Падпісаны Указ аб дадатковых мерах для завяршэння даўгабуда на праспекце Дзяржынскага ў Мінску

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 верасня падпісаў Указ № 347 "Аб завяршэнні будаўніцтва жылых дамоў".

    У дакуменце прадугледжаны шэраг мер для завяршэння будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў з убудаванымі памяшканнямі гандлёва-адміністрацыйнага прызначэння і падземнымі гаражамі-стаянкамі ў межах прасп.Дзяржынскага, вул.Шчорса (нумар 3, нумар 4 паводле генплана).

    У прыватнасці, вызначаны заказчык будаўніцтва, генеральная праектная і падрадная арганізацыі. Устаноўлены меры па распрацоўцы, аднаўленні (карэкціроўцы) праектнай, а таксама іншай неабходнай для завяршэння будаўніцтва аб'екта дакументацыі.

    Акрамя таго, прадугледжваецца прадастаўленне заказчыку пазыкі за кошт сродкаў бюджэту Мінска, а таксама дазваляецца павялічыць аб'ём будаўніцтва аб'екта за кошт узвядзення дадатковых секцый, паверхаў і шматкватэрнага жылога дома ў межах вуліц Шчорса - Р.Люксембург - Лермантава - 2-й Землямернай. Пры гэтым грашовыя сродкі, якія складаюць чысты прыбытак заказчыка, будуць накіроўвацца на завяршэнне будаўніцтва аб'екта.

    Таксама для абароны інтарэсаў уладальнікаў жыллёвых аблігацый, якія засведчылі ўнясенне грашовых сродкаў на будаўніцтва пэўнага памеру агульнай плошчы жылога і (або) нежылога памяшкання ў складзе аб'екта (іх правапераемнікаў, наследнікаў), Указам прадугледжана прадастаўленне ім першачарговага права на заключэнне з заказчыкам дагавораў стварэння аб'ектаў долевага будаўніцтва жылога і (або) нежылога памяшкання ў складзе аб'екта.