Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з генеральным дырэктарам "Штадлер Рэйл Груп" Петэрам Шпулерам

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абяцае ўсямернае садзейнічанне ў далейшай рэалізацыі ў Беларусі сумеснага праекта са швейцарскай кампаніяй "Штадлер Рэйл Груп". Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 27 лютага на сустрэчы з генеральным дырэктарам гэтай кампаніі Петэрам Шпулерам.

"Мы гатовы сур'ёзна ўдзельнічаць у развіцці вашага бізнесу на тэрыторыі Беларусі, каб гэта быў сапраўды беларуска-швейцарскі брэнд. Мы ўмеем працаваць, галіна машынабудавання ў нас высокаразвітая, і вашы тэхналогіі якраз да месца для таго, каб іх развіваць тут, на тэрыторыі Беларусі і ўсёй мытнай прасторы", - сказаў Прэзідэнт.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, дзейнасць гэтай швейцарскай кампаніі ў Беларусі часта ставяць у прыклад іншым замежным інвестарам. "Мы на вашым прыкладзе паказваем, якіх інвестараў мы хацелі б бачыць у Беларусі", - сказаў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ужо нямала зроблена ў рэалізацыі намечаных планаў па развіцці супрацоўніцтва. "У нас на чыгунцы паспяхова функцыянуюць паязды, якія мы некалі закуплялі ў вас у Швейцарыі, а цяпер будзем вырабляць у Беларусі", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі растлумачыў, што гэта сустрэча ў тым ліку выклікана неабходнасцю неадкладнага вырашэння некаторых пытанняў, якія датычацца рэалізацыі праекта і яго стратэгіі. "Я запрасіў усіх зацікаўленых, каб мы маглі вырашыць усе праблемы, якія сёння існуюць у плане пашырэння аб'ёмаў вытворчасці вашай прадукцыі ў Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў адпаведнасці з дасягнутымі раней дамоўленасцямі ў Дзяржынскім раёне аператыўна ствараецца завод па выпуску сумеснай прадукцыі. "Мы ў гэтым вельмі зацікаўлены, таму што ваша прадукцыя, якую вы будзеце выпускаць у Беларусі разам з намі, - гэта будучае. Ёсць вельмі шмат жадаючых яе купляць", - дадаў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Петэр Шпулер падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за шырокамаштабную падтрымку і, карыстаючыся выпадкам, павіншаваў з заваяваннем беларускімі спартсменамі пяці залатых медалёў на Алімпіядзе ў Сочы, у першую чаргу ў біятлоне. Ён адзначыў, што ў адной з гонак, дзе беларускі занялі першую і трэцюю прыступкі п'едэстала, другой была швейцарская спартсменка. "Мы ўжо на прыкладзе "Штадлера" можам аб'яднаць нашы поспехі ў адно цэлае і будзем у лідарах са Швейцарыяй", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Петэр Шпулер падрабязна праінфармаваў Прэзідэнта аб тым, як ідзе будаўніцтва завода і адміністрацыйна-вытворчага комплексу. Паводле яго слоў, будаўніцтва будзе весціся ў тры чаргі. Першая і другая ўжо актыўна распрацоўваюцца. "Мы будзем у стане ўжо ў пачатку красавіка пачаць выпуск прадукцыі ў Фаніпалі. Што датычыцца адміністрацыйнага корпуса, то ён будзе гатовы ў жніўні. Будаўніцтва ішло добрымі тэмпамі. Практычна нідзе не ўзнікала якіх-небудзь затрымак", - сказаў гендырэктар кампаніі.

Петэр Шпулер таксама расказаў, што ў Швейцарыі знаходзяцца 70 беларускіх спецыялістаў, якія праходзяць там навучанне і перападрыхтоўку. У першую чаргу гэта спецыялісты, якія будуць займацца зварачнымі работамі пры вытворчасці алюмініевых карпусоў. У далейшым у Швейцарыю плануецца накіраваць яшчэ 50 спецыялістаў, якія ў далейшым будуць заняты на фінішным мантажы. Акрамя таго, калі ў красавіку гэтага года пачнецца выпуск прадукцыі, са Швейцарыі ў Беларусь прыедуць спецыялісты, каб ужо на месцы прадоўжыць навучанне персаналу.

"Лічу, што мы сапраўды маем справу з вельмі цесным шматабяцальным супрацоўніцтвам", - падкрэсліў Петэр Шпулер.

Гендырэктар кампаніі адзначыў, што найбольш важнай задачай у сумеснай рабоце з'яўляецца выкананне заказу на пастаўку двухузроўневых паяздоў расійскай кампаніі ТАА "Аэраэкспрэс". "Для нас праект, звязаны з пастаўкай паяздоў для "Аэраэкспрэса" з'яўляецца справай прэстыжу. Акрамя таго, цяпер наша кампанія выконвае заказ на вытворчасць двух чыгуначных паяздоў для беларускай чыгункі. Наступныя перспектыўныя праекты, у якіх мы плануем удзельнічаць, - гэта тэндары на пастаўку ў Маскву трамваяў і вагонаў для маскоўскага метро", - расказаў Петэр Шпулер.

"Штадлер Рэйл Груп" з'яўляецца адным з вядучых еўрапейскіх вытворцаў чыгуначнага рухомага саставу. Цяпер ажыццяўляецца інвестыцыйны праект па арганізацыі ў Беларусі вытворчасці чыгуначнага і гарадскога пасажырскага электрычнага транспарту. Праект рэалізуецца шляхам паэтапнага будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю на працягу 2012-2016 гадоў завода і аб'ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры. У студзені 2012 года ў Беларусі зарэгістравана сумеснае прадпрыемства ААТ "Электрычны транспарт", якое ў лістападзе 2013 года перайменавана ў ААТ "Штадлер Мінск". Нараўне са стварэннем вытворчых магутнасцей кампанія вядзе актыўную работу па фарміраванні партфеля знешніх заказаў, перш за ўсё з патэнцыяльнымі расійскімі заказчыкамі, у ролі якіх выступаюць муніцыпальныя ўлады Масквы.