Падпісаны Указ аб афіцыйных геральдычных сімвалах органаў пракуратуры

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 160 "Аб афіцыйных геральдычных сімвалах органаў пракуратуры".

    Дакументам прадугледжваецца заснаванне Сцяга пракуратуры Рэспублікі Беларусь і нагруднага знака ўзнагароды пракуратуры "За заслугi", зацвярджэнне палажэнняў аб названых геральдычных сімвалах, а таксама іх апісанняў і выяў.

    Распрацоўка сімволікі ажыццяўлялася з улікам правіл геральдыкі і гістарычных традыцый органаў пракуратуры.

    Так, Сцяг пракуратуры ўяўляе сабой палотнішча чырвонага колеру, на правым баку якога размешчаны Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, на адваротным - эмблема органаў пракуратуры, а ў дрэўкавай частцы - беларускі арнамент. Ён з'яўляецца сімвалам гонару, доблесці і славы, які служыць напамінам аб вернасці краіне і яе народу, неабходнасці свята захоўваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, бездакорна выконваць службовыя абавязкі.

    Нагрудны знак узнаўляе выяву раней заснаванай эмблемы органаў пракуратуры (паверх двух перакрыжаваных залацістых мячоў размешчаны шчыт чырвонага колеру, у цэнтры якога Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь). Эмблема абрамлена лаўровым вянком. Нагрудным знакам будуць узнагароджвацца пракурорскія работнікі і работнікі сістэмы органаў пракуратуры за ўзорнае выкананне прафесійных абавязкаў, дасягненне пастаўленых мэт, смеласць, вытрымку, рашучасць і ініцыятыву, праяўленыя пры выкананні свайго службовага абавязку.

    Заснаванне гэтых геральдычных сімвалаў будзе садзейнічаць умацаванню аўтарытэту органаў пракуратуры і павышэнню прэстыжу пракурорскай службы.