Спачуванне народу ЗША ў сувязі са шматлікімі ахвярамі стральбы ў штаце Мэн
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне народу Злучаных Штатаў Амерыкі ў сувязі са шматлікімі ахвярамі ў выніку стральбы ў горадзе Льюістан штата Мэн.
"У Беларусі з вялікім болем успрынялі паведамленне пра шматлікія ахвяры ў выніку бязлітаснай стральбы ў горадзе Льюістан штата Мэн", - гаворыцца ў спачуванні.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь рашуча асуджае любыя формы і праявы тэрарызму і экстрэмізму, а таксама адсутнасць належнага кантролю за абаротам зброі, з-за чаго і здарылася чарговая трагедыя, якая стала ўжо 565-й па ліку і самай жудаснай і масавай у ЗША ў 2023 годзе. Усяго ахвярамі такіх актаў у бягучым годзе сталі больш за 25 тыс. бязвінных амерыканцаў. "Гэта жыцці, якія можна і трэба было выратаваць", - адзначыў Прэзідэнт.
Ад усіх беларусаў і сябе асабіста Аляксандр Лукашэнка выказаў шчырыя спачуванні і адрасаваў словы падтрымкі родным загінулых і народу ЗША, а таксама пажадаў хутчэйшага выздараўлення раненым.