Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ, якім 2025-2029 гады аб'яўлены пяцігодкай якасці
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 студзеня падпісаў Указ № 31, якім 2025-2029 гады аб'яўлены пяцігодкай якасці. Яна ахоплівае ўсе сферы жыццядзейнасці дзяржавы і грамадства. Прыярытэтныя мэты пяцігодкі - далейшае павышэнне якасці жыцця людзей, канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, удасканаленне грамадскіх адносін.
Пяцігодка якасці прадугледжвае ўсебаковыя пераўтварэнні, накіраваныя на дасягненне высокіх стандартаў якасці жыцця, рост дабрабыту грамадства, павышэнне эфектыўнасці эканомікі і кіраўніцкай дзейнасці, аптымізацыю вытворчых працэсаў, паляпшэнне характарыстык тавараў (работ, паслуг).
Указ вызначыў стратэгічныя задачы пяцігодкі якасці ў эканоміцы, арганізацыі жыццядзейнасці людзей, сацыяльных адносінах і ў галіне права. Гэта тыя стаўпы, якія складаюць асновы функцыянавання дзяржавы.
Сярод такіх задач - стварэнне новых сучасных прадпрыемстваў, лічбавая трансфармацыя, забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту, далейшы рост даходаў насельніцтва, прымяненне справядлівай сістэмы цэнаўтварэння, павышэнне нараджальнасці і паляпшэнне дэмаграфічнага патэнцыялу.
Павінны быць забяспечаны даступнасць і высокія стандарты адукацыі, медыцынскай і сацыяльнай дапамогі, развіццё жыллёва-камунальнай, транспартнай інфраструктуры, тэлекамунікацый.
Паляпшэнню якасці жыцця людзей будзе садзейнічаць таксама далейшая дэбюракратызацыя, зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі на грамадзян і бізнес. Сярод задач - пашырэнне прынцыпаў здаровага ладу жыцця.
У прыярытэце пяцігодкі падтрыманне агульнанацыянальнага дыялогу, умацаванне інстытута сям'і, традыцыйных маральных каштоўнасцей, патрыятызму, павышэнне палітычнай і прававой культуры, забеспячэнне стабільнасці прававога рэгулявання.
Рэалізаваць задачы пяцігодкі якасці, зрабіць яе эфектыўнай і рэзультатыўнай можна толькі сумеснымі намаганнямі дзяржаўных органаў, арганізацый усіх форм уласнасці і грамадзян. У сувязі з гэтым будзе прадоўжана фарміраванне разумення асабістай адказнасці грамадзян за агульны вынік, за захаванне незалежнасці краіны.
Прэзідэнтам даручана Ураду сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам прадугледзець мерапрыемствы па дасягненні задач пяцігодкі якасці ў праграмах (планах) развіцця Беларусі, галін эканомікі, рэгіёнаў.