Цырымонія прынясення ваеннаслужачымі клятвы на вернасць беларускаму народу і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь
- 24
- 11:15
Пасля цырымоніі інаўгурацыі ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка прыбыў на размешчаную побач плошчу Дзяржаўнага сцяга. Там адбылася цырымонія прынясення ваеннаслужачымі клятвы на вернасць беларускаму народу і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.
Перад пачаткам цырымоніі Кіраўнік дзяржавы змяніў дзелавы касцюм на ваенную форму, каб звярнуцца да ваеннаслужачых не толькі як Прэзідэнт, але і як Галоўнакамандуючы.
У цырымоніі на плошчы Дзяржаўнага сцяга прынялі ўдзел прадстаўнікі розных родаў войскаў. Яны пакляліся перад беларускім народам і Галоўнакамандуючым, што заўсёды гатовы надзейна абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Радзімы.
"Мы, ваеннаслужачыя і супрацоўнікі сілавых ведамстваў Рэспублікі Беларусь, запэўніваем увесь беларускі народ і вас, таварыш Галоўнакамандуючы, у тым, што заўсёды гатовы надзейна абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашай Радзімы. Сёння, у дзень уступлення на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, мы ўрачыста клянёмся з годнасцю і гонарам несці высокае званне абаронцы Айчыны, беззапаветна служыць беларускаму народу і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, абараняць нашу Радзіму мужна, умела, не шкадуючы сваіх сіл і самога жыцця! Клянёмся!" - вымавіў тэкст клятвы Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
У адказ прагучала трохразовае "Клянёмся!" ад ваеннаслужачых, пасля чаго аркестр выканаў Дзяржаўны гімн Беларусі і былі зроблены залпы артылерыйскага салюту.
Ваеннаслужачыя роты ганаровай варты прайшлі перад кіраўніком дзяржавы ўрачыстым маршам.
На заканчэнне цырымоніі адбылася прэм'ера ваенна-патрыятычнай песні "Марш Галоўнакамандуючага" на музыку Яўгена Алейніка і словы Юліі Быкавай.
Выступленне Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі прынясення ваеннаслужачымі клятвы на вернасць беларускаму народу і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь:
Таварышы салдаты і сяржанты, курсанты і прапаршчыкі, афіцэры і генералы!
Паважаныя суайчыннікі і госці беларускай зямлі!
Заступаючы на пасаду Кіраўніка дзяржавы, я бяру на сябе найвялікшую адказнасць верай і праўдай служыць беларускаму народу. Гераічнаму народу.
Гэта вялікі гонар і свяшчэнны абавязак. Запэўніваю вас, што галоўнымі прыярытэтамі ў маёй дзейнасці заўсёды былі і застаюцца, а таксама застануцца нацыянальныя інтарэсы, бяспека краіны і людзей.
Усе гэтыя гады мы разам будавалі і ўмацоўвалі нашу дзяржаву. Крок за крокам літаральна з нуля выбудоўвалі сістэму забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Разам стваралі сучасную ваенную арганізацыю дзяржавы як надзейны шчыт для мірнай працы беларускага народа і непераадольны бар'ер для любога агрэсара.
Беларусы - людзі мірныя, а Беларусь - краіна міралюбная. Мы - за справядлівы свет і вырашэнне любых праблем шляхам дыялогу.
Але ў гады суверэнітэту і незалежнасці нас шмат разоў правяралі на трываласць, і кожны з вас неаднаразова даказаў свой патрыятызм, вернасць прысязе і Айчыне. Сёння мы адзіныя і з'яднаныя як ніколі, таму, безумоўна, справімся з усімі выклікамі эпохі, як гэта зрабілі 80 гадоў таму нашы героі-ветэраны, якія прынеслі народу Вялікую Перамогу. Так, як зрабілі мы і тыя, хто сёння звольніўся ў запас, тут, ля сцен Палаца Незалежнасці ў 2020 год. Праз зусім невялікі час мы сёння ўсведамляем і разумеем, што было б з намі, калі б мы з вамі тут не выстаялі.
Наш абавязак - абавязак людзей у пагонах - умацоўваць абарону краіны і абараняць родную зямлю ад усялякіх замахаў. Час выбраў нас, і мы ў адказе за гэты час. І перад сучаснікамі, і самае галоўнае, перад нашчадкамі. Няхай жыве працавіты, мірны беларускі народ і яго слаўныя абаронцы Айчыны!
Ура!


