Дзяржузнагарод удастоены прадстаўнікі розных сфер дзейнасці

    Дзяржаўных узнагарод удастоены прадстаўнікі розных сфер дзейнасці. Адпаведны Указ № 509 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 23 снежня.

    Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысвоены за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, выратаванне людзей на вадзе і ў час пажару, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, значны асабісты ўклад у абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян, развіццё калійнай і будаўнічай галін, сельскай і дарожнай гаспадаркі, справы добраахвотнага страхавання, заслугі ў навучанні і выхаванні моладзі, сферы аховы здароўя, культуры і спорту.

    Ордэнам Пашаны ўзнагароджаны дырэктар Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Віктар Вайшнаровіч і наладчык зварачнага і газаплазмарэзальнага абсталявання рамонтна-энергетычнага цэха № 5 Мінскага электратэхнічнага завода імя В.І.Казлова Анатоль Яленіч.

    Медаля "За выратаванае жыццё" ўдастоены начальнік варты пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 2 Наваполацкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Максім Баравіцкі і камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Лоеўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Барыс Грыцкоў. Медалём "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку" ўзнагароджаны вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Бабруйскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Уладзімір Ярохін.

    Дзейнасць больш як двух дзясяткаў работнікаў розных галін адзначана медалём "За працоўныя заслугі". Сярод іх дырэктар філіяла па вытворчасці прамысловых эмульсійных выбуховых рэчываў Цэнтра ўтылізацыі артылерыйскіх і інжынерных боепрыпасаў Сяргей Аляксейчык, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус, прадзільшчыца фабрыкі № 3 Аршанскага льнокамбіната Людміла Гурская, генеральны дырэктар кіруючай кампаніі холдынга "Беларускія шпалеры" Аляксандр Каляда, старшы інспектар аддзела рэжымна-сакрэтнай дзейнасці і справаводства ўпраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Ірына Параскевіч, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ала Смаляк.

    Сярод узнагароджаных медалём Францыска Скарыны загадчык кафедры акушэрства і гінекалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Сяргей Васкрасенскі, намеснік галоўнага рэдактара газеты "Гомельская праўда" Ніна Злыдзенка, кінарэжысёр студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Алена Турава.
     
    Указам таксама прысвоены ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь. Народным артыстам Беларусі стаў член Беларускага саюза музычных дзеячаў спявак Уладзімір Правалінскі, звання заслужанага артыста ўдастоены саліст ансамбля песні і танца ўнутраных войскаў МУС Аляксандр Аўраменка.

    Званне заслужанага дзеяча культуры прысвоена намесніку дырэктара па навуковай рабоце мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" Ларысе Бібік, заслужанаму работніку сельскай гаспадаркі - дырэктару прадпрыемства "Саўгас "Рачкавічы" Мікалаю Красуцкаму, заслужанаму майстру спорту - інжынеру аддзялення сувязі і апавяшчэння пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Мікіту Уколаву.