Аб устанаўленні юбілейнага медаля
Заснаваны юбілейны медаль "100 год органам пракуратуры Беларусі". Адпаведны Указ № 63 падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
У бягучым годзе (26 чэрвеня) у Беларусі адзначаецца 100-годдзе з дня ўтварэння органаў пракуратуры. У сувязі з гэтым для ацэнкі заслуг некаторых асоб у забеспячэнні вяршэнства права і законнасці Указам прадугледжваецца заснаванне юбілейнага медаля "100 год органам пракуратуры Беларусі".
На правым баку медаля адлюстраваны геральдычны знак пракуратуры, які ўяўляе сабой шчыт, размешчаны над двума скрыжаванымі мячамі. У полі шчыта размешчана выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Унізе на хвалістай залацістай стужцы, накладзенай на вянок з лісця лаўра і дуба, размешчаны надпіс "1922-2022".
Юбілейным медалём будуць узнагароджваць работнікаў, ветэранаў органаў пракуратуры за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, а таксама іншых асоб за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне правапарадку.