Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў

  • 11

Беларусь праводзіць самастойную і паслядоўную міралюбівую знешнюю палітыку і ў выбудоўванні адносін са знешнім светам пазбягае канфліктных шляхоў. Аб гэтым заявіў 16 снежня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў.

Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы кіраўнікоў дыпламатычных місій Замбіі, Іспаніі, Кубы, Манголіі, М'янмы, Нідэрландаў, Амана, Славеніі, Уганды, Францыі ў Беларусі.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што мерапрыемства ўпершыню праходзіць у Палацы Незалежнасці, які ўвасабляе суверэннасць беларускай дзяржавы.

"Дзякуючы сваёй сумленнай, адкрытай пазіцыі Беларусь атрымала міжнароднае прызнанне і мае ў свеце нямала аднадумцаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы праводзім самастойную і паслядоўную міралюбівую знешнюю палітыку. Актыўна развіваем супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі, уносім значны ўклад ва ўмацаванне глабальнай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці", - канстатаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён падкрэсліў, што з кожнай з краін свету, уключаючы краіны, якія прадстаўляюць сёння дыпламаты, набыты ўнікальны і бясцэнны вопыт супрацоўніцтва. "Мы зацікаўлены ў яго далейшым паглыбленні і гатовы да абмеркавання любых сумесных праектаў і ініцыятыў, якія прынясуць узаемную выгаду", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што ў гэтым кантэксце разлічвае на актыўную работу паслоў па пашырэнні двухбаковага супрацоўніцтва з Беларуссю.

"Наша краіна абапіраецца на ўласную багатую гістарычную спадчыну і паважліва адносіцца да традыцый іншых народаў. Такі падыход служыць надзейнай асновай для наладжвання дружалюбных кантактаў у самых розных частках свету", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не бачыць ніякіх праблем у адносінах ні з адной з краін, чые паслы сёння ўручалі даверчыя граматы.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў зацікаўленасць Беларусі ў стабілізацыі адносін з ЕС. "Нам адзін ад аднаго нікуды не дзецца. Нам трэба жыць разам, па-суседску, - сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. - Да нас не можа быць ніякіх прэтэнзій у плане нармалізацыі гэтых адносін. Мы гатовы на любыя крокі ў плане нармалізацыі нашых адносін".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бачыць і зацікаўленасць еўрапейскага бізнесу ў развіцці кантактаў з беларускім бокам. "Не хачу гаварыць, што мяч на вашым баку. Гэта журналісцкі штамп. Але ён сапраўды на вашым баку", - дадаў Прэзідэнт.

"Мы шчыра зацікаўлены ў развіцці добрасуседскіх адносін з Еўрапейскім саюзам. Гэта абумоўлена не толькі геаграфічнай, гістарычнай, культурнай блізкасцю, але і неабходнасцю прыняцця сумесных мер рэагавання на рэгіянальныя выклікі і пагрозы", - сказаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што плённая работа па гэтых і іншых напрамках магчыма выключна на аснове раўнапраўя і ўзаемнай павагі. "У нас шмат знешніх пагроз. Давайце разам падумаем, як процістаяць ім, а не скоса глядзець адзін на аднаго. Гэта ні ў вашых інтарэсах, ні ў нашых", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама выказаў упэўненасць, што прагматычны падыход і нацэленасць на пазітыўны вынік дадуць магчымасць бакам дасягнуць многага ў самых розных сферах.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што гэта ў аднолькавай ступені адносіцца як да ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам у цэлым, так і да двухбаковых адносін з Францыяй, Нідэрландамі, Іспаніяй і Славеніяй.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер Беларусь выходзіць на новыя рубяжы супрацоўніцтва з краінамі Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу і мае намер у хуткім часе пашырыць дыпламатычную прысутнасць у гэтых рэгіёнах.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь нацэлена на інтэнсіфікацыю кантактаў з дзяржавамі Афрыканскага кантынента. "Сёння толькі лянівы не ідзе ў Афрыку. Для кожнага дзелавога чалавека там ёсць сфера прыкладання. Перакананы, што развіццё нашай планеты без падключэння да гэтага Афрыканскага кантынента немагчыма. Менавіта там асноўныя рэсурсы і рэзервы Зямлі. Вельмі несправядліва, што сёння Афрыка знаходзіцца на такім узроўні развіцця, ніжэйшым, чым Еўропа, і сёння гэта несправядлівасць пачынае ўстараняцца", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён падкрэсліў, што Беларусь не можа быць убаку ад гэтага працэсу і ў бліжэйшы час мае намер адкрыць шэраг пасольстваў у розных рэгіёнах Афрыканскага кантынента для падтрымання сваіх інтарэсаў. "Галоўны прынцып маёй палітыкі - сумленнасць і справядлівасць. Вы можаце быць перакананы, што ў маёй асобе, а таксама нашага беларускага народа вы атрымаеце самых надзейных людзей, зацікаўленых у вельмі высокім узроўні развіцця вашага кантынента", - дадаў беларускі лідар.

Звяртаючыся да паслоў Замбіі і Уганды, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разглядае супрацоўніцтва з гэтымі дзяржавамі як вельмі перспектыўнае. Ён звярнуў увагу на тое, што агульны патэнцыял пакуль выкарыстоўваецца далёка не ў поўнай ступені. На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, на першым этапе прыярытэтнымі напрамкамі могуць стаць гандаль і адукацыя.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь настроена на самае дынамічнае паглыбленне адносін з Манголіяй, на актыўнае ўзаемадзеянне з М'янмай. "У нашых краін няма палітычных рознагалоссяў і спрэчак, што стварае добрыя перадумовы для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, - сказаў Прэзідэнт. - Калі ў нас недастаткова высокі ўзровень гандлю, інвестыцыйнага супрацоўніцтва, іншых напрамкаў, то гэта толькі наша віна, беларускага боку". Аляксандр Лукашэнка ў якасці перспектыўных напрамкаў для інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва назваў сферу інвестыцый, здабычу карысных выкапняў, стварэнне сумесных вытворчасцей і прамысловую кааперацыю.

Прымаючы даверчыя граматы пасла Амана, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на высокі ўзровень даверу адносін паміж дзвюма краінамі. Ён падкрэсліў, што бачыць значныя перспектывы ў развіцці кантактаў з Аманам. "Інтарэсам абедзвюх краін адпавядае далейшае паглыбленне двухбаковага супрацоўніцтва. Мы можам вывесці адносіны на якасна новы этап, які ахоплівае ўсе асноўныя напрамкі, уключаючы актыўны палітычны дыялог і развітое гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва", - лічыць беларускі лідар. Ён таксама адзначыў, што ёсць шэраг праектаў, якія Беларусь мае намер рэалізаваць у Амане і праз Аман у іншых дзяржавах.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь зацікаўлена ў развіцці палітычнага дыялогу і ўмацаванні эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі.

Прэзідэнт з задавальненнем адзначыў, што ў гэтым рэгіёне ў Беларусі ёсць правераны часам партнёр - Куба. "Мы цэнім традыцыйна высокі ўзровень беларуска-кубінскага ўзаемаразумення і салідарнасці. Беларусь гатова далей весці даверны палітычны дыялог, паглыбляць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з гэтай дружалюбнай нам дзяржавай", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён запэўніў, што беларускі бок зробіць максімальна магчымае для кубінцаў. "Вы нашы даўнія сябры і вельмі блізкія нам людзі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, энтузіязм, энергія і ініцыятыўнасць, праяўленыя дыпламатамі на беларускім напрамку, акажуць значны ўплыў на змест і перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва на бліжэйшыя гады.

"Мы разлічваем, што, узначаліўшы свае дыпламатычныя місіі, вы зробіце ўсё магчымае, каб пашырыць рамкі ўзаемадзеяння і адкрыць новыя гарызонты нашага супрацоўніцтва, зблізіць і ўзаемна ўзбагаціць нашы культуры, - сказаў Прэзідэнт. - Заклікаю вас усяляк садзейнічаць актывізацыі бізнесу і міжасобасных кантактаў, дапамагаць нашым краінам лепш пазнаваць і разумець адна адну".