Даклад Старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько

  • 8
  • 5:32

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе ФПБ аператыўна рэагаваць на пытанні і патрэбы працоўных. Аб гэтым ён заявіў 19 чэрвеня, прымаючы з дакладам Старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько.

"Я не запрашаў Вас і не сустракаўся з Вамі ў гэты перыяд часу пасля выбрання (на пасаду Старшыні ФПБ. - Заўвага) не выпадкова. Я хацеў, каб Вы ўвайшлі ў курс спраў і, перш чым мы маглі сустрэцца, маглі разабрацца ва ўсіх дэталях, нюансах і працэсах, якія адбываюцца ў нашых прафсаюзах. Не трэба нікому нагадваць, што гэта - велізарная "партыя", можна сказаць так. Гэта дзяржаўныя людзі, патрыятычныя людзі ў сваёй пераважнай большасці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але як унутры прафсаюзнай арганізацыі, так і з боку насельніцтва ёсць нямала прэтэнзій да прафсаюзаў. То недзе там малаактыўныя, то забюракратызаваліся, то не аказалі дапамогу і падтрымку і іншае. Гэта зразумела - такая велізарная арганізацыя, - гэта будзе заўсёды. Але імкнуцца трэба да лепшага. Трэба рабіць так, каб гэтай бюракратыі і іншага было менш. Таму што гэта народная "партыя", народныя прафсаюзы".

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся абстаноўкай у прафсаюзнай сферы, якую Юрый Сянько меў магчымасць ацаніць свежым поглядам, якія далейшыя планы і дзеянні па нармалізацыі сітуацыі па асобных напрамках. "Якія ў Вас ёсць да мяне пытанні? Магчыма, трэба недзе падключыцца, уцягнуць мяне ў нейкія працэсы для аказання дапамогі і падтрымкі прафсаюзнаму руху?" - пацікавіўся беларускі лідар.

Юрый Сянько далажыў, што нацыянальны прафесійны цэнтр сёння адбыўся, як аб'яднанне. У яго ўваходзяць 15 галіновых прафсаюзаў. "Адзіныя падыходы звязаны з тым, каб максімальна дайсці да кожнага рабочага, выкрышталізаваць нейкія праблемы. А выкрышталізаваць іх можна. Па той прычыне, што сёння ў нашай краіне створаны 24 тыс. пярвічных прафсаюзных арганізацый. Гэта вялікая армія", - сказаў ён.

На прадпрыемствах і ў арганізацыях заключана каля 18 тыс. калектыўных дагавораў, у якіх для работнікаў прадугледжаны многія перавагі і стымулы нават звыш таго, што патрабуе заканадаўства.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў прафсаюзы актыўна падключыцца да будучай уборачнай кампаніі ў вёсцы.

"Уборачная кампанія практычна пачалася. Я сёння слухаў даклад губернатара Брэсцкай вобласці. Выбарачна ён пачаў ужо ўбіраць азімы ячмень. Заўсёды прафсаюзы падключаліся да гэтага працэсу, аказвалі адпаведную дапамогу і падтрымку. Я папрасіў бы Вас, каб гэта была перш за ўсё дапамога, падтрымка і ўдзел прафсаюзаў у гэтай рабоце, а не нейкія кантрольна-наглядальныя функцыі. Кантралёраў у нас хапае", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка ўспомніў сваю ранейшую работу ў аграрнай сферы: "Прафсаюзы, асабліва ў сельскай гаспадарцы, заўсёды былі ў мяне правай рукой. І мы разам арганізоўвалі і харчаванне, і абслугоўванне (тэхнікі. - Заўвага) у перыяд уборачнай кампаніі".

Прэзідэнт даручыў не выпускаць з-пад увагі кантроль за выплатай заработнай платы, каб у працоўных не было прычын для скаргаў.

У час сустрэчы ён таксама даручыў увесці дадатковыя матэрыяльныя стымулы для працуючых пенсіянераў. Была пастаўлена задача ўнесці нарматыўны акт, які будзе даваць магчымасць пенсіянерам працаваць і далей, але на больш прывабных умовах. Юрый Сянько ўпэўнены, што захаванне напрацаванага каэфіцыента будзе важным элементам для людзей, якія маюць добры вопыт работы, прафесійныя навыкі, сілы і жаданне прадаўжаць працаваць. "Плюс заработная плата для іх будзе таксама добрым стымулам для прадаўжэння работы ў тых напрамках, па якіх мы сёння бачым неабходным захаваць працуючых пенсіянераў", - дадаў Юрый Сянько.

Прымаючы з дакладам Старшыню ФПБ, Аляксандр Лукашэнка закрануў і тэму беларуска-кітайскіх адносін, улічваючы, што цяперашні прафсаюзны лідар да гэтага некалькі гадоў займаў пасаду пасла ў КНР.

"Мне вельмі важны тут Ваш кітайскі вопыт. Таму што часам прафсаюзы адарваны ад жыцця і пачынаюць: "Вось гэта трэба, тое трэба..." Я заўсёды падтрымліваю працоўных, гэта сапраўды правільна. Але Вы ведаеце, для таго, каб нешта патрабаваць, трэба працаваць. І Вы бачылі, як працуюць кітайцы. Вядома, нашы не працуюць так і працаваць, напэўна, не будуць. Але калі б мы блізка былі да работы і аб'ёмаў, якія выконваюць кітайскія рабочыя, я думаю, мы ў некалькі разоў багацейшыя былі б. Таму вопыт гэты вельмі важны для самога прафсаюзнага кіраўніка", - сказаў Прэзідэнт.

Ён пацікавіўся ў Юрыя Сянько, як той уладкаваўся, вярнуўшыся з Кітая, ці ёсць нейкія асабістыя пытанні.

У сваю чаргу Юрый Сянько падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ўнікальны вопыт, атрыманы за гады работы ў Кітаі. Тры гады, запэўніў ён, не прайшлі дарэмна. Дыпламат наведаў тры дзясяткі правінцый, практычна ўвесь Кітай. "Ведаю сітуацыю. Усюды нас у Кітаі ведаюць, чуюць, разумеюць, цэняць нашу дружбу, нашы адносіны. Упэўнены, што моцная дружба, якая склалася, надоўга захаваецца і будзе прыносіць свой плён", - сказаў цяперашні Старшыня ФПБ.

Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане папярэдзіў, што Юрый Сянько, акрамя сваіх асноўных абавязкаў на прафсаюзнай рабоце, будзе запатрабаваны ў ролі эксперта і нават удзельніка тых ці іншых працэсаў, звязаных з адносінамі з КНР.

Як і ў адносінах да мытнай сферы - яшчэ да назначэння ў Кітай Юрый Сянько ўзначальваў Дзяржаўны мытны камітэт. "Ты доўга працаваў там. І нам твой свежы погляд - незалежны, альтэрнатыўны нават можа, - заўсёды патрэбны будзе ў тым ці іншым аспекце", - адзначыў беларускі лідар.

"Заўсёды гатовы да выканання пастаўленых задач", - запэўніў Юрый Сянько.