Магчымасці датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу пашыраны
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 кастрычніка падпісаў Указ № 389 "Аб выкарыстанні сямейнага капіталу".
Дакументам удасканальваюцца механізмы падтрымкі шматдзетных сем'яў. Так, Указам прадастаўляецца права з 1 студзеня 2022 года датэрмінова выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў: набыццё долі жылога памяшкання, у выніку якога шматдзетная сям'я становіцца ўласнікам усяго жылога памяшкання; пагашэнне пазыкі, прадастаўленай арганізацыямі па месцы работы члена сям'і на будаўніцтва або набыццё жылля; пагашэнне запазычанасці па крэдытах, прадастаўленых банкам па дагаворы пераводу доўгу (прыёму запазычанасці).
Сямейны капітал таксама можа быць датэрмінова выкарыстаны на атрыманне адукацыі ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі спажывецкай кааперацыі і ўстановах вышэйшай адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, прадастаўленне медыцынскіх вырабаў для выканання складаных і высокатэхналагічных умяшанняў у артапедыі, набыццё інвалідам, дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў з парушэннямі органаў зроку, апорна-рухальнага апарату тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі ў грамадства.
Указам таксама прадугледжаны нормы па ўрэгуляванні пытанняў у частцы выключэння выпадкаў неабгрунтаванага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу.