Падпісаны Указ аб рэестры адрасоў віртуальных кашалькоў і асаблівасцях абароту крыптавалюты

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лютага падпісаў Указ № 48 "Аб рэестры адрасоў (ідэнтыфікатараў) віртуальных кашалькоў і асаблівасцях абароту крыптавалюты".

    Беларусь паслядоўна развівае прававое поле рэгулявання дзейнасці, звязанай з лічбавымі актывамі, і ў адрозненне ад многіх іншых дзяржаў дазваляе свабоднае абарачэнне лічбавых валют. У той жа час гэта патрабуе пастаяннага маніторынгу сітуацыі і пры неабходнасці дапаўнення і ўдакладнення рэгулятыўных норм. У тым ліку для выключэння выпадкаў ценявога фінансавання забароненай дзейнасці. З гэтай мэтай Кіраўніком дзяржавы падпісаны Указ "Аб рэестры адрасоў (ідэнтыфікатараў) віртуальных кашалькоў і асаблівасцях абароту крыптавалюты".

    Дакумент прадугледжвае фарміраванне Паркам высокіх тэхналогій рэестра адрасоў віртуальных кашалькоў, якія выкарыстоўваліся ў проціпраўнай дзейнасці, і ўстанаўленне парадку яго функцыянавання.

    Гэта норма прызначана абараніць удзельнікаў рынку лічбавых актываў ад страты маёмасці і папярэдзіць ненаўмыснае ўцягненне ў забароненую законам дзейнасць.