Даклад Намесніка Прэм'ер-міністра Віктара Каранкевіча

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 студзеня заслухаў даклад Намесніка Прэм'ер-міністра Віктара Каранкевіча аб функцыянаванні энергетычнай інфраструктуры краіны ў цяперашніх складаных умовах надвор'я.

    Галоўная задача - гарантаванне надзейнага забеспячэння насельніцтва электраэнергіяй і цяплом, аператыўнае рэагаванне на магчымыя няштатныя сітуацыі. Гэта пытанне знаходзіцца на асаблівым кантролі Кіраўніка дзяржавы.

    Віцэ-прэм'ер далажыў аб сітуацыі ў краіне 27-28 студзеня ў перыяд пагаршэння ўмоў надвор'я. Парушэнне электразабеспячэння было зарэгістравана ў 475 населеных пунктах. З іх у 450 электразабеспячэнне ўжо адноўлена па штатнай схеме. У астатніх ставіцца задача завяршыць адпаведныя работы на працягу 28 студзеня. Пры гэтым у сістэмаўтваральных лініях электраперадачы адключэнняў не адбывалася.

    Прэзідэнт інфармаваны, што найбольш пацярпелі Мінская і Гомельская вобласці, часткова - Віцебская вобласць. Для рамонтных работ у краіне ёсць 690 брыгад, аснашчаных сучасным абсталяваннем і тэхнікай. Пры неабходнасці яны могуць быць дадаткова перакінуты ў любы пацярпелы рэгіён. 

    У дакладзе Прэзідэнту закраналіся і пытанні цэнтралізаванага цеплазабеспячэння населеных пунктаў. Цяпер работа арганізавана ў штатным рэжыме. Адключэнняў па цэнтралізаваных сістэмах цеплазабеспячэння не зафіксавана. Прыняты меры па зніжэнні нагрузкі на цеплавыя сеткі. Пры гэтым, як далажыў Віктар Каранкевіч, забяспечваюцца неабходныя стандарты па ацяпленні як жыллёвага фонду і сацыяльных аб'ектаў, так і адміністрацыйных будынкаў.

    Адзначана, што ў цэлым беларускія энергетыкі за апошнія гады рэалізавалі комплекс мер па прафілактыцы ўзнікнення няштатных сітуацый і мінімізацыі адключэнняў з-за неспрыяльных умоў надвор'я. Работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана.