Каментарый да Указа № 152 ад 4 красавіка 2013 г.

    Межы СЭЗ "Мінск" будуць пашыраны пры дапамозе ўключэння ў яе склад вытворчай пляцоўкі ААТ "Белрыба" і зямельнага ўчастка, на якім размяшчаецца частка вытворчай пляцоўкі ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Белкамунмаш". Адпаведны Указ № 152 "Аб унясенні змянення і дапаўнення ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 сакавіка 1998 г. № 93" Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 4 красавіка.

    Такім чынам, плошча СЭЗ "Мінск" павялічваецца на 13,1 га (з 2635,9 да 2649,1 га).

    ААТ "Белрыба" рэалізуе інвестыцыйныя праекты, накіраваныя на задавальненне спажывецкага попыту насельніцтва Беларусі ў высакаякаснай рыбнай прадукцыі. Статус рэзідэнта СЭЗ "Мінск" дасць магчымасць прадпрыемству знізіць сабекошт прадукцыі на 8-10% і актыўна канкурыраваць з замежнымі вытворцамі на ўнутраным і знешнім рынках, а таксама павялічыць аб'ёмы экспарту вырабаў і стварыць 90 рабочых месц.

    Холдынг "Белкамунмаш" у мэтах выканання Указа Прэзідэнта сумесна з кампаніяй "Stadler Rail AG" (Швейцарыя) рэалізуе на тэрыторыі СЭЗ "Мінск" інвестыцыйны праект. Яго мэта – стварэнне вытворчасці сучаснага пасажырскага электрычнага транспарту. Аб'ём інвестыцый складае 50 млн. еўра.

    Названая пляцоўка задзейнічана ў тэхналагічным цыкле выпуску тралейбусаў, трамваяў, аўтобусаў з гібрыднымі сілавымі ўстаноўкамі. Уключэнне яе ў склад СЭЗ "Мінск" створыць перадумовы для далейшага нарошчвання вытворчасці тэхнікі, запатрабаванай на знешнім рынку, павысіць яе канкурэнтаздольнасць.

    Прыняцце Указа адпавядае інтарэсам развіцця эканомікі краіны і горада Мінска і дасць магчымасць прыцягнуць інвестыцыі ў развіццё рыбаперапрацоўчага комплексу і машынабудаўнічай вытворчасці, забяспечыць стварэнне новых рабочых месц, павысіць экспартны патэнцыял рэспублікі.