Наведванне выпрабавальнага палігона НАН Беларусі
- 30
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 5 мая рэспубліканскі палігон для выпрабаванняў мабільных машын Аб'яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні даручэнняў па стварэнні айчыннага электратранспарту, дзейнасці палігона. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з выпрабавальнай тэхнікай і абсталяваннем для выпрабаванняў, распрацоўкамі ў галіне электратранспарту.
"У цэлым нам трэба сур'ёзна рэвізаваць работу Акадэміі навук. Хоць гэта няпроста. Там сапраўды разумныя, таленавітыя людзі сабраны. І паглядзець па асноўных напрамках, як працуе Акадэмія навук, як выкананы прынятыя намі рашэнні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы падчас наведвання палігона.
Прэзідэнт адзначыў, што вырашыў асабіста азнаёміцца з развіццём электратранспарту. "Хацелася б убачыць, наколькі вы рушылі наперад і наколькі словы адпавядаюць справам", - заявіў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што сярод пераваг гэтага напрамку - чаканы прафіцыт электраэнергіі ў краіне і экалагічнасць.
У цэлым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў наступнай пяцігодцы асабліва актыўна трэба падключаць навуку да развіцця краіны, улічваючы ўсё большы ўзровень тэхналагічнай канкурэнцыі ў свеце. "Нам у гэтай жорсткай барацьбе давядзецца выстаяць, каб людзьмі звацца і не страціць той кавалачак зямлі, на якім жывём", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што беларускія прадпрыемствы сарыентуюць на вытворчасць адсутных айчынных кампанентаў для электратранспарту. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што па многіх напрамках у Беларусі ўжо асвоена вытворчасць неабходных кампанентаў, аднак гэтага недастаткова.
Аляксандр Лукашэнка даручыў комплексна заняцца гэтым пытаннем. "З часам вы павінны сказаць, хто будзе вырабляць акумулятары, рухавікі і іншае. Мы іх (прадпрыемствы. - Заўвага) накіруем, куды трэба, і дапаможам у тым, у чым трэба. Нам патрэбны доследныя ўзоры, якія вы створыце. Вы павінны пакласці на стол нам будучыню. Потым мы павінны падлічыць рынкі", - сказаў Прэзідэнт.
Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў далажыў Кіраўніку дзяржавы, што ўсе яго даручэнні ў частцы развіцця электратранспарту пастаўлены на самы строгі кантроль і выконваюцца без зрываў. Фактычна створана новая навуковая школа, напрацаваны кампетэнцыі, і гэта сфарміраваная група спецыялістаў і вучоных здольна вырашаць любыя задачы ў галіне электратранспарту. Арганізавана таксама неабходная інфраструктура.
"У самой Акадэміі навук створаны ўчастак зборкі кампанентаў электрамабіляў, участак зборкі батарэй, участак па стварэнні найноўшых узораў айчынных накапляльнікаў - літыйіонных. Але мы распрацоўваем і свае графенавыя, гібрыдныя. Цяпер у нас поўнасцю айчынная элементная база (электрамабіля. - Заўвага), за выключэннем кузава", - расказаў Уладзімір Гусакоў.
У ходзе азнаямлення з распрацоўкамі беларускіх вучоных Прэзідэнт даручыў на практыцы вывучыць эксплуатацыю электробусаў вытворчасці МАЗ. Як далажыў генеральны дырэктар ААТ "МАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЎТАМАЗ" Валерый Іванковіч, цяпер завод вырабляе доследныя ўзоры аўтобуса на электрычнай цязе мадэлі МАЗ-303 і гатовы наладзіць серыйную вытворчасць такой тэхнікі. Увазе Кіраўніка дзяржавы былі прадстаўлены два ідэнтычныя аўтобусы, але адзін на электрацязе, а другі - дызельны. "Яны абсалютна аднолькавыя, уніфікаваныя па агрэгатах. Прыменена шмат інавацыйных тэхнічных рашэнняў", - расказаў гендырэктар. Паводле яго слоў, пакуль электробус крыху даражэйшы за свой дызельны аналаг, але па меры выхаду на серыйнасць і пасля некаторых дапрацовак кошт можа стаць значна ніжэйшы.
Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу года, да мая 2021-га, вырабіць 10-12 электробусаў МАЗ і накіраваць іх на эксплуатацыю ў рэгіёны краіны.
Кіраўніку дзяржавы паказалі эксперыментальны ўзор беларускага родстара - двухмеснага электрамабіля-кабрыялета. На думку распрацоўшчыкаў, гэты родстар зможа ў будучым паспаборнічаць з Tesla. Ён лёгкі і манеўраны, адносіцца да класа М1 і валодае палепшанымі дынамічнымі характарыстыкамі. Здольны развіваць скорасць да 170 км/гадз і пераадольваць адлегласць на 270 км без падзарадкі.
Прэзідэнту таксама прадэманстравалі доследны ўзор камбайна для заліўкі лёду, які працуе на электрапрыводзе. Прэзідэнт даў даручэнне аснасціць такой тэхнікай лядовыя арэны краіны, паставіўшы спачатку 25 камбайнаў. "Мы сфарміруем заказ, але каб якасць была!" - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
На экспазіцыі быў прадстаўлены новы ўзор кампактнай камунальнай тэхнікі. Цікавасць да гэтых машын праявілі сталічныя ўлады. Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне аб перспектыўнасці іх выкарыстання. "Давайце будзем на гэта арыентавацца", - сказаў ён.
Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся з распрацоўкамі па вырабе акумулятарных батарэй, ячэек, а таксама зарадных станцый рознага прызначэння - ад магутных стацыянарных да кампактных варыянтаў для выкарыстання ў асабістых гаражах.
Беларускія вучоныя цяпер вядуць распрацоўкі ў сферы літыйіонных батарэй, якія ў асноўным выкарыстоўваюцца ў свеце, а таксама графенавых - пакуль іх эфектыўнасць уступае літыйіонным, але затое вызваляе ад неабходнасці закупляць літый, які прадае толькі Кітай. Акрамя таго, графенавыя батарэі таннейшыя. Вучоныя разлічваюць у хуткім часе ўраўнаваць па паказчыку эфектыўнасці два віды батарэй. "Гэта будзе прарыў", - ацаніў перспектыву Прэзідэнт.
Асобную ўвагу Кіраўнік дзяржавы ўдзяліў доследным узорам электравеласіпедаў, электраскутараў, электрасамакатаў, цікавіўся тэхнічнымі характарыстыкамі, скорасцю, запасам ходу. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці ўдасканаліць дызайн некаторых мадэлей. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся на прапанову ўзяць для эксплуатацыі некаторыя экзэмпляры, каб пратэсціраваць іх асабіста.
Шырока прадстаўлены ў экспазіцыі былі айчынныя беспілотныя лятальныя апараты і авіяцыйныя комплексы. У прыватнасці, распрацаваныя і вырабленыя Навукова-практычным цэнтрам шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі БАК "Буравеснік" і БЛА "Бусел". Аляксандр Лукашэнка лічыць іх добрым, эфектыўным і ў той жа час недарагім узбраеннем. Кіраўніку дзяржавы расказалі аб распрацоўцы сучаснага лазернага дальнамера, які дае магчымасць павялічыць дакладнасць удараў з беспілотнікаў. Прэзідэнта зацікавілі прадстаўленыя ўзоры, ён вырашыў у будучым асабіста пабываць у навукова-практычным цэнтры.
У ліку навінак, якія паказалі Кіраўніку дзяржавы, быў беспілотны верталёт Eye Sky распрацоўкі і вытворчасці ТАА "КБ Беспілотныя верталёты". У кампаніі сцвярджаюць, што гэта першы ў свеце ў такім класе ваенна-ўдарны верталёт, і толькі восем краін займаюцца распрацоўкамі беспілотных верталётаў масай большай за 100 кг, Беларусь - у іх ліку. На постсавецкай прасторы краіна адзіная, якая серыйна выпускае такія беспілотнікі. Больш таго, да лета гэтага года кампанія плануе вырабіць беспілотны верталёт масай 700 кг, блізкі аналаг якога ёсць толькі ў ЗША.
Прэзідэнт у цэлым пазітыўна ацаніў распрацоўкі беларускіх вучоных па развіцці электратранспарту. "Мяне гэта ўражвае, нават вельмі ўражвае, - пракаменціраваў Аляксандр Лукашэнка. - Не чакаў, што яны здольныя за такі кароткі прамежак часу ўсё гэта стварыць".
Разам з тым, на думку Кіраўніка дзяржавы, пакуль дачасна гаварыць аб сур'ёзных, прарыўных дасягненнях сусветнага ўзроўню ў сферы вытворчасці электратранспарту. Пакуль адбыўся першы этап азнаямлення з тым, як вучоныя выканалі задачы, пастаўленыя перад імі раней Прэзідэнтам. "Будзе другі, і там мы больш канкрэтна скажам аб выніках работы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Каб ацаніць іх належным чынам, трэба паглядзець, ці адпавядае гэта (айчынныя распрацоўкі. - Заўвага) сусветным стандартам і якія перспектывы. Маю на ўвазе, што не цацку ж ствараем, а тавар, які трэба будзе рэалізоўваць на рынках і атрымліваць валюту".
Падчас наведвання палігона беларускі лідар адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ. Адно з іх датычылася негатыўнай рэакцыі з боку некаторых СМІ і Telegram-каналаў на рашэнне Беларусі правесці парад 9 Мая і неабходнасці рэагаваць на такі негатыў.
"Калі ў твой адрас сыплюць абвінавачанні, выстаўляюць версіі, вядома, трэба рэагаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што рэакцыя павінна быць своечасовай, мэтанакіраванай і адэкватнай.
Прэзідэнт у сувязі з гэтым адказаў на крытыку, у прыватнасці ў шэрагу расійскіх медыя, што ў Беларусі нібыта мала тэсціруюць на каранавірус. Ён агучыў даныя са спецыяльна падрыхтаванай для яго выбаркі аб колькасці тэстаў, праводзімых у розных краінах у разліку на 1 млн насельніцтва. У зводную табліцу былі ўключаны даныя аб тэсціраванні не толькі ў краінах блізкага замежжа, але і прыведзены шэраг прыкладаў па краінах далёкага замежжа. "На сённяшнюю раніцу: у Расійскай Федэрацыі на мільён жыхароў праведзена 29,5 тыс. тэстаў. На другім месцы Беларусь - 22,5 тыс. тэстаў. І на трэцім месцы - 22 тыс. на мільён - ЗША. Ну няхай пакрытыкуюць амерыканцаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама звярнуў увагу, што тэсціраванне - гэта не галоўнае. Тым больш што яно часам не дакладнае, асабліва ў пачатку пандэміі. "Можа, цяпер лепшае. Тэстам трэба яшчэ давяраць, але правяраць. Што мы і рабілі часта: бяром беларускія, расійскія, кітайскія, амерыканскія і іншыя. Інфармацыя розная", - адзначыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, аб'ём праводзімых у Беларусі тэстаў дае магчымасць выяўляць дастатковую колькасць людзей, якія заразіліся вірусам. "Але сёння не тэсты галоўнае. Сёння ў гэтай усёй рэальнай барацьбе за чалавека, лячэнне людзей важны пнеўманіі. Людзі хварэюць на пнеўманіі. Гэта найважнейшае пытанне", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы агучыў, што ў Беларусі на гэты момант зафіксавана 18350 чалавек, у якіх выяўлены каранавірус. "Гэта ўсяго 8,7% ад усіх тэсціруемых. Тэсціруемых у нас на раніцу было 211369 за два з паловай месяцы", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым такія суадносіны ў іншых краінах горшыя, чым у Беларусі. Па стане на раніцу ў краіне было каля сотні памерлых ад шэрага хвароб, ускладненых каранавірусам.
Аляксандр Лукашэнка таксама агучыў, што на сённяшні дзень усіх выпадкаў пнеўманіі ў Беларусі прыкладна 12,4 тыс., уключаючы каранавірусныя, што для краіны няшмат. Пры гэтым толькі каля 1 тыс. чалавек класіфікуюцца як цяжка хворыя, што складае прыкладна 8%. Беларусь мае дастатковую колькасць апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх - 2,5 тыс., плюс у запасе вялікая колькасць наркозна-дыхальных апаратаў. "У нас толькі дзясятая частка ШВЛ на сённяшні дзень задзейнічана. Дык навошта шум на гэтых каналах (размова пра Telegram-каналы. - Заўвага)", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Ён дадаў: за суткі ў Беларусі вызвалілася 300 ложкаў і, напрыклад, у Віцебску пачынаюць вяртаць бальніцы да нармальнага рэжыму, па чарзе праводзяць іх санапрацоўку. Больш таго, у краіне няма неабходнасці задзейнічаць пад размяшчэнне пацыентаў з каранавірусам якія-небудзь першапачаткова не прыстасаваныя памяшканні, спартыўныя гэта ці выставачныя плошчы.
"Таму трэба спакойна на гэта (крытыку. - Заўвага) рэагаваць. Вялікае бачыцца на адлегласці. Пройдзе гэты перыяд - сядзем і зробім адпаведныя высновы", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў меры засцярогі, прынятыя грамадзянамі ва ўмовах эпідсітуацыі. Прэзідэнт пахваліў насельніцтва за тое, што ў цяперашні перыяд людзі самастойна стараюцца прыняць меры, каб паберагчы здароўе. "Ёсць у мяне невялікія прэтэнзіі, але толькі невялікія. Людзі нашы малайцы. Куды трэба схадзіць, сходзяць - у магазін, аптэку, на работу, вучобу. Прыйшлі, адпачылі, падыхалі свежым паветрам, ляглі спаць. Старыя - тыя наогул проста малайцы. І мы нікога не "цкавалі", мы ім проста сказалі, да чаго гэта можа прывесці. Таму вось наш стыль, наша сістэма барацьбы з каранавірусам. І не толькі з ім", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён расказаў, што пакуль з уражальнай дакладнасцю здзяйсняецца прагноз, дадзены раней беларускімі спецыялістамі: "Дай бог, каб нам прайсці гэты перыяд так, як мы спрагназавалі. Мы цяпер залезлі наверх. Крыху ўпалі. І дай бог, каб было так, мы спакойна праз месяц скончым гэту эпапею".
"Глядзіце за сабой, глядзіце за сваімі сем'ямі, каб не страціць работу, каб нейкі даход быў. Каб мы перажылі, пакуль увесь свет, эканоміка спыніліся", - даў параду Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо многія краіны паступова адмяняюць каранцінныя мерапрыемствы, нягледзячы на тое, што праблема з каранавірусам і гібеллю людзей канчаткова не знята. "Закрыцца прасцей. А вось адкрыцца, каб людзі выйшлі, і другая хваля эпідэміі не накрыла, - гэта пытанне, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Таму пакуль я не бачу, у чым мы не маем рацыю. Можа, у нечым не маем рацыю. Можа, мы яшчэ не ўсё бачым. Пройдзе час - ацэнім сітуацыю, зробім адпаведныя высновы".
У час размовы з прадстаўнікамі СМІ Аляксандр Лукашэнка агучыў запрашэнне кіраўнікам іншых дзяржаў прыехаць у Мінск на парад Перамогі.
"Публічна запрашаю кіраўнікоў дзяржаў, хаця б былога Савецкага Саюза, прыехаць у Мінск і пабыць на гэтым парадзе, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Будзем спадзявацца, што хто-небудзь прыедзе. Не прыедуць - мы самі правядзём парад, як звычайна. Гэта я гавару пра вярхі. А простых людзей будзе дастаткова з усіх рэспублік на гэтым парадзе".
"Правільна было б сабрацца ў Мінску. Гэта рэспубліка, якая была сцерта з зямлі, якая першая прыняла ўдар, і дзе старыя людзі і дзеці, якія засталіся, амаль чатыры гады жылі ў балотах, лясах, зямлянках. Гэта самая пацярпелая рэспубліка - жывы помнік той бязлітаснай вайне. І тут трэба было сабрацца, а тым больш цяпер", - падкрэсліў беларускі лідар.
Разам з тым Прэзідэнт выказаў меркаванне, што некаторыя могуць не прыехаць нават не з-за боязі чаго-небудзь, а проста таму, што трэба захаваць твар. "Увялі ж каранцін, каменданцкую гадзіну (у шэрагу краін. - Заўвага) і гэтак далей. І тут бах - у Беларусь паехалі...", - адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў зрабіць так, каб убачыць беларускі парад была магчымасць шырокаму колу тэлегледачоў, у прыватнасці ў Расіі. "Трэба папрасіць расійскае тэлебачанне паказаць наш парад расіянам. Гэта ж нашы родныя браты", - заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка на заканчэнне дадаў, што цяпер пандэмія ў тым ліку выкарыстоўваецца ў якасці фактару ў вялікай палітыцы. "А ці тое яшчэ будзе пасля таго, як яна скончыцца", - канстатаваў беларускі лідар.