Падпісаны Указ аб удасканаленні парадку продажу сельскагаспадарчымі арганізацыямі жылых памяшканняў

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада падпісаў Указ № 392 "Аб удасканаленні парадку продажу сельскагаспадарчымі арганізацыямі жылых памяшканняў".

    Дакумент накіраваны на актывізацыю работы па ўключэнні ў гаспадарчы абарот пустуючых незаселеных жылых дамоў сельскагаспадарчых арганізацый, у тым ліку пабудаваных з дзяржаўнай падтрымкай.

    Сельскагаспадарчым арганізацыям - уласнікам пустуючага жылля пры продажы яго на аўкцыёне будзе дазволена зніжаць пачатковую цану жылых памяшканняў пры правядзенні паўторных таргоў на 50%, наступных - на 80% (цяпер кожны наступны аўкцыён цана зніжаецца на 10% ад пачатковай).

    У выпадку, калі аўкцыён па продажы, праведзены з паніжэннем пачатковай цаны на 80%, не адбыўся, такія жылыя памяшканні можна будзе прадаваць за адну базавую велічыню.

    Канкрэтны памер паніжэння пачатковай цаны пры правядзенні паўторных аўкцыёнаў і магчымасць продажу жылых памяшканняў за адну базавую велічыню будуць устанаўлівацца са згоды мясцовых выканкамаў.

    Указ уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.