Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Віцэ-прэзідэнтам Эквадора Хорхе Гласам Эспінэлем
- 3
Беларусь гатова ў бліжэйшы час пачаць рэалізацыю праектаў па развіцці супрацоўніцтва з Эквадорам. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 снежня на сустрэчы з Віцэ-прэзідэнтам Эквадора Хорхе Гласам Эспінэлем.
"Шмат чуў пра Вас ад вашага Прэзідэнта. Мы з ім дамовіліся аб тым, што Вы адыграеце галоўную ролю з боку Эквадора ў выбудоўванні нашых доўгатэрміновых і, я спадзяюся, трывалых адносін", – сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да Віцэ-прэзідэнта Эквадора.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што эканомікі дзвюх краін узаемадапаўняльныя і неабходна ў бліжэйшы час у разы павялічыць двухбаковы тавараабарот. "Мы дамовіліся з Прэзідэнтам прыкладна аб 15 напрамках супрацоўніцтва паміж Эквадорам і Беларуссю. У нас ёсць добры вопыт такога супрацоўніцтва з Венесуэлай. Там можна паглядзець, і калі вас задавольваюць гэтыя напрамкі, а Прэзідэнт сказаў, што гэта прымальна для Эквадора, мы можам такімі ж тэмпамі пачаць наша супрацоўніцтва па стварэнні сумесных вытворчасцей у Эквадоры", – заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ў супрацоўніцтве з Эквадорам няма закрытых тэм: "Мы гатовы з вамі супрацоўнічаць, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі да ваенна-тэхнічнай сферы".
"Лічу, вы, пабываўшы на нашых прадпрыемствах у час гэтага візіту, вызначыліся, што вас найбольш цікавіць, і мы зможам пачаць у бліжэйшы час рэалізацыю нашых дамоўленасцей", – дадаў беларускі лідар.
У сваю чаргу Хорхе Глас Эспінэль адзначыў, што яго візіт у Беларусь зроблены ў адпаведнасці з непасрэдным указаннем Прэзідэнта Эквадора. "Мяне ў гэтым візіце суправаджаюць некалькі ключавых міністраў, і наша задача максімальна канкрэтызаваць будучае супрацоўніцтва дзвюх краін", – сказаў Віцэ-прэзідэнт Эквадора.
Хорхе Глас Эспінэль расказаў, што ў Эквадоры рэалізуецца нацыянальны план развіцця. Ён прадугледжвае дзве мэты – пераадолець беднасць і трансфармаваць эканамічную мадэль Эквадора за кошт індустрыялізацыі. "Эквадор вельмі залежыць ад экспарту прыродных рэсурсаў. Зразумела, у сувязі з гэтым наша эканоміка залежыць ад сітуацыі на сусветных рынках", – сказаў ён.
"Сёння раніцай мы пачалі нашу праграму з пасяджэння рабочай групы па энергетыцы, азнаёміліся з прэзентацыяй таго, як вы праводзіце мадэрнізацыю такой важнай галіны. Гэта тэма мае вельмі вялікае значэнне для нас у сувязі з тым, што мы збіраемся рэалізоўваць вельмі вялікія планы па індустрыялізацыі краіны, і ключавым момантам для поспеху з'яўляецца энергетыка", – адзначыў Віцэ-прэзідэнт Эквадора.
Хорхе Глас Эспінэль расказаў, што Эквадор мае значныя гідрарэсурсы, у сувязі з чым у бліжэйшы час плануецца пабудаваць каля васьмі гідраэлектрастанцый і ў перспектыве выпрацоўваць на ГЭС большую частку электраэнергіі.