Па рашэнні Прэзідэнта ў парламент паступіць законапраект аб прыпыненні пагаднення з ЕС аб рэадмісіі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб унясенні ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраекта "Аб прыпыненні дзеяння Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу". Дакумент падрыхтаваны Урадам у рамках мер у адказ на недружалюбныя дзеянні, прынятыя ЕС і яго дзяржавамі-членамі ў адносінах да Беларусі.
Пагадненнем вызначаецца механізм перадачы, прыняцця і вяртання асоб, якія парушылі ўмовы ўезду, знаходжання і пражывання. У бліжэйшы час адпаведныя абавязацельствы нашай краіны будуць замарожаны.
Такое прыпыненне Беларусь ажыццяўляе ў адпаведнасці з міжнародным правам. Пагадненнем прадугледжана, што кожны бок мае права часткова або поўнасцю часова прыпыніць яго дзеянне, афіцыйна паведаміўшы аб гэтым іншаму боку.