Падпісаны Указ "Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў"
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня падпісаў Указ № 32 "Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў".
Нормы дакумента накіраваны на ажыццяўленне бяспекі аўтамабільных перавозак, стварэнне ўмоў для добрасумленнай канкурэнцыі, павышэнне якасці аказваемых паслуг і далейшае ўдасканаленне праваадносін у сферы аўтамабільных перавозак пасажыраў.
Указам прадугледжваецца стварэнне дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу "Рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах". Аператарам і ўладальнікам рэестра вызначаецца Транспартная інспекцыя.
У рэестр будуць уключацца звесткі аб перавозчыках, транспартных сродках (аўтобусах, легкавых аўтамабілях, аўтамабілях-таксі), вадзіцелях, дыспетчарах перавозак у нерэгулярных зносінах, дыспетчарах таксі. Уключэнне ў рэестр звестак з 1 жніўня па 31 кастрычніка 2024 года будзе ажыццяўляцца без спагнання дзяржаўнай пошліны.
Для замежных дыспетчараў устанаўліваецца абавязак стварэння на тэрыторыі Беларусі юрыдычнай асобы.