Нефармальны саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД
- 13
- 6:35
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 снежня прыняў удзел у традыцыйнай нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД, якая прайшла пад Санкт-Пецярбургам.
У час саміту лідары краін Садружнасці падвялі вынікі года і абмеркавалі перспектывы інтэграцыйнага ўзаемадзеяння.
Адкрыў саміт Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Яго краіна ў гэтым годзе завяршае сваё старшынства ў Садружнасці і перадае паўнамоцтвы Таджыкістану.
"Хацеў падзякаваць вам за тое, што мы сабраліся тут, у Ленінградскай вобласці, каб у адыходзячым годзе зверыць гадзіннікі наконт таго, што было зроблена ў рамках работы ў СНД і што трэба зрабіць у бліжэйшы час", - сказаў расійскі лідар.
Аднак перш чым выступіць з прывітальным словам, Уладзімір Пуцін ад імя лідараў краін Садружнасці выказаў спачуванні ў сувязі з крушэннем азербайджанскага самалёта ў Казахстане.
"Перш чым мы пачнём работу, на жаль, павінен сказаць некалькі слоў аб трагедыі, якая здарылася ў Актау. І, як мы цяпер з вамі гаварылі, я ад вашага імя хачу выказаць спачуванні сем'ям загінулых і ўсім пацярпелым. Будзем спадзявацца на іх выздараўленне, - сказаў Прэзідэнт Расіі. - Я раніцай размаўляў і з Ільхамам Аліевым, які быў амаль на месцы, але вымушаны быў развярнуцца і вярнуцца ў Баку. Упэўнены, будзе праведзена грунтоўнае расследаванне. Мы ўзгоднім работу нашых спецыяльных і авіяцыйных службаў па ўсіх пытаннях, звязаных з гэтай трагедыяй".
Гаворачы аб развіцці інтэграцыі на прасторы СНД, Кіраўнік расійскай дзяржавы звярнуў увагу, што тавараабарот Расіі з удзельнікамі СНД, паводле даных за студзень-кастрычнік, прыбавіў 10,6% і склаў крыху больш за $93 млрд. Паводле яго слоў, прыкметна палепшыліся і макраэканамічныя паказчыкі ў дзяржавах СНД. Так, па выніках 2024 года рост сукупнага ВУП у краінах Садружнасці прагназуецца на ўзроўні 4,7%. Гэта вышэй за агульнасусветны паказчык.
"Пашыраецца супрацоўніцтва краін СНД у валютна-фінансавай сферы. Для абслугоўвання ўзаемных эканамічных аперацый усё актыўней выкарыстоўваюцца ўласныя незалежныя плацежныя сістэмы і разліковыя інструменты. Доля нацыянальных валют у разліках па камерцыйных здзелках паміж удзельнікамі Садружнасці перасягае 85%", - расказаў расійскі Прэзідэнт.
У час саміту Уладзімір Пуцін нагадаў, што ў наступным годзе будзе святкавацца знакавы юбілей - 80-я гадавіна Вялікай Перамогі. У сувязі з гэтым ён запрасіў сваіх калег на юбілейныя ўрачыстасці, якія пройдуць у Маскве 9 мая.
"Перакананы, што паглыбленне партнёрства ў рамках Садружнасці ў самых розных галінах адпавядае карэнным інтарэсам народаў нашых краін. І ўпэўнены, мы будзем і далей разам працаваць над вырашэннем задач сацыяльна-эканамічнага развіцця, умацавання стабільнасці і бяспекі", - сказаў на заканчэнне расійскі лідар.
На гэты раз саміт вырашана было правесці не ў самім Санкт-Пецярбургу, а яго наваколлі. Пляцоўкай нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў стаў Лядовы палац на тэрыторыі ўсесезоннага курорта "Ігора", што размешчаны на тэрыторыі Карэльскага перашыйка.