вас дастаткова сіл і паўнамоцтваў!

Вельмі пазітыўна, што прафсаюзы разгарнулі актыўную работу ў недзяржаўным сектары эканомікі. Аналіз зваротаў грамадзян на імя Прэзідэнта сведчыць, што парушэнні правоў работнікаў прыватных прадпрыемтваў маюць масавы характар. Людзі пішуць аб недапушчальных фактах: не ствараюцца нармальныя ўмовы працы, не выплачваецца своечасова і ў поўным аб'ёме заработная плата, не выконваецца рэжым рабочага часу. У многіх арганізацыях прадаўжаецца практыка выдачы зарплаты "ў канвертах". Гэта не толькі ўхіленне ад падаткаў. Тым самым наносіцца ўдар па інтарэсах самога чалавека: бо яго пазбаўляюць пенсіі ў будучым.

А што адбываецца пры прыёме на работу жанчын? Дайшлі да таго, што разам з заявай аб працаўладкаванні адначасова ў асобных прыватных прадпрыемствах бярэцца заява аб звальненні на выпадак цяжарнасці. Я ўжо не гавару аб тым, што прыватнікі ўсялякімі спосабамі ўхіляюцца ад выплаты дапамог па доглядзе дзіцяці. І гэта пры нашай агульнанацыянальнай задачы вырашыць дэмаграфічную праблему!

Прафсаюзам трэба яшчэ больш актыўна і рэзультатыўна абараняць людзей, незалежна ад таго, у арганізацыях якой формы ўласнасці яны працуюць. Смялей трэба наводзіць парадак!

Шмат нездаровага ажыятажу вакол кантрактнай сістэмы. Давайце, нарэшце, паставім кропку: гэта цывілізаваная форма працоўных узаемаадносін, па якой жыве ўвесь свет. І ніякіх адступленняў ад гэтай практыкі не будзе: кантракт заключаецца з усімі, пачынаючы ад вышэйшых службовых асоб аж да радавога работніка. Тым, хто працуе добрасумленна, няма чаго баяцца.

З другога боку, асобнымі кіраўнікамі дапускаюцца злоўжыванні. Вось тут і павінна праяўляцца роля Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая абавязана выяўляць такія факты і неадкладна прымаць меры па іх устараненні.

Трэба дабіцца такога аптымальнага становішча, каб прафсаюз на прадпрыемстве адначасова выступаў і прадстаўніком працоўнага калектыву, і партнёрам кіраўніцтва. Не павінна быць канфрантацыі і саперніцтва.

Перакананы, што калі людзі рэальна адчуюць на сабе клопат Федэрацыі прафсаюзаў, у вашых радах будзе 100 працэнтаў працоўных. Ваш аўтарытэт - магутны сродак супраць нападкаў з боку розных міжнародных і апазіцыйных структур, якія спекулююць на лозунгу абароны правоў чалавека.

Варта звярнуць пільную ўвагу на сістэму мясцовага самакіравання. Я ўсё больш пераконваюся ў тым, што мы правільна зрабілі, паўсюль захаваўшы Саветы дэпутатаў. А ў свой жа час мне прапаноўвалі іх скараціць або нават скасаваць. Сёння мы робім стаўку на іх у вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння на мясцовым узроўні.

Нам удалося пераадолець своеасаблівую "хваробу" процістаяння Саветаў і выканкамаў, якой яны былі ахоплены гадоў дзесяць таму.

Але даводзіцца канстатаваць, што ў шэрагу рэгіёнаў Саветы ўпалі ў іншую крайнасць - як кажуць, "ляглі" пад выканкамы, страціўшы ўсякую ініцыятыву. У дэпутаты мясцовых Саветаў часта імкнуцца толькі дзеля статусу, атрымання дробных пераваг, якія можа даць дэпутацкі значок, а не дзеля служэння сваім выбаршчыкам.

З-за нізкага аўтарытэту асобных мясцовых Саветаў людзям становіцца ўсё роўна, хто ў іх трапіць, таму што яны не бачаць ні свайго дэпутата, ні яго спраў. Вось і атрымліваецца, што іншым часам у дэпутаты праходзяць выпадковыя людзі. Калі разабрацца, то так званыя апазіцыянеры становяцца дэпутатамі мясцовага ўзроўню не таму, што іх падтрымала насельніцтва, а з-за невысокага даверу да канкрэтнага Савета. Парламенцкія і прэзідэнцкія выбары пераканаўча паказваюць, за каго і за што галасуе абсалютная большасць грамадзян краіны.

Змяніць сітуацыю можна толькі істотна ўзняўшы эфектыўнасць дзейнасці Саветаў дэпутатаў. Галоўнае для іх - стварыць дзейсны механізм зваротнай сувязі з насельніцтвам.

Асабліва актуальная гэта праблема цяпер, напярэдадні чарговых мясцовых выбараў.

Нашы апаненты рыхтуюцца да жорсткай схваткі, марачы аб рэваншы за нядаўняе скрышальнае паражэнне і спадзеючыся стварыць плацдарм на будучае. Процістаяць гэтаму будзе не нейкі адміністрацыйны рэсурс, а канкрэтныя кандыдаты ў дэпутаты - людзі дастойныя, аўтарытэтныя, ініцыятыўныя, неабыякавыя да праблем суграмадзян. Работу ў гэтым напрамку ўсім нам трэба пачынаць ужо цяпер.

Часта кажуць, што ў Саветаў нібыта не хапае паўнамоцтваў, таму яны не могуць сябе праявіць. Паважаныя, Канстытуцыя надзяліла вас самымі галоўнымі правамі - вызначаць бюджэт і распараджацца ўласнасцю. Што можа быць больш важным? Проста займіце сваю нішу ў вырашэнні мясцовых спраў. Не трэба "перацягваць канат" з выканкамамі і іншымі дзяржаўнымі органамі.

У Саветаў вялікае поле дзейнасці. Гэта кантроль за рацыянальным расходаваннем сродкаў мясцовага бюджэту і выкарыстаннем камунальнай уласнасці, за выкананнем праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця тэрыторый.

Саветы істотна недапрацоўваюць у пытаннях укаранення сацыяльных стандартаў, навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання населеных пунктаў, рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі.

Незразумела, чаму дэпутаты пасіўныя ў справе дэбюракратызацыі. Бо вядома, што найбольш востра гэта праблема праяўляецца ў рабоце выканкамаў, дзе пануе фармалізм, валакіта, бяздушнасць, фанабэрыя. Тут ваш патэнцыял вельмі спатрэбіцца!

І самае галоўнае - дэпутатам трэба больш працаваць непасрэдна з людзьмі. Вы, як ніхто, бліжэйшыя да іх і павінны больш глыбока ведаць злабадзённыя праблемы. Дапамагаць у іх вырашэнні, а пры неабходнасці сігналізаваць у вышэйстаячыя інстанцыі. На жаль, такога ўзроўню зваротнай сувязі ў вас пакуль няма.

Не трэба забываць, што акрамя Саветаў дэпутатаў ёсць і іншыя формы мясцовага самакіравання. Аднак у многіх рэгіёнах яны неапраўдана страцілі былую ролю. Нам трэба шырэй прыцягваць людзей да вырашэння пытанняў мясцовага жыцця. Але каардынуючую ролю аб'ектыўна павінны ўзяць на сябе Саветы.

Мы многа гаворым аб тым, што будучае ў руках маладых. Словы трэба напоўніць рэальным зместам. Гэта стратэгічна важная задача, калі хочаце - пытанне нацыянальнай бяспекі.

У нашай маладой дзяржаве ва ўжо змененых сацыяльна-эканамічных умовах вырасла новае пакаленне грамадзян. Іх жыццёвая пазіцыя толькі складваецца, і, зразумела, успрымальная да ўздзеяння розных інфармацыйных і ідэалагічных плыняў. Таму ні ў якім разе нельга пускаць на самацёк фарміраванне светапогляду маладых людзей.

І тут вельмі важная роля маладзёжных арганізацый, якія будуць рэальна адлюстроўваць інтарэсы новага пакалення нашых беларусаў. Стануць той структурай, якая дасць магчымасць моладзі непасрэдна выказваць і адстойваць сваю грамадзянскую пазіцыю, актыўна ўдзельнічаць у дзяржаўным і грамадскім жыцці краіны.

Аднак яны не маюць нічога агульнага з тымі дэструктыўнымі аб'яднаннямі, якія выкарыстоўваюць неакрэплыя розумы юнакоў і дзяўчат у экстрэмісцкіх мэтах.

Вялікія надзеі ўскладаюцца на Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Гэта найбольш масавае маладзёжнае аб'яднанне, якое ўжо прыкметна праявіла сябе ў многіх карысных пачынаннях і акцыях.

І зусім апраўдана, што дзяржава аказвае ўсямерную падтрымку гэтаму Саюзу. Так было і так будзе.

Але і ад вас павінна быць адпаведная аддача. Рана або позна надыходзіць час, калі з бацькоўскай шыі трэба спусціцца. Час станаўлення ўжо мінуў.

Хочацца, каб саюз моладзі аб'ядноўваў абсалютную большасць маладых людзей краіны. Бо моладзь імкнецца да актыўнага грамадскага жыцця, таго, якім некалі жыў камсамол. Яны хочуць сябе праявіць, сябе рэалізаваць, займацца сур'ёзнымі справамі на карысць сваёй Айчыны. Давайце ім гэту магчымасць, павярніцеся тварам да іх памкненняў!

Галоўная ваша задача - максімальна мабілізаваць маладзёжную ініцыятыву ў грамадскіх інтарэсах.

Асабліва актыўнае ў гэтым плане студэнцтва. Няпраўда, што яно ў нас праблемнае. Проста трэба знайсці правільны падыход, як гаворыцца, агульную мову. Зацікавіць гэту найбольш інтэлектуальную і інфармаваную маладзёжную аўдыторыю. Тут БРСМ пакуль яўна не дапрацоўвае.

Вы павінны больш увагі ўдзяляць узаемадзеянню з піянерскім, іншымі дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб'яднаннямі. Хацелася б, каб Саюз стаў сапраўды лідэрам усяго маладзёжнага руху.

Дзяржава робіць усё для таго, каб кожны малады чалавек Беларусі абавязкова быў запатрабаваны ва ўласнай краіне. Мы разглядаем нашу моладзь як партнёра ўлады і чакаем ад яе больш актыўнага ўдзелу ў дзяржаўным кіраванні.

У пытаннях патрыятычнага выхавання, захавання гістарычнай памяці мы апіраемся на нашы ветэранскія арганізацыі. Кіруючыся прынцыпамі пераемнасці пакаленняў у іх аб'яднаны не толькі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, іншых баявых дзеянняў, але і ветэраны працы. У грамадстве гэта далёка не малая частка насельніцтва, якая да таго ж дастаткова актыўная і пастаянна папаўняецца. Таму яе думка абавязкова павінна знаходзіць адлюстраванне ў дзяржаўнай палітыцы. Правадніком інтарэсаў павінны выступаць такія арганізацыі.

Несумненна, стрыжнем ветэранскага руху з'яўляецца старэйшае пакаленне. Велізарны дзякуй за вашу стойкасць, адданасць і пастаянную падтрымку. У сучасных умовах, калі на Беларусь ідзе масіраваны знешні націск, мудрасць і вопыт ветэранаў асабліва нам патрэбны. Хачу запэўніць: вы адстаялі краіну ў 45-м, мы адстаім яе цяпер!

Мы спадзяёмся на далейшы актыўны ўдзел Царквы ў фарміраванні духоўнасці і маралі ў беларускім грамадстве. Гэтыя каштоўнасці нам удалося захаваць, і было б грэх іх страціць.

Сёння мы можам ганарыцца тым, што ў нас забяспечана грамадска-палітычная стабільнасць. Таму што мы дакладна разумеем: вырашыць маштабныя задачы, якія стаяць перад намі, можна толькі пры ўмове кансалідацыі ўсіх здаровых сіл грамадства.

Улада і надалей будзе ствараць найбольш спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі сваіх грамадзян, для іх актыўнага далучэння ў вырашэнне дзяржаўных спраў.

Але вядома, што жыць у грамадстве і быць свабодным ад яго немагчыма. Гэта значыць, што трэба ўмець не толькі ўладарыць, але і падначальвацца.

Задача ўлады якраз і складаецца ў тым, каб забяспечваць разумны баланс інтарэсаў дзяржавы, грамадства і асобы. У гэтым заключаецца сапраўдная справядлівасць.

Я, паважаныя сябры, не выпадкова - магчыма, для большасці гэта ў навінку і нечакана - пачаў размову менавіта з грамадскіх арганізацый. І ўсюды, як вы заўважылі, падкрэсліваў іх вядучую ролю ў абароне інтарэсаў грамадзян і падтрымцы розных катэгорый грамадзян. А што павінен гаварыць Прэзідэнт пасля прэзідэнцкіх выбараў, дзе практычна ўсё насельніцтва падтрымала яго на выбарах. Гэта не толькі давер да Прэзідэнта - гэта давер да ўсёй улады, давер да ўсіх нас.

Галоўны вывад, які трэба зрабіць са сказанага мною толькі што: мы павінны вярнуць доўг народу. Павінны народ падтрымаць, абараніць, аддзячыць за тую каласальную падтрымку, якую ён нам аказаў, часам, трэба прызнаць, авансам. І гэта мы павінны зрабіць не толькі напрамую - чыноўнікі, дзяржаўныя служачыя і я як Прэзідэнт, але і праз грамадскія арганізацыі, якія сфарміраваліся.

Пры гэтым я абсалютна не выключаю з гэтага працэсу тыя грамадскія рухі, партыйныя арганізацыі, якія існуюць у краіне. Мы гатовы слухаць усіх, хто сёння канструктыўна працуе на карысць нашай Айчыны, хто ўмее слухаць, хто хоча працаваць, хто хоча дзейнічаць, а не зарабляць грошы на палітычных кампаніях і працэсах.

Яшчэ раз падкрэсліваю: мы павінны аддаць доўг сваім людзям. Як гэта зрабіць, мы ўжо ведаем, нічога не трэба выдумляць - гэта ўжо мы праходзілі ў гісторыі нашай дзяржавы.

САЦЫЯЛЬНЫ ДАБРАБЫТ - ФАКТАР СТАБІЛЬНАСЦІ

Мы аб'явілі дэвізам цяперашняй пяцігодкі пабудову дзяржавы для народа. Але гэта не значыць, што яе нехта будзе для нас ствараць. Зрабіць мы гэта можам толькі сумеснымі намаганнямі, задзейнічаўшы ўвесь патэнцыял нацыі. Мы яго будзем фарміраваць самі і для сябе!

Але гэты працэс не зводзіцца толькі да ўдасканалення структуры ўлады. Гаворка ідзе аб новай якасці жыцця ва ўсіх сферах. І пачынаць трэба кожнаму з сябе: са свайго дома, сваёй сям'і, свайго горада або пасёлка, уласных адносін да даручанай справы.

Улада ідзе насустрач людзям літаральна ва ўсім. Прадастаўляюцца рабочыя месцы. Пастаянна расце ўзровень даходаў. Удзельная вага малазабяспечанага насельніцтва ў краіне за пяцігоддзе знізілася з 42 да 13 працэнтаў.

Вядзецца маштабная жыллёвае будаўніцтва. Кардынальна паляпшаюцца ўмовы жыцця ў вёсцы. Аснашчаюцца на самым сучасным узроўні медыцынскія ўстановы. У нас якасная і даступная адукацыя. Створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам, для культурнага адпачынку.

Але чамусьці мы ўвесь час акцэнтуем увагу на тым, што дзяржаўныя органы робяць для чалавека. Такі аднабокі падыход - шлях да спажывальніцтва. Час патрабуе двухбаковага руху.

А так, што атрымліваецца? Дзяржава турбуецца аб занятасці, павышэнні заработнай платы, а на рабочых месцах п'янства, прагулы, нізкая прадукцыйнасць працы і нікуды не вартая якасць. Адсюль, дарэчы, і стратнасць прадпрыемстваў.

Сёння ў свеце каласальны попыт на беларускую прадукцыю, асабліва нашых флагманаў. Возьмем Мінскі трактарны завод. Напярэдадні 60-годдзя гэтага прадпрыемства хачу сказаць - небывалых вышынь дасягнуў працоўны калектыў. МТЗ  цяпер нават не можа задаволіць попыт  на сваю прадукцыю. На шмат месяцаў наперад плацяць за прадукцыю МТЗ, гатовы ўзяць любы трактар, нават разукамплектаваны, каб на месцы сабраць і выехаць у поле, патрэбнасць найвялікшая. І такім чынам, узнікае элемент непатрабавальнасці ў гэтых рыначных адносінах, і у таго-сяго з'яўляецца жаданне схалтурыць: попыт вялікі, ну, хутчэй давай, гайку не закруцілі, не ўстанавілі, рухавік не пракруцілі і гэтак далей. Выязджае трактар на поле - зламаўся. Я гавару аб тым, што можа адбывацца і часам адбываецца.

Таму я паставіў задачу Прэм'ер-міністру асабіста: узяць пад кантроль - пры ўмове вялікага попыту на нашу прадукцыю - пытанні якасці. Гэта ж рынак - людзі выбіраюць, што лепш, і выберуць даражэй, але больш якасна і больш надзейна. Калі толькі мы ўпусцім пытанні якасці, мы зноў будзем адкінуты на 10-15 гадоў назад, і наш трактарны і іншыя заводы пачнуць проста "куляцца", як гэта было пасля развалу Савецкага Саюза.

Таму пытанні якасці - гэта пытанні нашага жыцця, нашай выжывальнасці, прытым якасці ўсюды - у будаўніцтве, у дарожным будаўніцтве. Паглядзіце, кожны дзень "латаюць" у Мінску адны і тыя ж дзіркі на дарогах. Але гэта ў Мінску! А паглядзіце, што робіцца на перыферыі!

Якасці трэба ўдзяліць першарадную ўвагу. І побач паставіць пытанні эфектыўнасці, беражлівасці, таму што лішніх грошай у краіне няма. І калі мы за гэтыя два працэсы ўчэпімся мёртвай хваткай, паверце, будзем багацейшыя ў два разы. Таму - якасць і яшчэ раз якасць.

Немагчыма сёння дасягнуць максімальнага эфекту на вытворчасці ні жорсткімі законамі, ні дырэктывамі, калі працоўная дысцыпліна не ўвойдзе ў звычку, у лад жыцця і дзейнасці людзей.

Паглядзіце, у якім стане некаторыя кватэры, жылыя дамы, пад'езды, двары. Не могуць прывесці ў парадак платы і прысядзібныя ўчасткі.

Дзяржава павінна і будзе дапамагаць толькі там, дзе без гэтага не абысціся. Але тое, што пад сілу зрабіць чалавеку, павінен зрабіць ён сам.

Здароўе нацыі - найвышэйшая каштоўнасць. Але складваецца ўражанне, што гэта каштоўнасць толькі для дзяржавы, а не для самога чалавека. Многія не толькі не ўмеюць, але і не хочуць быць здаровымі. Нягледзячы на вельмі шырокія магчымасці для гэтага.

Спрыяльным і бяспечным трэба зрабіць асяроддзе пражывання. Для гэтага дастаткова падтрымліваць у натуральным стане ўсё тое, што ў нас ёсць, што дадзена нам Богам.

Колькі б дзяржава ні прыкладала намаганняў да таго, каб зрабіць краіну багатай, яна ніколі не стане такой, калі людзі не будуць сябе паводзіць у ёй як працавітыя і беражлівыя гаспадары, калі не будуць любіць, цаніць і прымнажаць тое, што ў іх ёсць.

БУДУЧАЕ - ЗА ІНАВАЦЫЙНЫМ РАЗВІЦЦЁМ

Беларусь у апошнія пяць гадоў развівалася значна хутчэй, чым краіны СНД і Еўрасаюза. Такія высокія тэмпы можна захаваць толькі за кошт інавацый. Таму будучыня за інавацыйным развіццём, за мадэрнізацыяй вытворчасці, павышэннем прадукцыйнасці працы.

У складаныя перыяды дзяржава ў той або іншай форме падтрымлівала практычна ўсе прадпрыемствы. І гэта, на жаль, стала звычкай.

Дапамога павінна стаць больш адраснай Трэба пераключыць увагу з ужо акрэплых індустрыяльных гігантаў на дробныя і сярэднія прадпрыемствы, якія, у асноўным, з'яўляюцца горадаўтваральнымі. Гэта будзе садзейнічаць скарачэнню колькасці стратных арганізацый і выраўноўванню ўмоў жыцця на ўсёй тэрыторыі краіны.

Але гэта праблема павінна непакоіць, у першую чаргу, кіраўнікоў і працоўныя калектывы. Час утрыманства мінуў!

І пры гэтым, паважаныя спецыялісты, Прэм'ер-міністр, яго намеснікі, іншыя члены Урада, катэгарычна забараняецца з заўтрашняга дня апеляваць да падзей, звязаных з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Маўляў, вось Кітай, экспансія, падаткаў няма, таго няма, таннасць прадукцыі, не можам канкурыраваць, лён не ідзе, трактары не ідуць, БелАЗы, МАЗы не ідуць, тое не ідзе, гэта не ідзе. Гэту  балбатню з тэлевізарамі і халадзільнікамі трэба скончыць!

Сёння людзі разумеюць, што ў Беларусі вырабляецца такая прадукцыя якасная. І калі яна крыху даражэйшая, чым расійская, кітайская, індыйская і іншая, яе людзі купляць будуць. А спасылкі на тое, што Кітай запаланіў увесь свет, і браць прыклад з Еўрасаюза, які кожны дзень плача і крычыць, не пускае кітайскія тавары на свой рынак, - гэта не наш шлях.

Яшчэ раз паўтараю: мы не можам закрыцца ад тавараў ні з Кітайскай Народнай Рэспублікі, ні з Расіі, ні з Еўрасаюза і Амерыкі. Не можам! Калі толькі мы будзем настройвацца на гэта і закрыем наш рынак для іх тавараў, то адразу будзе закрыты іх рынак для нашых тавараў. Такое жыццё, такая эканоміка нашай дзяржавы! Мы неаднаразова гаварылі аб тым, што яна мае адкрыты характар.

Таму "Віцязі", "Гарызонты" і іншыя з 1 студзеня будучага года да мяне за субсідыямі, падтрымкай, за тым, каб зменшыць падаткі, не прыходзьце. Вось у вас ёсць час, і думайце, як вы будзеце працаваць з 1 студзеня. Усе кіраўнікі, члены Урада ўсіх рангаў думайце, як будуць працаваць падпарадкаваныя вам прадпрыемствы. Вы мне абяцалі, калі я вас назначаў, што знойдзеце выйсце з гэтага становішча. Шукайце!

Павінны кардынальна змяніцца падыходы да эканомікі прадпрыемства. На першым месцы - рэсурсазберажэнне, зніжэнне сабекошту, укараненне перадавых тэхналогій.

Мы паступова пераходзім ад ўсёабдымнага дзяржаўнага рэгулявання эканамічных працэсаў да кантролю і дапамогі з боку дзяржавы. Падтрымлівацца будуць толькі акупныя і канкурэнтаздольныя праекты.

Кантроль за суб'ектамі гаспадарання павінен ажыццяўляцца толькі ў частцы выканання імі абавязацельстваў перад дзяржавай, спажыўцом, наёмным работнікам. У дачыненні астатніх бакоў эканамічнага жыцця трэба прадаставіць свабоду дзеянняў.

Яшчэ раз паўтараю: кантроль за суб'ектамі павінен ажыццяўляцца толькі ў частцы выканання імі асноўных абавязацельстваў перад дзяржавай, спажыўцом і наёмным работнікам. У адносінах да астатніх бакоў эканамічнага жыцця трэба прадаставіць свабоду дзеянняў кіраўнікам прадпрыемстваў і працоўным калектывам гэтых прадпрыемстваў.

БЕЛАРУСЬ У СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ

Знешнепалітычная абстаноўка ў свеце цяпер няпростая. Сёння яна настолькі хісткая, што самы малы непрадуманы крок можа прывесці  да непапраўных наступстваў.

Пры гэтым хачу падзяліцца з вамі, можа, я і не зусім маю рацыю, адной думкай. Сёння сітуацыя ў свеце яшчэ больш складаная, чым пасля распаду Савецкага Саюза, чым 5, 7 гадоў, 3 гады таму. Абумоўлена гэта, перш за ўсё, тым, што пачалі з'яўляцца новыя цэнтры сілы. І не проста ў размовах, у сродках масавай інфармацыі, а рэальна.

Гэта звязана з вельмі вялікімі цэнамі на энерганосьбіты. Пачаў узнімацца рэгіён Персідскага заліва, у тым ліку і Іран, пачаў развівацца Кітай, а самае галоўнае - на ногі ўстае Расія. І гэтак далей. Я яшчэ не назваў Індыю, ды і Лацінскую Амерыку, якая ўсё больш актыўна праводзіць самастойную палітыку, адрозную ад той, якую ёй навязвалі Злучаныя Штаты Амерыкі.

Гэтыя цэнтры сілы ўсё больш і больш патрабуюць для сябе пэўных правоў і свайго месца ў гэтым вельмі цесным, складаным свеце. Як вынік, абвастраецца барацьба паміж гэтымі дзяржавамі (пакуль яе не відаць, але, на мой погляд, хутка, на жаль, мы будзем сведкамі больш адкрытай і вострай барацьбы).

Вельмі не хацелася б, каб гэта прывяло да жорсткага абвастрэння сітуацыі, як гэта не раз было ў нашай гісторыі і асабліва напярэдадні Другой сусветнай вайны.

Нядаўняе выступленне нашага сябра, кіраўніка суседняй дзяржавы, у якім акцэнт быў зроблены ў тым ліку на ваеннай палітыцы, жорстка крытыкавалася ў свеце. Усе проста залямантавалі і закрычалі. Расія заявіла аб тым, што яна будзе мадэрнізаваць і ўмацоўваць сваю абараназдольнасць і свае Узброеныя Сілы. Што тут дзіўнага? Гэта зразумела. Але гэта проста выклікала шквал, проста атаку ў адрас кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі. Вы ж разумееце, што гэта не проста адказ на заяву Прэзідэнта Расіі Пуціна. Гэта занепакоіла ўсіх тых, хто сёння кіруе светам.

Таму наша знешнепалітычнае ведамства павінна зыходзіць з таго, што свет не стаў спакайнейшым, у ім усё больш і больш абвастраюцца супярэчнасці.

Дабаўце да гэтага, што калі не спыніцца нястрымны рост цэн на энерганосьбіты, сыравіну, матэрыялы і камплектуючыя для фінішнай вытворчасці, якую маюць высокаразвітыя дзяржавы, дапусцім, краіны Еўрасаюза, Беларусь, то значна абвострацца працэсы (што ўжо адбываецца) у сферы эканомікі, што можа прывесці да абвалу сусветнай эканомікі, а следам і фінансавай сістэмы. І вы ведаеце, што можа адбыцца пасля гэтага. Таму давайце будзем адкрыта глядзець на рэчы і канстатаваць іх так, як яны, напэўна, развіваюцца. Яшчэ раз падкрэсліваю, на жаль. Хацелася б пазбегнуць горшага варыянта.

На развіццё ж Беларусі негатыўна ўплываюць у найбольшай ступені два фактары.

Па-першае, беспрэцэдэнтны націск Захаду на нашу краіну, пастаянныя пагрозы прымянення санкцый і іншых неадэкватных, я сказаў бы, нават абсурдных мер.

Па-другое, пагаршэнне кан'юнктуры цэн на сусветных рынках. Перш за ўсё, рост кошту энергарэсурсаў.

Але апошняя палітычная кампанія ў Беларусі наглядна паказала, што гэтыя абставіны не выбіваюць нас з каляіны. Наадварот, з'ядноўваюць грамадства для пераадолення цяжкасцей і дасягнення пастаўленых мэт.

Замацаваўшы пазітыўныя палітычныя і эканамічныя тэндэнцыі ўнутры краіны, прыярытэтнай задачай выступае інтэграцыя ў сусветную эканоміку з нязменным захаваннем нашых нацыянальных інтарэсаў.

Беларусь паслядоўна праводзіць шматвектарную палітыку, накіраваную на пашырэнне рынкаў збыту сваіх тавараў.

Але рабіць гэта трэба яшчэ больш агрэсіўна, у добрым сэнсе слова. Сёння праблема не столькі ў тым, каб вырабіць тавар, а каб умела і выгадна яго прадаць.

Унутраны рынак будзе адкрыты для тэхналогій і распрацовак, якія аб'ектыўна не могуць быць выраблены ў Беларусі. Ва ўмовах адкрытасці нашай эканомікі рынак павінен рэгулявацца не "плотам" на граніцы, аб чым я ўжо сказаў, як хацелася б некаторым кіраўнікам, а паскораным укараненнем прагрэсіўных тэхналогій, выпускам айчынных тавараў высокай якасці па даступных цэнах.

Нам нельга забываць, што незалежна ад таго, ці з'яўляецца юрыдычна Беларусь членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі, мы ўжо даўно жывём па яе законах.

Сёння ў нас знешніх інвестыцыйных прапаноў многа. Але часта нашы арганізацыі не могуць прапанаваць пад іх нічога талковага. Мы павінны прыцягваць замежных партнёраў да рэалізацыі перспектыўных і выгадных праектаў. Ініцыятыва патрабуецца ад вас, паважаныя кіраўнікі прадпрыемстваў.

І няма чаго апраўдваць сваю пасіўнасць нейкай палітызаванасцю сітуацыі. Беларусь мае ўстойлівыя знешнеэканамічныя сувязі з многімі краінамі на ўсіх кантынентах. Там ужо даўно зразумелі: з намі выгадна супрацоўнічаць. Нарошчваючы эканамічную магутнасць, мы даб'ёмся і палітычнага прызнання.

Беларусь у гэтым годзе старшынствуе ў Еўразійскім эканамічным супольніцтве, у Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Мінск прыме хутка чарговы саміт кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД.

Гэта спрыяльныя фактары, якія даюць магчымасць нам канчаткова вызначыцца са стратэгіяй развіцця інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. З тым каб замацаваць вядучую ролю Беларусі ў міждзяржаўных утварэннях.

Бясспрэчныя перавагі яднання з Расіяй. Гэта наш гістарычны выбар. Цяпер сумесныя намаганні накіраваны на пошук аптымальнай мадэлі ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы. Паказальна, што мы перайшлі ад вырашэння выключна арганізацыйна-прававых пытанняў да канкрэтнай работы ў сферах сацыяльнага забеспячэння, адукацыі, аховы здароўя, падатковай палітыкі і свабоды перамяшчэння. Апошнім часам падпісаны пакет дакументаў, накіраваных на тое, каб зняць цэлы шэраг вострых жыццёвых праблем, якія хвалююць людзей.

Мы прадоўжым супрацоўніцтва ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Так, сёння рэзервы шматбаковых механізмаў СНД не выкарыстоўваюцца з патрэбнай аддачай. Але гэта яшчэ не падстава для таго, каб гаварыць аб яе ліквідацыі. У нас ёсць агульныя інтарэсы, і таму любая форма інтэграцыі карысная. Нам трэба больш актыўна развіваць у рамках СНД транзітны складальнік, сацыяльнае і гуманітарнае супрацоўніцтва.

У той жа час нельга не прызнаць, што Садружнасць мае патрэбу ў рэфармаванні. Галоўным чынам, для таго, каб павысіць эфектыўнасць прымаемых рашэнняў і адказнасць кожнай дзяржавы за выкананне прынятых на сябе абавязацельстваў.

Беларусь зыходзіць з простага і зразумелага пасылу: справядлівае светаўладкаванне можа быць толькі шматпалярным. Гэта наша пазіцыя сугучная меркаванню шырокага кола краін.

Імкненне да манапалізму ў сусветнай палітыцы, якімі б прыгожымі словамі яно ні прыкрывалася, азначае не што іншае, як адкрыты дыктат, навязванне ўсяму чалавецтву волі адной або невялікай групы дзяржаў.

Гісторыя наглядна дэманструе, што ўсякі раз гэта заканчваецца адным і тым жа: войнамі, знішчэннем цэлых дзяржаў і народаў, сусветнымі эканамічнымі і палітычнымі крызісамі.

Процідзейнічаць гэтаму можна толькі кансалідаваўшы намаганні ўсіх міралюбівых сіл. Гэта наша прынцыповая пазіцыя, з якой мы адкрыта выступаем на міжнароднай арэне, за ажыццяўленне якой мы актыўна змагаемся.

Беларусь, якая найбольш пацярпела ў Другой сусветнай вайне, мае на гэта маральнае і юрыдычнае права.

Менавіта таму наша краіна стала адным з ініцыятараў істотнага павышэння ролі ААН у разглядзе ўсіх глабальных сусветных праблем, ва ўмацаванні міжнароднай бяспекі.

З гэтага ж пункту гледжання бачыцца вельмі карысным удзел Беларусі ў Руху недалучэння, Шанхайскай арганізацыі, у іншых аўтарытэтных міжнародных структурах.

Беларусь мае шырокую геаграфію міжнародных сувязей. Прыносіць вынікі дастаткова актыўнае супрацоўніцтва з краінамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі.

Галоўным прыярытэтам усходняга вектара з'яўляецца Кітай, які падзяляе нашы погляды па многіх пытаннях.

Мы - за поўнафарматнае супрацоўніцтва са ЗША і Еўрапейскім Саюзам.

Зразумела, што калі мы зацікаўлены ў раўнапраўным супрацоўніцтве з вядучымі краінамі свету, то Беларусь павінна адпавядаць іх узроўню ва ўсім - і ў эканамічнай сферы, і ў ваенным будаўніцтве.

Пры гэтым хачу чарговы раз падкрэсліць: наша Ваенная дактрына непахісна зыходзіць з прыхільнасці прынцыпам міжнароднай бяспекі і падтрымання ўсеагульнага міру.

Мы прадоўжым работу па стварэнню цэласнай сістэмы абароны дзяржавы. Вялікая роля тут адводзіцца ваенна-прамысловаму комплексу, які і ў далейшым будзе развівацца як высокатэхналагічная шматпрофільная галіна.

І не трэба ў гэтым бачыць тэндэнцыі да мілітарызацыі краіны. Такой мэты ў нас ніколі не было, няма і не будзе. Але мы выразна ўсведамляем тую ролю, якую адыгрывае Беларусь у фарміраванні новай сістэмы агульнаеўрапейскай бяспекі.

ЗАКОНЫ - ДЛЯ НАРОДА

У гэтым годзе Нацыянальнаму сходу спаўняецца дзесяць гадоў. Гэта ўжо сфарміраваная структура, якая трывала заняла сваё месца ў палітычнай сістэме нашай дзяржавы і адыгрывае актыўную ролю з кіраванні краінай. У дэпутацкі корпус увайшлі прафесіяналы, людзі з багатым вопытам работы ў галінах народнай гаспадаркі. Гэта значыць, тыя, хто не па чутках ведае рэаліі жыцця.

Новы этап развіцця краіны ставіць перад вамі, паважаныя дэпутаты і члены Савета Рэспублікі, якасна новыя задачы.

Законы павінны быць арыентаваны на чалавека, на гуманізацыю ўсяго жыццёвага ўкладу.

Прыярытэтная задача - стварыць прававую базу пад усе стратэгічныя напрамкі, вызначаныя трэцім Усебеларускім народным сходам.

Мае патрэбу ў пераглядзе дзеючае заканадаўства на прадмет яго адпаведнасці жорсткім патрабаванням па дэбюракратызацыі, удасканаленню работы са зваротамі грамадзян, спыненню карупцыі ў любых яе праявах.

Трэба актывізаваць заканатворчую дзейнасць у сферы аховы мацярынства і дзяцінства, умацавання сацыяльнага статусу сям'і. Нядаўна мною зацверджана Дзяржаўная праграма "Дзеці Беларусі" да 2011 года. У адрозненне ад папярэдніх аналагічных праграм яна змяшчае комплекс канкрэтных мер па забеспячэнню дэмаграфічнай бяспекі, матэрыяльнай падтрымцы імкнення сем'яў да нараджэння некалькіх дзяцей.

Па маім даручэнні да яе падрыхтоўкі прыцягваліся парламентарыі. Я спадзяюся на вашу дзейсную дапамогу не толькі ў частцы заканадаўчага забеспячэння рэалізацыі праграмы, але і кантролю за выкананнем усіх яе палажэнняў.

Акрамя таго, трэба прыняць самыя жорсткія меры, каб у нашай краіне не было сіроцтва дзяцей пры жывых бацьках. Грамадства павінна ацэньваць як ганебную з'яву, калі кідаюць уласных дзяцей.

Трэба сфарміраваць прававую базу пад рэалізацыю і такога дзяржаўнага прыярытэту, як будаўніцтва якаснага і даступнага жылля. Новаму Савету Міністраў дадзены канкрэтныя даручэнні па навядзенню парадку ў цэнаўтварэнні, арганізацыі будаўнічых работ, па максімальнаму задавальненню патрэбнасцей грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Ураду і Парламенту трэба аператыўна, на працягу года прыняць усе неабходныя прававыя акты, накіраваныя на вырашэнне гэтых праблем.

Цяпер у цэнтры заканатворчай работы - падрыхтоўка асноўнага фінансавага дакумента краіны - праекта бюджэту на 2007 год. Я папрашу Урад не зацягваць яго ўнясенне.

Бюджэтны працэс павінен стаць яшчэ больш празрыстым і справядлівым, грунтавацца на аптымальным размеркаванні сродкаў, не дапускаючы вузкаведамасных, месніцкіх  падыходаў і нераўнамернага развіцця тэрыторый.

Пры гэтым папярэджваю: без рэальных мер па спрашчэнню падатковай сістэмы  праект мне можаце нават не прадстаўляць. За гэта асабіста адказвае Прэм'ер-міністр і Міністр фінансаў. Час, нарэшце забяспечыць стабільнасць падатковай палітыкі.

Вы толькі ўдумайцеся. У 2005 годзе Міністэрствам па падатках і зборах было прынята 123 нарматыўныя прававыя акты, з якіх 69 змянялі і дапаўнялі раней выдадзеныя. У першым квартале гэтага года яно прыняло ўжо 42 прававыя акты.

За перыяд са студзеня 2005 года да гэтага часу толькі ў адну з інструкцый па падатку на дабаўленую вартасць шэсць разоў уносіліся змяненні і дапаўненні. Хто можа па гэтых дакументах працаваць і плаціць падаткі? ПДВ - гэта адзін з асноўных падаткаў.

Падатковае заканадаўства, якое часта змяняецца, множнасць дакументаў у гэтай сферы выклікаюць абгрунтаваныя нараканні грамадзян і юрыдычных асоб.

Неапраўдана зацягнулася падрыхтоўка праекта Асаблівай часткі Падатковага кодэкса, што вымушае мяне перыядычна сваімі рашэннямі закрываць недахопы ў законах.

І яшчэ аб адной сферы павінен сказаць.  Нам неабходна ўдасканальваць нацыянальнае заканадаўства з тым, каб ствараць больш спрыяльныя ўмовы для ўдзелу прадпрымальніцкіх структур у рэалізацыі інавацыйных і іншых перспектыўных праектаў, у асваенні фінансава-матэрыяльных рэсурсаў, вырашэнні сацыяльных пытанняў.

Мы павінны даць ім такое заканадаўства, якое вызначыла б устойлівыя правілы гульні, разлічаныя на працяглую перспектыву. Якія не перашкаджаюць, а садзейнічаюць развіццю нацыянальнага капіталу.

Трэба зрабіць так, каб было выгадна ўкладаць свае рэсурсы і веды ў Беларусі.

І гэта датычыцца не толькі прадпрымальніцкага сектара. Заканадаўства ў цэлым павінна мець фундаментальны, стратэгічны і галоўнае - стымулюючы характар.

Задача Нацыянальнага сходу - забяспечыць стабільнасць і даступнасць заканадаўчага рэгулявання. Трэба будзе ўпарадкаваць і сістэматызаваць дзеючыя прававыя акты, выключыўшы з іх палажэнні, што негатыўна ўплываюць на працэсы жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы на новым этапе развіцця.

Больш увагі трэба ўдзяляць прагназаванню вынікаў прыняцця рашэнняў.

Высокая якасць заканадаўства - крытэрый цывілізаванасці дзяржавы.

Паважаныя суайчыннікі!

Мы ставім і вырашаем задачы, дастойныя XXI стагоддзя.

Але на якія грандыёзныя планы мы б ні замахваліся, у цэнтры ўвагі - клопаты аб простым чалавеку, дасягненне новай якасці жыцця.

Свой дом мы пабудавалі на трывалым фундаменце. Ён павінен быць утульным, багатым, адкрытым для сяброў і непрыступным для непрыяцеляў.

Гэта задача такая ж складаная, колькі і высакародная. Разлічаная на перспектыву і стваральную працу пакаленняў.

Вырашыць яе можна толькі мабілізаваўшы здольнасці і таленты кожнага з нас.

Паколькі ў працвітанні Радзімы - дабрабыт усіх!

Яшчэ раз хачу падкрэсліць: я не ставіў сабе за мэту намаляваць глабальныя задачы. Але, адрасуючы сваё слова да народа, дакладна і выразна сказаў: мы перад вамі даўжнікі, вы шмат нам зрабілі авансам, мы будзем вас падтрымліваць, абараняць, што і належыць рабіць уладзе. Калі проста гаварыць, будзем рабіць усё для таго, каб разлічыцца па даўгах з народам. Але і народ павінен бачыць, што насіць на руках мы нікога не будзем. Гэтыя часы скончыліся. Мы ўсіх апошняе дзесяцігоддзе падтрымлівалі, ставілі на ногі. Тыя, хто хацеў жыць і працаваць у Беларусі, яны цвёрда стаяць на нагах. Тыя, хто не хоча, наўрад ці дзяржава ім зможа дапамагчы. Патрэбна, перш за ўсё, жаданне і імкненне. Гэта таксама заклік Прэзідэнта, Кіраўніка дзяржавы да народа.