Падпісаны Указ аб прыёме ў беларускае грамадзянства 224 чалавек, у тым ліку 16 непаўналетніх

    Беларускае грамадзянства прадастаўлена 224 замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, у тым ліку 16 непаўналетнім. Адпаведны Указ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 18 лістапада.

    Новымі грамадзянамі Беларусі сталі выхадцы з 17 дзяржаў. Сярод іх - Арменія, Егіпет, Казахстан, Латвія, Малдова, Расія, Турцыя, Узбекістан. Большасць прыбыла з Украіны.

    Асобы, якія атрымалі беларускае грамадзянства, заняты ў розных сферах эканомікі. Сярод іх - супрацоўнікі сфер адукацыі, абслугоўвання, работнікі аграпрамысловага комплексу, будаўнічай галіны, прадстаўнікі іншых прафесій. Акрамя таго, у ліку новых грамадзян Беларусі - доктар і кандыдат навук, якія выкладаюць у адной з вядучых айчынных ВНУ.

    Адначасова прынята рашэнне аб адхіленні заяў аб прыёме ў грамадзянства шэрага асоб, якія парушалі законы Беларусі.