Cустрэча са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Субоціным
- 10
- 5:45
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 жніўня прыняў з дакладам старшыню Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна.
"Перш за ўсё хачу павіншаваць вас, што вы не з пустымі рукамі да мяне прыйшлі: мільён (у Віцебскай вобласці намалочана больш за 1 млн т збожжавых, і Аляксандр Субоцін у сувязі з гэтым прынёс каравай. - Заўвага). Я так прыглядаўся і думаў: гэта адзінка ці двойка наперадзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Пакуль адзінка", - адказаў губернатар.
"Пакуль адзінка, але таксама ўжо добрая, прыемная вестка. Я хачу віцябчан павіншаваць з гэтым дасягненнем. Я так разумею, што больш за мільён будзе, таму што хоць крыху, але яшчэ ёсць што ўбіраць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"10 працэнтаў", - удакладніў Аляксандр Субоцін.
"10 працэнтаў - гэта (калі разлік рабіць з пражытага), то гэта 100 тыс. як мінімум. Калі мільён сто, то гэта ўжо добры вынік", - заявіў Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў кіраўніцтва Віцебскай вобласці і іншых рэгіёнаў: "Мы, як у народзе кажуць, зацыкліліся на гэтых збожжавых, адзінаццаці мільёнах. Мы можам і больш атрымаць у гэтым годзе. Але пытанне стаіць: ці трэба? Таму што дабіраць да 11 і больш за 11 мы можам за кошт кукурузы цяпер. Але гэта небяспечная тэндэнцыя. У нас дастаткова зерня: і рапсавага, і збожжавых каласавых, і кукурузнага, і іншага - грэчка, проса. У нас дастаткова цяпер для таго, каб людзей забяспечыць, жывёлу накарміць і яшчэ невялікі рэзерв мець".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, калі цяпер усю кукурузу ўбраць на зерне, то ў паловы гаспадарак, акрамя гэтага зерня, няма чым будзе карміць жывёлу. "Таму сёння кукурузу трэба пачынаць убіраць нават у Віцебскай вобласці, асабліва "падгарэлыя" ўчасткі, на сілас. Добрае фарміраванне зерня ў кукурузы - я гляджу практычна кожны дзень. Калі мы ўбяром зялёную масу кукурузы і яшчэ добры пачатак зерня, добра закансервуем сянажныя або сіласныя траншэі, мы атрымаем добры корм у гэтым годзе, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - На месцы, я думаю, старшыні райвыканкамаў і кіраўнікі гаспадарак павінны разабрацца. А ваш - кантроль, каб мы не перагібалі: вось мільён зерня атрымалі - трэба паўтара. Не, трэба столькі, колькі трэба".
"Мне сёння сапраўды лёгка ісці да вас было, таму што дзве перамогі ў нас: першая - гэта мільён (прычым гэта мільён без рапсу, гэта толькі збожжавы палетак, яшчэ 50 тысяч рапсу)", - растлумачыў Аляксандр Субоцін.
Кукурузу ў Віцебскай вобласці плануюць пачаць убіраць з 1 верасня. Зрушваць тэрміны, паводле слоў губернатара, нельга, таму што далей чакаюцца дажджы, а значыць, умовы для інтэнсіўнай уборкі будуць няпростымі. Старшыня аблвыканкама таксама расказаў, што ў гаспадарках вядзецца работа па рэканструкцыі траншэй для закладкі сіласу, за кошт абласнога бюджэту будзе аказана падтрымка арганізацыям з найбольш высокай культурай жывёлагадоўлі.
Адной з галоўных тэм сустрэчы стаў ход сельскагаспадарчых работ у рэгіёне: уборачная кампанія, нарыхтоўка кармоў, сяўба азімага рапсу. "Так склалася, што ты павінен першым убраць і першым пасеяць, хоць апошнім вясной сееш. Таму табе трэба хутка пасеяць: усё ж такі Віцебская вобласць - зона рызыкоўнага земляробства. Для гэтага трэба аператыўна вызваляць палі пасля ўборкі і рыхтаваць іх да сяўбы. Як тут ідуць справы?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.
Другое важнае пытанне - работа інтэграцыйных аграпрамысловых структур. Гэту тэму Прэзідэнт трымае на пастаянным кантролі. "Усё ж такі Віцебскую мы ў свой час узварухнулі з табой. Быццам бы і людзі зразумелі - малайцы віцябчане. Проста трэба разварушыць людзей і не крыўдзіць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Яшчэ адна тэма - фармацэўтыка, біятэхналогіі, нанатэхналогіі. Так склалася, што мы замахнуліся на нашы вакцыны. Як у нас ідуць справы з развіццём нашага галоўнага прадпрыемства - "БелВітуніфарм"?" - спытаў Прэзідэнт.
Паводле слоў губернатара, уборачная ў Віцебскай вобласці ідзе актыўна, многія гаспадаркі яе ўжо завяршылі, а недзе нават справілі мясцовыя "Дажынкі". "Цяпер знаходзімся на стадыі перакідкі тэхнікі, каб маскімальна дарэзаць тыя палі ў гаспадарках, якія не спраўляюцца. Прынята рашэнне на ўзроўні вобласці, і мы гэта цяпер актыўна кантралюем", - дадаў старшыня Віцебскага аблвыканкама.
Аляксандр Субоцін прыйшоў у Палац Незалежнасці не з пустымі рукамі: губернатар прынёс Прэзідэнту каравай у гонар намалоту мільёна тон збожжавых. Пры гэтым у рэгіёне ўбрана крыху больш за 89 працэнтаў плошчаў. Паводле яго слоў, такі ўраджай у Віцебскай вобласці збіралі толькі ў 1976 і 2014 гадах.