Нефармальны саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД
- 9
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 кастрычніка прыняў удзел у нефармальным саміце кіраўнікоў дзяржаў СНД.
Сустрэча праходзіла ў Канстанцінаўскім палацы ў Санкт-Пецярбургу.
Пасля прыбыцця на саміт Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ.
Журналісты спыталі, якое выйсце бачыць беларускі лідар з існуючай міжнароднай абстаноўкі. "А навошта нам выходзіць з нейкай міжнароднай абстаноўкі? - парыраваў Аляксандр Лукашэнка. - З міжнароднай абстаноўкі выйсце павінны шукаць не мы. Мы туды не ўваходзілі і выходзіць адтуль не збіраемся з нейкімі патугамі. А яны няхай шукаюць з гэтай міжнароднай абстаноўкі (выйсце. - Заўвага), куды яны зайшлі".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што журналісты не валодаюць усімі звесткамі аб тым, што адбываецца. "Яны шукаюць гэта выйсце ўжо даўно", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Адно з пытанняў Прэзідэнту датычылася забеспячэння бяспекі заходніх граніц Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў існуючай міжнароднай абстаноўцы.
"Вы ж чулі заявы, што нібыта ўжо дамовіліся яны: арсеналы ядзернай зброі перамесцім у Польшчу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Будзем думаць. Мы ўжо вырашылі, яшчэ раз падумаем, як на гэта адказваць. Не хвалюйцеся, усё будзе нармальна".
Журналісты таксама пацікавіліся, што беларускі лідар прывёз у падарунак свайму расійскаму калегу, які якраз 7 кастрычніка адзначае юбілей.
"Трактар", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.
Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне, які менавіта трактар, Прэзідэнт сказаў: "Такі, на якім я працую, - BELARUS. Самы лепшы. Ручной зборкі".
"З усімі насадкамі?" - прадоўжылі пытацца журналісты, маючы на ўвазе навясное абсталяванне на трактар для правядзення тых ці іншых работ.
"Насадак іх, ведаеш, мільён. Таму гэта па жаданні. Але я яму прапаную адну насадку - навясное абсталяванне - сеялку. Будзем сеяць хлеб. Можа, яшчэ што-небудзь. Яна ўніверсальная. Вырасцім - і Дуду, і Маравецкаму (кіраўніцтва Польшчы. - Заўвага), Еўропе там, каб не галадалі. Каб не кралі ва Украіне хлеб, а везлі бедным краінам", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.
У размове з журналістамі Прэзідэнт таксама асабліва адзначыў, што прыехаў на саміт на расійскім аўтамабілі AURUS.
Вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў, што яны прадстаўляюць дзяржавы, якія з-за вялікай колькасці абставін, гістарычных прычын з'яўляюцца бліжэйшымі сябрамі, саюзнікамі Расіі. "З якімі нас звязваюць адносіны сапраўднага стратэгічнага партнёрства. І з якімі мы разам імкнёмся выбудоўваць супрацоўніцтва ў духу добрасуседства, узаемнай выгады і ўліку інтарэсаў адзін аднаго. Такія нефармальныя сустрэчы лідараў СНД у паўночнай сталіцы Расіі становяцца добрай традыцыяй і даюць магчымасць у спакойнай дружалюбнай абстаноўцы абмяняцца думкамі па найбольш актуальных для ўсіх нашых краін пытаннях", - сказаў расійскі лідар.
Ён у прыватнасці адзначыў наяўнасць магчымасці зверыць гадзіннікі перад маючым адбыцца на наступным тыдні ў Астане штогадовым поўнафарматным пасяджэннем Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.
Пасля завяршэння нефармальнага саміту кіраўнікоў дзяржаў СНД прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін амаль гадзіну размаўлялі ў фармаце сам-насам, пасля чаго беларускі лідар накіраваўся ў аэрапорт.