Нарада аб стане і перспектывах развіцця сыравіннай базы Рэспублікі Беларусь
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 18 снежня на нарадзе аб стане і перспектывах развіцця сыравіннай базы рэспублікі заклікаў беражліва і рупліва выкарыстоўваць дадзеныя прыродай багацці на карысць сучаснага і будучых пакаленняў беларусаў.
Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, зразумела, калі Беларусь траціць вялізныя сродкі на набыццё сыравіны, якой недастаткова. "Толькі на вуглевадароды расходуем больш за $11 млрд штогод. Але гэта імпарт, дзякуючы якому мы забяспечваем стабільную работу нашай энергетычнай сістэмы і іншых важных эканамічных галін. Аднак не зразумелы імпарт таго, чаго ў нас хапае з лішкам, напрыклад, шчэбеню, гравію, пяску, гліны, мелу, гіпсу і шэрага іншых пазіцый", - сказаў Прэзідэнт.
Больш пільнай увагі патрабуе і праблема рацыянальнага выкарыстання ўласных карысных выкапняў, нарошчвання экспартнага патэнцыялу, тавараў і паслуг у гэтай сферы, дадаў Кіраўнік дзяржавы.
У час сённяшняй нарады абмяркоўваліся пытанні зніжэння залежнасці эканомікі краіны ад імпарту сыравіны. Паводле слоў Прэзідэнта, гэта датычыцца не толькі энерганосьбітаў, але і іншых рэсурсаў. Перш за ўсё, Кіраўнік дзяржавы цікавіўся, як наладзіць на належным узроўні імпартазамяшчэнне існуючых у Беларусі рэсурсаў.
На нарадзе ішла размова і аб тым, што робіць урад для нарошчвання экспартнага патэнцыялу Беларусі, у прыватнасці для павелічэння або арганізацыі паставак за мяжу тых карысных выкапняў, па якіх у краіне ёсць значныя рэзервы. Прэзідэнт таксама палічыў неабходным абмеркаваць пытанне аптымізацыі структуры экспарту, магчымасці паставак за мяжу не проста сыравіны, а гатовай прадукцыі, вырабленай з яе. На думку Аляксандра Лукашэнкі, пры спадзе сусветных цэн на нафту трэба думаць аб іншай галіновай структуры, якая будзе забяспечваць устойлівасць эканомікі Беларусі.
Акрамя таго, на нарадзе былі разгледжаны перспектывы актывізацыі геолагаразведачных работ, асваення новых радовішчаў карысных выкапняў і ўключэння іх у гаспадарчы абарот. Удзельнікі абмеркавалі, як вырашаецца задача экспарту паслуг па вывучэнні нетраў за мяжой, што робіцца для прыцягнення інвестараў у здабычы прыродных рэсурсаў, для ўкаранення інавацыйных тэхналогій з мэтай комплекснага і найбольш выгаднага выкарыстання гэтых рэсурсаў.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што тэма сённяшняй нарады важная з пункту гледжання не толькі эканомікі, але і палітыкі. "Гэта не проста эканоміка, але і палітыка, якая ўпіраецца ў незалежнасць нашай дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Карысныя выкапні - гэта дадзеныя нам прыродай багацці, якімі мы павінны распараджацца беражліва і дбайна на карысць і сучаснага пакалення беларусаў, і будучых", - прадоўжыў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нават пры сённяшняй няўстойлівасці сыравінных рынкаў многія краіны дэманструюць стабільнае развіццё, якое забяспечваецца за кошт рацыянальнага выкарыстання нацыянальных багаццяў, укаранення высокаэфектыўных тэхналогій іх здабычы і перапрацоўкі. Як акцэнтаваў Прэзідэнт, для Беларусі асабліва востра стаіць двухадзіная задача: з аднаго боку, гэта забеспячэнне максімальнай эфектыўнасці выкарыстання ўласных і імпартных рэсурсаў, з іншага - пашырэнне маштабаў і наменклатуры здабычы выкапняў з мэтай іх імпартазамяшчэння і скарачэння адтоку валюты на іх закупку.