Нарада па актуальных пытаннях развіцця беларускай эканомікі
- 1
Найбольш актуальныя пытанні развіцця беларускай эканомікі вынесены на абмеркаванне на нарадзе Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны. Сярод удзельнікаў нарады Прэм'ер-міністр і віцэ-прэм'еры, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, Старшыня Савета Рэспублікі, кіраўніцтва КДК і Нацыянальнага банка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней ім было прынята рашэнне аб правядзенні штоквартальных нарад - з палітычным, эканамічным і сілавым блокамі краіны. Такія мерапрыемствы будуць мець амаль аператыўны характар, разглядацца на іх будуць пытанні тактычнага плана. Сёння вырашана абмеркаваць актуальныя тэмы, што ўваходзяць у кампетэнцыю эканамічнага штаба краіны. "Пры гэтым я хачу папярэдзіць і Прэм'ер-міністра, і ўсіх прысутных, што гэта не мае нічога агульнага са справаздачай Урада перад Прэзідэнтам. Такая справаздача запланавана, яна будзе ў свой час, калі я палічу патрэбным або час настане", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Было адзначана, што развіццё эканомікі прадвызначае стан сацыяльна-палітычнай абстаноўкі і матэрыяльны дабрабыт людзей. Таму ў адказных службовых асоб урада Прэзідэнт запатрабаваў адказу на канкрэтныя пытанні.
![]()
Аб развіцці эканомікі ў цэлым
"Як спрацавалі галіны эканомікі ў першым паўгоддзі, і якія рэальныя магчымасці выканання гадавых прагнозаў? Невялікі, каля працэнта рост, нібыта, ёсць, але наколькі стабільны гэты рост? І якая будзе ў гэтым плане дынаміка?" - запытаў Прэзідэнт.
Аб цэнаўтварэнні
"Як выконваюцца мае даручэнні па кантролі за цэнамі ў краіне, за цэнаўтварэннем? З аднаго боку, інфляцыя знаходзіцца ў рамках, значна ніжэйшых за прагнозныя, і гэта добра, аднак, з іншага боку, людзі скардзяцца, што цэны адкрыта скачуць па асобных пазіцыях. Напрыклад, па лякарствах, па асобных хлебабулачных вырабах. Няхай нямнога, але ваганні такія відавочныя", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Аб сітуацыі на рынку працы
"Яшчэ ў мінулым годзе мы дамаўляліся, што на кожнае скарочанае працоўнае месца павінна быць створана новае высокапрадукцыйнае. Але ў нас па-ранейшаму прадпрыемствы прадаўжаюць больш звальняць, чым прымаць на работу. Прынамсі, паводле той інфармацыі, якую я маю. У чым справа?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ больш няясная сітуацыя з прадпрыемствамі, якія закрываюцца. "Куды ідуць людзі? На паперы новыя працоўныя месцы нібыта і ствараюцца, а на справе суцэльнае ашуканства. Калі гэта не так, хацелася б пачуць адказ на гэта пытанне. Як мяне інфармуюць, колькасць занятых у эканоміцы скарачаецца", - падкрэсліў Прэзідэнт.
![]()
Аб заработнай плаце
"Як мы выходзім на запланаваны ўзровень па галінах і рэгіёнах? Ці не павялічваецца расслаенне грамадства па даходах? Як Урад адрэагаваў на маё даручэнне звярнуць асаблівую ўвагу на катэгорыі работнікаў, якія атрымліваюць зарплату па ніжняй мяжы?" - запытаў Аляксандр Лукашэнка.
Асобна Кіраўнік дзяржавы папрасіў далажыць, які ўзровень зарплаты ў сельскай гаспадарцы, адукацыі, ахове здароўя і культуры.
Аб харчовай бяспецы
Гэту тэму Прэзідэнт назваў важнейшай на сённяшні дзень. "Я ўважліва адсочваю тое, аб чым пішуць у розных сродках масавай інфармацыі. Памылка журналістаў у тым, што яны ўсюды пішуць пра нейкі гераізм на ўборцы ўраджаю, у тым ліку Прэзідэнта. Ніякага гераізму на ўборцы няма. Гэта спрошчаны падыход да таго, што раблю я і ўсе тысячы людзей, якія сёння заняты ў тым ліку ўборкай. Размова ідзе выключна аб харчовай бяспецы нашай краіны", - заявіў ён.
"Калі людзі будуць накормлены, калі кожны будзе мець, кажучы па-народнаму, кавалак хлеба на стале кожны дзень, тады і ў краіне будзе мір і парадак. А калі гэтага кавалка хлеба не будзе і да яго чагосьці, вось тады хіхіканні хутка спыняцца. Таму і ўборачная кампанія, і асенняя сяўба, і нарыхтоўка кармоў - гэта асобная тэма, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Што мы маем сёння ў сувязі з гэтым?"
![]()
Аб вырошчванні і перапрацоўцы лёну
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні адносна льняной галіны, пачынаючы ад вырошчвання расліны і завяршаючы яе перапрацоўкай, па вызначэнні льнасeяльных гаспадарак, выкананні тэхналогій, забеспячэнні якасным насеннем айчыннай селекцыі.
"Хацелася б паглядзець з іншага канца на гэту праблему: рынак сёння ёсць для льнопрадукцыі, для нашай тканіны, для нашых вырабаў як унутраны, так і знешні? Калі мяне правільна праінфармавалі, чаму сёння на складах ільнокамбінатаў залежы тканіны? Не дай бог, гэта так!" - папярэдзіў Прэзідэнт.
Аб будаўніцтве малочнатаварных комплексаў
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што рашэнне аб будаўніцтве малочнатаварных комплексаў і мадэрнізацыі ферм было прынята яшчэ некалькі гадоў таму. Аднак работа ў гэтым напрамку адкладалася па аб'ектыўных прычынах. "Сёння настаў час заняцца гэтымі праблемамі. Гэта найвялікшае наша дасягненне, што мы ў свой час своечасова схапіліся за гэтыя малочнатаварныя комплексы, - звярнуў увагу ён. - Калі б гэтага не было, сёння і сельская гаспадарка адсутнічала б у краіне".
Кіраўнік дзяржавы даручыў да канца 2018 года завяршыць узвядзенне і мадэрнізацыю малочнатаварных комплексаў і забяспечыць іх якаснымі кармамі. У сувязі з гэтым ён таксама пацікавіўся, як у Беларусі будзе наладжана работа па будаўніцтве сіласна-сянажных траншэй.
Прэзідэнт перакананы, што малочнатаварныя комплексы і сховішчы павінны будавацца па недарагіх, тыпавых праектах: "Я не бачу тут асаблівых праблем".
![]()
Аб суперкамбайнах
"Я даручыў канструктарам да ўборачнай 2018 года абнавіць мадэль камбайна "Палессе". Нам трэба спыніцца на нейкіх мадэлях, якія будуць запатрабаваны на рынку. Камбайн, які мы апрабавалі нядаўна ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях, нядрэнны. Камбайн добры: убірае чыста, нічым не ўступае імпартным аналагам. Добра, што цяперашнія канструктары "Гомсельмаша" на гэтым не спыняюцца. Яны заяўляюць, што ёсць напрамкі, па якіх яшчэ можна палепшыць гэты камбайн", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рухавікі для гэтай тэхнікі павінны вырабляцца ў Беларусі: адпаведныя вытворчасці ў краіне ёсць.
"Яшчэ адзін напрамак у "Гомсельмашы" - стварыць суперкамбайн, які будзе пераўзыходзіць імпартныя аналагі. Я не буду раскрываць усе сакрэты, але такія задумы і ўжо канкрэтныя напрацоўкі ў канструктараў ёсць", - расказаў Прэзідэнт. Ён даручыў запланаваць на зіму наведванне ім прадпрыемства, каб азнаёміцца з мадэрнізацыяй тэхнікі і вытворчасцю новых мадэлей.
![]()
Аб развіцці будаўнічай сферы
"Як ідуць справы ў будаўнічай сферы - жыллё і іншыя аб'екты? Што робіцца для зніжэння іх сабекошту? Мяне гэта сфера вельмі хвалюе, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Калі нехта хоча ва ўрадзе згарнуць будаўніцтва жылля, я ім раю неадкладна перайсці ў аднапакаёвыя, двухпакаёвыя кватэры разам са сваімі сем'ямі або пайсці зняць кватэру па найме і жыць з гаспадарамі".
Аб фінансавай стабільнасці, экспарце тавараў і паслуг
Асобна Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як забяспечваецца фінансавая стабільнасць у краіне і якія меры прымаюцца для ўмацавання нацыянальнай валюты. Таксама было ўзнята пытанне экспарту тавараў і паслуг. "Калі ў цэлым дзякуючы цэнаваму фактару адбыўся рост экспартнай выручкі і сітуацыя палепшылася (і гэта нядрэнна), то сур'ёзных зрухаў у дыверсіфікацыі, асваенні новых рынкаў збыту тавараў і паслуг пакуль няма", - канстатаваў Прэзідэнт.
Аляксандру Лукашэнку далажылі аб канкрэтных выніках работы ў кожнай з абазначаных сфер. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў не прыкрывацца самасправаздачамі і лічбамі, а прадстаўляць яму рэальную і аб'ектыўную сітуацыю, узнімаць самыя актуальныя пытанні, якія маюць патрэбу ў аператыўным вырашэнні. Асобна Прэзідэнт цікавіўся тэндэнцыямі і прагнозамі эканамічнага развіцця краіны.
![]()