Даклад Міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка і памочніка Прэзідэнта Аляксандра Косінца
- 6
- 4:48
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў 21 мая з дакладам Міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка і свайго памочніка Аляксандра Косінца.
Міністэрства аховы здароўя падрыхтавала праект урадавай пастановы "Аб пераліку працэдур (даследаванняў, маніпуляцый), якія адносяцца да работ і паслуг, што складаюць ліцэнзуемую медыцынскую дзейнасць". З Кіраўніком дзяржавы вырашылі ўзгадніць пытанне аб неабходнасці прыняцця гэтага дакумента. Падобны дакумент прымаўся ўжо Саўмінам у сакавіку 2011 года, аднак, на думку міністэрства, ужо ўзнікла неабходнасць абнавіць яго палажэнні.
"Пытанне аб ліцэнзіях, дазволах, забаронах. Яно было некалі вельмі сур'ёзна ўзнята не толькі бізнес-супольнасцю, але і звычайнымі людзьмі, асабліва тымі, хто будзе займацца гэтымі відамі дзейнасці, на якія патрэбна будзе ліцэнзія. З таго часу, калі мы зрабілі шмат крокаў, каб зняць лішнія дазвольныя тэмы і пытанні, даць большую свабоду людзям, грамадству і бізнес-структурам, я кантралюю гэтыя пытанні", - растлумачыў сваю ўвагу да гэтай тэмы Прэзідэнт.
Распрацоўшчыкі праекта пастановы хочуць, з аднаго боку, каб у абноўленым дакуменце былі ўлічаны нормы Указа № 326 "Аб удасканаленні ліцэнзавання", з іншага - вырашыць пытанне са скаргамі і судовымі разборамі з-за якасці медыцынскіх паслуг, якія прадастаўляюцца ў прыватных масажных кабінетах і салонах прыгажосці. Для гэтага, на іх думку, трэба абнавіць ліцэнзійныя патрабаванні, што прад'яўляюцца да СПА-цэнтраў і салонаў прыгажосці. Як расказаў Уладзімір Каранік, пры распрацоўцы праекта пастановы зыходзілі з таго, што трэба развіваць рынак медыцынскіх паслуг пры безумоўным захаванні бяспекі грамадзян.
"У мяне ёсць кола людзей, якім я магу сказаць: паглядзіце, што будзе Міністэрства аховы здароўя ліцэнзаваць, патрэбна нам гэта ці не. Я не ўбачыў непрымання па гэтым праекце пастановы, аснову якой заклалі ў Міністэрстве аховы здароўя, але падумаў, што не лішнім будзе яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання і абмеркаваць з вамі. Можа, мы недзе вельмі спрабуем зарэгуляваць тыя ці іншыя працэсы, - выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка. - Напрыклад, масаж. Трэба, каб Міністэрства аховы здароўя ліцэнзавала масажы, патрабуючы ад канкрэтных людзей, каб яны ледзь ці не ўрачамі былі, або не трэба? Магчыма, будуць якія-небудзь іншыя пытанні".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, пасля сённяшняй размовы ён абмяркуе яшчэ раз гэту тэму з іншымі спецыялістамі. Але, як падкрэсліў Прэзідэнт, патрабаванне адно - лішняй зарэгуляванасці быць не павінна. "Гэта ні да чаго добрага не прывядзе: мы будзем трымаць лішніх чыноўнікаў і гэта будзе злаваць пэўную частку тых работнікаў, якія хочуць займацца масажамі або нейкімі працэдурамі, якія не параўнаць з хірургічнымі аперацыямі. Ці трэба нам умешвацца ў такія рэчы? Дайшло да таго, што ўжо, як мяне інфармуюць, прыходзяць санстанцыі і замест таго, каб займацца пандэміяй, глядзяць: на падлозе і сцяне плітка, а яе нельга, трэба, каб былі шпалеры. Ужо да такой дзікасці даходзіць, - акрэсліў праблему Аляксандр Лукашэнка. - Я проста хачу вас папярэдзіць, што ведамаснасці тут быць не павінна".
На сустрэчы таксама абмеркавалі эпідабстаноўку ў краіне. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, расслабляцца пакуль нельга, але існуючыя даныя сведчаць аб тым, што абстаноўка паступова паляпшаецца. "Я бачу інфармацыю, кантралюю, але ні ў якім разе нельга расслабляцца. Трэба да канца прайсці гэты шлях і даказаць усім, асабліва ў нас у краіне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нам трэба змагацца за жыццё людзей. Трэба трымацца з усіх сіл і ратаваць людзей, таму што застанецца адзін паказчык - смяротнасць".
"Але ні ў якім разе не расслабляцца. Трэба арыентаваць нашых урачоў. Яны малайцы, ды і Міністэрства аховы здароўя добра арганізуе гэту работу. А галоўнае, што вы вывучаеце штодзённы вопыт. Хацелася б, каб вы вытрымалі гэта. Напэўна, пакуль мы канчаткова не адыдзем ад гэтага, месяц нам яшчэ давядзецца цялёпкацца. Вядома, не той узровень ужо, лягчэй крыху стала, але не расслабляцца", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы ў прыватнасці адзначыў, што асабліва ў Віцебску і Мінску, якія першыя сутыкнуліся з віруснай праблемай, захваральнасць ужо ідзе на спад: "Пабывалі вы ў Віцебску. Мы выйшлі на плата і бачым, што пайшлі на спад. Мінск, Віцебск - яны раней, асабліва Віцебск, увайшлі ў гэту праблему, і яны ўжо выходзяць. Вы бачыце, што месцы вызваляюцца. Там, дзе мы рэзервавалі анкалагічныя, гінекалагічныя ложкі, яшчэ нейкія, яны нам не патрэбны, іх трэба выводзіць, зачышчаць, вымываць".
Прэзідэнт адзначыў, што, напрыклад, адпаведныя працэсы ў Мінску ад яго імя кантралюе Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава. Як дакладваюць Кіраўніку дзяржавы, у сталіцы сітуацыя стабілізавалася. "Мы не бачым росту ў Мінску цяпер. Гэта шчасце. Нават ужо ў мінус пайшлі. Гэта добра. Таксама трэба вызваляць бальніцы, якія мы загадзя рыхтавалі на ўсялякі выпадак, каб у нас былі ложкі ў запасе. Трэба разумець, што ў нас жа анкалагічныя аперацыі. Няхай не складаныя, не цяжкія, але адкладзеныя. Таму трэба тэрмінова вяртаць гэтыя бальніцы анкахворым. Тое ж самае і іншыя бальніцы, якія павінны займацца лячэннем іншых хвароб", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што ў краіне выбралі правільную стратэгію ўдзяляць прыярытэтную ўвагу лячэнню пнеўманій, незалежна ад прычын, якія іх выклікалі, а не толькі каранавірусных: "Гэта была правільная стратэгія. І мы сёння бачым, што гэтыя пнеўманіі, дзякуй богу, пайшлі ўніз".
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што эпідэміялагічная абстаноўка ў свеце ў цэлым уплывае і на эканамічнае развіццё, вытворчыя ланцужкі, выклікае сацыяльныя пытанні, і ў гэтым плане неабходна прымаць рашэнні на дзяржаўным узроўні. "Мне трэба гэта ўсё аб'ядноўваць, супастаўляць, звязваць і кіраваць краінай і грамадствам. Таму калі будуць якія-небудзь вашы рэкамендацыі для мяне ў гэтым плане, я гатовы іх выслухаць", - дадаў ён.