Афіцыйны візіт Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана

  • 42
  • 8:18

Беларусь і Турцыя здольны ўзняцца на новую ступень у развіцці адносін. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 лістапада на перагаворах з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.

Рабочы графік кіраўнікоў дзяржаў у ходзе афіцыйнага візіту турэцкага лідара ў Беларусь быў вельмі насычаным і ўмясціў у сябе не толькі пратакольныя мерапрыемствы, афіцыйныя перагаворы ў вузкім і пашыраным фарматах і падпісанне міжнародных дакументаў у Палацы Незалежнасці.

Прэзідэнты таксама прынялі ўдзел у беларуска-турэцкім бізнес-форуме, які стаў адным з самых прадстаўнічых за ўсю гісторыю правядзення ў Беларусі такіх мерапрыемстваў. Толькі з турэцкага боку ў ім удзельнічалі амаль 200 бізнесменаў і афіцыйных асоб.

З удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Рэджэпа Таіпа Эрдагана адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця ў Мінску Саборнай мячэці. Яна павінна стаць сімвалам міжканфесійнай згоды ў Беларусі, месцам малітвы для жыхароў і гасцей сталіцы, якія вызнаюць іслам.

Вялікую колькасць часу лідары Беларусі і Турцыі ўдзялілі асабістай размове, у час якой дэталёва ў даверным і адкрытым ключы абмяркоўваліся самыя розныя тэмы, пачынаючы ад парадку дня міждзяржаўнага супрацоўніцтва да сусветных і рэгіянальных праблем.

У час перагавораў Прэзідэнт Беларусі не раз падкрэсліваў, што ў палітычнай сферы паміж краінамі абсалютна няма рознагалоссяў, на высокім узроўні знаходзяцца і асабістыя адносіны кіраўнікоў дзяржаў. Таму цяпер вельмі важна сканцэнтраваць сумесную работу на максімальным выкарыстанні патэнцыялу гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, яго насычэнні новымі ўзаемавыгаднымі праектамі. "Турцыя з'яўляецца для нас прыярытэтным партнёрам. Мы вельмі высока цэнім нашу дружбу і нацэлены на плённае ўзаемадзеянне па ўсіх напрамках, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Давайце пашырым нашы адносіны настолькі, наколькі мы здольны гэта зрабіць. А мы можам многае".

Кіраўнік беларускай дзяржавы бачыць неабходнасць перабудоўвацца на новую, кааперацыйную форму ўзаемадзеяння, якая з'яўляецца важнейшым механізмам выжывання ў сучасных умовах. "Неабходна садзейнічаць стварэнню на тэрыторыі нашых дзяржаў сумесных вытворчасцей складанатэхнічнай прадукцыі, у тым ліку ў мэтах яе прасоўвання на рынкі трэціх краін", - упэўнены беларускі лідар.

Вялікі патэнцыял бачыцца і ў развіцці сувязей з турэцкімі тэхналагічнымі паркамі і цэнтрамі трансферу тэхналогій. Інтарэсам абедзюх краін адпавядае і далейшае развіццё ўзаемавыгадных і збалансаваных інвестыцыйных і крэдытна-фінансавых адносін. Прэзідэнт Беларусі ў прыватнасці прапанаваў падумаць аб перспектывах актывізацыі беларуска-турэцкага супрацоўніцтва ў банкаўскай сферы.

Беларусь можа стаць добрай апорай і пляцоўкай для турэцкага бізнесу. "Хачу запэўніць, што ўдзел турэцкіх кампаній у рэалізацыі праектаў будзе падтрымлівацца ўладамі Беларусі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі вы хочаце сумленна і дастойна займацца бізнесам у Беларусі, давайце яго будаваць выключна на прыстойнай аснове, некарупцыйнай, адкрытай, сумленнай, прынцыповай. Прыходзьце ў Беларусь працаваць з такім настроем, як вы працуеце ў Турцыі, і тады ў нас усё атрымаецца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні на бізнес-форуме.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што дасягнутыя ў ходзе сустрэчы на вышэйшым узроўні дамоўленасці паслужаць далейшаму ўмацаванню і развіццю беларуска-турэцкіх адносін. Падпісаныя дакументы ствараюць дадатковыя ўмовы для пашырэння ўзаемавыгадных сувязей у галіне палітычнага, гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага, гуманітарнага і іншых сфер супрацоўніцтва. Намечаны перспектывы рэалізацыі праектаў у галіне машынабудавання, будаўніцтва, стварэння сумесных прамысловых зон. Кіраўнікі дзяржаў прааналізавалі магчымасці нарошчвання аб'ёмаў узаемнага гандлю і аптымізацыі лагістычных маршрутаў, размяшчэння сумесных вытворчасцей на тэрыторыі дзвюх краін.

Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган таксама прынялі сумеснае камюніке, у якім выказаліся за пашырэнне і паглыбленне двухбаковых сувязей па шэрагу прыярытэтных напрамкаў.


У сваю чаргу Прэзідэнт Турцыі назваў свой візіт у Мінск паваротным момантам у беларуска-турэцкіх адносінах. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на пастаўленую задачу па дасягненні аб'ёму ўзаемнага тавараабароту $1 млрд. "Нам гэта, несумненна, удасца, - упэўнены Рэджэп Таіп Эрдаган. - Наша перавага ў тым, што эканомікі Беларусі і Турцыі не канкурыруюць, а дапаўняюць адна адну. Турцыя гатова і ў далейшым стымуляваць прыход турэцкіх бізнесменаў на беларускі рынак, пашыраць інвестыцыйныя кантакты".

Турэцкі лідар назваў важным намечанае на пачатак 2017 года пасяджэнне беларуска-турэцкай міжурадавай камісіі, дзе плануецца канкрэтызаваць дасягнутыя на вышэйшым узроўні дамоўленасці.

Прэзідэнт Турцыі таксама падкрэсліў уклад Беларусі ў справу падтрымання стабільнасці ў рэгіёне. Паводле яго слоў, Беларусь на фоне негатыўнай сітуацыі ў некаторых краінах рэгіёна дэманструе стабільнасць, праводзіць узважаную палітыку ў адносінах з іншымі дзяржавамі.