АляксандрЛукашэнка заслухаў даклад аб праблемных пытаннях развіцця прамысловага комплексу
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка незадаволены негатыўнымі тэндэнцыямі ў прамысловай сферы і патрабуе ад Урада выпраўлення сітуацыі на працягу першага квартала 2014 года. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 4 лютага ў час даклада аб праблемных пытаннях развіцця прамысловага комплексу.
"Сённяшняя нарада абумоўлена вашымі абяцаннямі, што ў галоўным пытанні - экспарту нашай прадукцыі - вы пойдзеце сямімільнымі крокамі. І, як запэўніў мяне Прэм'ер-міністр, сённяшняя размова будзе толькі на пазітыўнай ноце, маецца на ўвазе рэалізацыя прадукцыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.
У той жа час Прэзідэнт канстатаваў рост знешняй дэбіторскай запазычанасці, зніжэнне экспартных паставак, дрэнны фінансавы стан прамысловых прадпрыемстваў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мэтай гэтай сустрэчы з'яўляецца аналіз таго, як выконваюцца даручэнні і прынятыя прысутнымі абавязацельствы і абяцанні.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў чэрвені мінулага года на нарадзе, прысвечанай праблемным пытанням развіцця прамысловасці і рэалізацыі беларускай прадукцыі, былі дадзены канкрэтныя даручэнні і персанальныя заданні адказным асобам. За кожнай з іх былі замацаваны прадпрыемствы, якія маюць цяжкасці з рэалізацыяй гатовай прадукцыі. "Тады мы дамовіліся, што да пачатку бягучага года будуць дасягнуты адчувальныя вынікі не толькі ў разгрузцы накопленых запасаў, але і, падкрэсліваю, у паступленні грошай за пастаўленую прадукцыю на рахункі прадпрыемстваў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у пацвярджэнне гэтага ў пачатку верасня мінулага года пры наведванні "Мотавела" былі прадстаўлены канкрэтныя графікі з дакладнымі абавязацельствамі як па тэмпах вытворчасці, так і па зніжэнні аб'ёмаў і ўзроўню запасаў.
"Урад дакладвае, што сітуацыя з запасамі прадукцыі стала паляпшацца, быццам бы настаў пералом", - заўважыў Прэзідэнт. У той жа час статыстыка паказвае, што аб'ём прамысловай вытворчасці знізіўся амаль на 5%, вырасла знешняя дэбіторская запазычанасць, накопліваюцца даўгі за вырабленую і неаплачаную прадукцыю. У цэлым па прамысловасці яны дасягнулі Br118 трлн, што складае больш як два сярэднямесячныя аб'ёмы вытворчасці. "Які ж гэта пералом, калі грошы на рахункі прадпрыемстваў не паступаюць? - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Прычым разрыў паміж знешняй крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасцю расце, і мы па-ранейшаму крэдытуем замежных партнёраў. А няхватку сродкаў на бягучую дзейнасць забіраем з нашай банкаўскай сістэмы і потым стогнем, што ў нас дарагія крэдыты".
Прэзідэнт адзначыў, што больш за ўсё яго непакоіць зніжэнне экспартных паставак, адсутнасць выніку ў пашырэнні іх геаграфіі. "У аснове гэтага - нежаданне і няўменне гандляваць", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
"Мной не раз падкрэслівалася, што Урад павінен быць вялікім міністэрствам гандлю. У цяперашніх умовах гэта асабліва актуальна, чым і было прадыктавана маё даручэнне канкрэтным службовым асобам. Пры вызначэнні гэтай задачы мной было зададзена пытанне: што патрэбна з майго боку для вырашэння праблем? Па ўсіх пастаўленых Урадам пытаннях мной неадкладна былі прыняты рашэнні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. У прыватнасці, падпісаны Указ аб дзяржаўнай падтрымцы крэдытавання іншаземнымі банкамі замежных пакупнікоў беларускай прадукцыі. Для стымулявання экспартных паставак Банк развіцця быў надзелены функцыямі па падтрымцы экспарту і яму быў перададзены беларускі "Прамагралізінг".
![]()
"Каб пашырыць нашы пастаўкі за мяжу (у Кітай, Венесуэлу, Эквадор, іншыя краіны) мне давялося аб'ездзіць і прыняць у сябе ў Мінску, як кажуць, увесь свет. Сустракацца як з кіраўніцтвам, так і дзелавымі коламі многіх дзяржаў, тым самым ствараючы спрыяльныя ўмовы для паспяховай работы ў розных рэгіёнах планеты. Павінен сказаць, што непрымання паставак нашай прадукцыі я нідзе не заўважыў. Нават інтарэс, зацікаўленасць", - сказаў Прэзідэнт.
"Зразумела, што мы залежым ад знешніх рынкаў. Наша эканоміка экспартаарыентаваная. Жывём з таго, што зробім і прададзім. Таму на нас уплываюць ваганні цэн на рэсурсы і, вядома, попыту на гатовую прадукцыю. Аднак, улічваючы, што аб'ём беларускай экспартнай прадукцыі па сусветных маштабах нязначны, то яго пры належнай паваротлівасці і прадпрымальнасці можна і патрэбна не скарачаць, а нарошчваць. Шукаць і знаходзіць новыя нішы, прабівацца на новыя рынкі. Галоўнае - варушыцца, а не сядзець на месцы!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Але дзе вынікі работы? Шчыра кажучы, належнай аддачы да гэтага часу не відаць!" - канстатаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на дрэнны фінансавы стан прамысловых прадпрыемстваў. Чысты прыбытак скараціўся амаль у два разы, колькасць стратных прадпрыемстваў павялічылася ў 1,8 раза, сумарная чыстая страта вырасла ў 2,6 раза да Br4,5 трлн. Захоўваюцца і значныя звышнарматыўныя астаткі гатовай прадукцыі на складах. Пры гэтым на шэрагу валаўтваральных прадпрыемстваў яны фактычна не зніжаюцца. "Усё гэта сведчыць аб тым, што абавязацельствы і даручэнні належным чынам не выконваюцца. Я хацеў бы сёння канкрэтна высветліць, кім і чаму яны зрываюцца", - падкрэсліў Прэзідэнт.
На нараду была запрошана вялікая група кіраўнікоў і вышэйшых службовых асоб, адказных за прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на заканамернасць гэтага, паколькі 40% складскіх запасаў краіны фарміруюцца менавіта арганізацыямі гэтага ведамства.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць усебакова і глыбока прааналізаваць вынікі праведзенай работы, каб задаць належны тэмп на бягучы год. "Што датычыцца рашэння, я думаю, яно ў выніку гэтай нарады будзе прынята", - адзначыў Прэзідэнт.
Аб праблемных пытаннях развіцця прамысловасці далажыў старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон. Паводле яго слоў, КДК лічыць работу па скарачэнні складскіх запасаў прадпрыемстваў нездавальняючай. Суадносіны аб'ёму запасаў і сярэднямесячнага аб'ёму прамысловай вытворчасці па выніках 2013 года склалі 70,2%, што на 10,2 працэнтнага пункта перавысіла ўстаноўленае заданне. Работа па скарачэнні складскіх запасаў на працягу мінулага года суправаджалася спадам аб'ёмаў прамысловай вытворчасці і ростам дэбіторскай запазычанасці за адгружаную прадукцыю. "Усё гэта стала вынікам таго, што кіраўнікамі шэрага органаў дзяржкіравання і прадпрыемстваў даручэнні Кіраўніка дзяржавы па мадэрнізацыі прамысловых вытворчасцей, заваяванні новых рынкаў збыту, забеспячэнні фінансавай стабільнасці прадпрыемстваў выконваюцца нядбайна. Кіраўніцкія рашэнні і меры, што прымаюцца, у тым ліку па мадэрнізацыі вытворчасцей, не заўсёды прапрацаваныя і эканамічна абгрунтаваныя, з-за чаго не дасягаецца канчатковая мэта", - канстатаваў Аляксандр Якабсон.
Старшыня КДК адзначыў, што галоўнай крыніцай фінансавання мадэрнізацыі вытворчасцей з'яўляюцца крэдыты. Аднак ён выказаў занепакоенасць пазіцыяй камерцыйных банкаў, якія пачынаюць фінансаваць праекты, згаджаючыся з прадстаўленымі бізнес-планамі, падпісваюць крэдытныя дагаворы, а пры з'яўленні першых цяжкасцей спыняюць фінансаванне. Гэта прыводзіць да зацягвання тэрмінаў рэалізацыі праектаў і замарожвання ўкладзеных сродкаў.
![]()
"Акрамя таго, празмерна высокі кошт крэдытаў - больш як 40% - на фоне адносна сціплай стаўкі рэфінансавання (23,5%) нездавальняюча ўплывае на фінансавы стан прадпрыемстваў. І такая сітуацыя, відаць, поўнасцю задавольвае банкі, паколькі іх прыбытак за 2013 год павялічыўся ў 2,5 раза пры росце выдадзеных крэдытаў усяго толькі на 23%, - канстатаваў Аляксандр Якабсон. - Лічу, што ў цяперашняй сітуацыі банкам трэба быць больш сціплымі і вызначыць меры па скарачэнні сваіх расходаў, у тым ліку на заработную плату, і аптымізацыі прыбытку, каб зрабіць таннейшымі крэдыты".
Старшыня КДК таксама засяродзіў увагу на пытаннях кампетэнтнасці кіруючых кадраў на прадпрыемствах. Асобныя кіраўнікі замест прыняцця дзейсных мер для збыту прадукцыі спрабуюць стварыць толькі бачнасць разгрузкі складоў. Напрыклад, спробы прыхарошыць рэальны стан спраў былі выяўлены і спынены на БелАЗе і "Гомсельмашы".
Ёсць, вядома, і станоўчыя прыклады. За студзень - лістапад 2013 года экспарт прадукцыі кандытарскай фабрыкі "Камунарка" склаў 138% да ўзроўню 2012 года. Гэтаму садзейнічала пашырэнне геаграфіі экспарту, замена асноўных гандлёвых аператараў практычна на ўсіх рынках. "Амаль такая ж нядрэнная сітуацыя і на гомельскім "Спартаку". Значыць, усё ж такі праблема не ў форме ўласнасці, дзяржаўнай або прыватнай, а ў кадрах і арганізацыі работы", - заўважыў Аляксандр Якабсон.
Тым не менш, нягледзячы на шэраг станоўчых тэндэнцый, агульная сітуацыя зусім не радасная, на што і звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Урад і кіраўніцтва прадпрыемстваў фактычна не выконваюць раней узятых на сябе абавязацельстваў.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кабякоў адзначыў, што з моманту правядзення ў чэрвені 2013 года нарады ў Прэзідэнта ў вартасным выражэнні ў цэлым па прамысловасці складскія запасы ўдалося крыху знізіць. Аднак за гэты ж перыяд вырасла знешняя дэбіторская запазычанасць, і калі ацэньваць у сукупнасці, то, наадварот, атрымліваецца рост. "Пакуль пералому не адбылося. Ёсць толькі расткі тэндэнцый, што мы прыходзім да пэўнай стабілізацыі на пэўным узроўні вытворчасці", - сказаў Андрэй Кабякоў.
Аляксандр Лукашэнка выказаў абурэнне, што ў гэтай сітуацыі асобныя кіраўнікі замест таго, каб займацца справай, шукаюць спосабы прыхарошыць на паперы рэальную сітуацыю. "Мяне здзіўляе, што людзі накіроўваюць намаганні на гэта, а не на тое, каб паехаць і дапамагчы канкрэтнаму прадпрыемству або прымусіць кагосьці працаваць, - сказаў Прэзідэнт. - Каму гэта трэба, я не разумею? Галоўнае - гэта грошы за адгружаную прадукцыю".
Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч растлумачыў цяжкасці са зніжэннем складскіх запасаў дзвюма прычынамі: слабай канкурэнтаздольнасцю і няўменнем прадаваць прадукцыю. "Мы сапраўды ў другой палавіне 2013 года крыху аслабілі адміністрацыйны жым за выкананне валавых паказчыкаў для таго, каб захаваць эканоміку прадпрыемстваў. Усе буйныя прадпрыемствы краіны, валаўтваральныя і горадаўтваральныя, працавалі з прыбыткам, хоць ён і невысокі", - адзначыў Прэм'ер-міністр.
Што датычыцца знешняй дэбіторскай запазычанасці, Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу і на станоўчыя, на яго думку, моманты ў сітуацыі, якая склалася. "Дэбіторская запазычанасць - гэта ўсё ж такі тавар там, у імпарцёра. І калі яе абнуліць або зрабіць мінімальнай, то туды прыйдуць іншыя вытворцы, і мы тады ўжо ніколі не трапім на рынкі гэтых краін, - сказаў ён. - Таму дэбіторская запазычанасць - гэта дрэнна, але гэта шанц, што мы атрымаем грошы ад кампаній і краін, якія імпартуюць нашу прадукцыю".
У гэтым жа ключы выказаўся і гендырэктар МТЗ Уладзімір Валчок. Паводле яго слоў, пры рэалізацыі прадукцыі сёння неабходна прымяненне розных фінансавых схем, у тым ліку растэрміноўкі. "Усе без выключэння нашы канкурэнты прымяняюць скідкі, растэрміноўкі тэрмінам на год, два і больш. Мы сёння прымяняем значна больш сціплыя растэрміноўкі з-за нашых фінансавых магчымасцей. Але па шэрагу рэгіёнаў і краін гэта на сёння адзіна магчымы спосаб прадаць трактар або іншую прадукцыю", - адзначыў кіраўнік прадпрыемства.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць гарантаванага вяртання сродкаў, а таксама на негатыўную тэндэнцыю ў цэлым. "Усё гэта добра, але тэндэнцыя дрэнная. Яна не да лепшага, а да горшага. А вы мне абяцалі лепшае. І што, вы мне заўтра зноў будзеце расказваць, што рынкі дрэнныя, не купляюць прадукцыю? - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - А нам грошы патрэбны для таго, каб жыла краіна. Мінскі трактарны завод, як і іншыя, быў створаны і існуе, мы яго не кінулі на вілы прыватызацыі яшчэ, каб краіна жыла. Вось у чым пытанне".
Увага Прэзідэнта была звернута яшчэ на адзін аспект: пачынаючы з 2012 года, зарплата на прампрадпрыемствах у Мінску расла непрапарцыянальна вынікам іх работы. У гэтым плане Міністр прамысловасці Дзмітрый Кацярыніч паскардзіўся на дэфіцыт рабочай сілы і спецыялістаў.
![]()
Аднак Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на яшчэ адзін бок медаля - адсутнасць належнай патрабавальнасці да кадраў. Ёсць шмат фактаў, калі звольненыя за парушэнні працоўнай і вытворчай дысцыпліны рабочыя з лёгкасцю ўладкоўваюцца на іншыя прадпрыемствы.
Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што ўжо даваў адпаведныя даручэнні ў час наведвання ААТ "Керамін". "Што вы зрабілі пасля гэтага? Я ж ужо вам аб гэтым сказаў публічна, прыняў палітычнае рашэнне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў таксама асаблівую ўвагу на неабходнасць забеспячэння высокай якасці прадукцыі, што вырабляецца, і недапушчэння браку. У цэлым на нарадзе абмяркоўваліся розныя бакі работы прадпрыемстваў, аналізаваліся шляхі павышэння канкурэнтаздольнасці вырабленай імі прадукцыі, скарачэння складскіх запасаў і пашырэння рынкаў збыту.
Віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч лічыць, што асобныя пытанні неабходна вырашаць на макраўзроўні: "Тое, што сёння нашы прадпрыемствы ў 3-4 разы больш плацяць за крэдытныя рэсурсы, чым у Расіі і Казахстане, - гэта наша пытанне".
"Лічу, што сітуацыя на рынку працэнтных ставак - гэта адлюстраванне сітуацыі ў эканоміцы. Таму, пакуль эканоміка так будзе працаваць, працэнтныя стаўкі будуць вымушаны трымацца на гэтым узроўні", - адзначыў старшыня праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" Сяргей Румас.
Падводзячы вынікі нарады, Прэзідэнт даручыў яшчэ раз дэталёва прааналізаваць усе праблемныя пытанні ва Урадзе і выйсці на прыняцце канкрэтных рашэнняў, якія дадуць эканамічны эфект.
"Я не спрабую саскочыць і сесці ў другую лодку. Мы ўсе ў адной лодцы тут сядзім. І я не магу дапусціць, каб у краіне пайшлі нейкія катаклізмы. У нас не можа быць ніякіх катаклізмаў, акрамя як па адной прычыне - стан эканомікі, у гэтым выпадку - прамысловасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да Прэм'ер-міністра, Прэзідэнт папярэдзіў, што па выніках першага квартала бягучага года давядзецца адказваць за вынік. "Я вам даю поўныя правы, каб гэту сітуацыю змяніць. Аж да кадраў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Рабіце ўсё, што вы лічыце патрэбным, каб мне потым не сказалі, што ў вас не хапала нейкіх паўнамоцтваў".
"Майце на ўвазе, даравання ў гэтай справе не будзе. Я кажу аб выкананні прагнозных паказчыкаў на гэты год. У аснове - складскія запасы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на недастаткова актыўную работу службовых асоб, замацаваных за канкрэтнымі прадпрыемствамі. "Вы нічога не рабілі там. Вы з'ездзілі туды, як вялікія начальнікі, пагаварылі з дырэктарам, сустрэліся з калектывам. А я вас туды паслаў канкрэтна заняцца вытворчасцю", - адзначыў Прэзідэнт.
Асобна Аляксандр Лукашэнка ўказаў на сферу адказнасці губернатараў, якія на сваім узроўні павінны бачыць і вырашаць узнікаючыя цяжкасці.
Разам з тым Прэзідэнт нагадаў аб неабходнасці пры прыняцці тых ці іншых рашэнняў не забываць пра інтарэсы грамадзян. "Вы не павінны пакрыўдзіць людзей. Нашы беларусы гэтага не заслужылі. Усё павінна быць абгрунтавана", - сказаў беларускі лідар.