Падпісаны Закон "Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання грамадзянскага судаводства і грамадзянскіх праваадносін"
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання грамадзянскага судаводства і грамадзянскіх праваадносін".
Дакумент прыводзіць больш за 50 законаў у адпаведнасць з нормамі Грамадзянскага кодэкса і Кодэкса грамадзянскага судаводства, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2026 года. У прыватнасці, удакладнены падсуднасць пэўных катэгорый спраў, назвы працэсуальных дакументаў і тэрміналогія, выключаны неактуальныя спасылкі.
Акрамя таго, Законам замацаваны справядлівы падыход у частцы ўскладання субсідыярнай адказнасці па абавязацельствах даўжніка (з-за прычынення шкоды жыццю або здароўю, аб кампенсацыі маральнай шкоды, выплаце заработнай платы) на ўласнікаў, заснавальнікаў (удзельнікаў) юрыдычных асоб, прызнаных банкрутамі, зыходзячы з прапарцыянальнасці прыналежных ім акцый (долей у статутным фондзе) арганізацыі.
Удасканальваецца парадак стварэння палітычных партый (устанаўліваецца неабходнасць стварэння аргкамітэта і інфармавання аб гэтым Міністэрства юстыцыі). Рэгламентуецца парадак ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, а таксама накіравання ў даход дзяржавы маёмасці, якая засталася пасля іх ліквідацыі.
Рэалізуецца права таварыстваў з абмежаванай адказнасцю дзейнічаць на аснове тыпавога статута, зацверджанага Саветам Міністраў.
У адпаведнасці з Законам выключана неабходнасць выдачы пасведчанняў аб прысваенні кваліфікацыі судовага эксперта (гэта інфармацыя будзе размяшчацца ў Рэестры судовых экспертаў у інтэрнэце), удакладнены статус курсанта Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.
Уступленне ў сілу асобных норм Закона дыферэнцыравана: праз месяц, тры і шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання. Аднак большая частка палажэнняў уступае ў сілу непасрэдна пасля яго афіцыйнага апублікавання.