Брэсцкую, Мінскую вобласці і Мінск занясуць на Рэспубліканскую дошку Гонару

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 158 "Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку Гонару пераможцаў спаборніцтваў за 2016-2020 гады і за 2020 год".

    Дакументам вызначаны рэгіёны і арганізацыі, якія ўдастоены занясення на Рэспубліканскую дошку Гонару за дасягненне высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

    Так, па выніках работы за 2016-2020 гады сярод абласцей і г.Мінска лепшымі прызнаны Брэсцкая і Мінская вобласці і г.Мінск.

    Па выніках работы за 2020 год вызначаны 65 пераможцаў з ліку раёнаў, гарадоў (раёнаў у гарадах) і арганізацый. У тым ліку гэта 8 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак: Камянецкі і Кобрынскі раёны Брэсцкай вобласці, Мазырскі раён Гомельскай вобласці, Лагойскі і Нясвіжскі раёны Мінскай вобласці, Савецкі і Першамайскі раёны г.Мінска, Ленінскі раён г.Брэста; 9 арганізацый прамысловасці; 3 арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць у будаўніцтве; 9 арганізацый сельскай і рыбнай гаспадаркі; 2 арганізацыі лясной гаспадаркі; 34 арганізацыі сферы паслуг (арганізацыі гандлю, адукацыі, сацыяльнага абслугоўвання, навукі і іншыя, уключаючы 4 арганізацыі аховы здароўя за самаадданую працу медыцынскіх работнікаў).

    Занясенне на Рэспубліканскую дошку Гонару - грамадскае прызнанне важкага ўкладу грамадзян і калектываў прадпрыемстваў у развіццё і дабрабыт краіны.

    Афіцыйнае адкрыццё абноўленай Рэспубліканскай дошкі Гонару адбудзецца напярэдадні Свята працы.