Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Указ № 345 ад 16 верасня 2020 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 верасня падпісаў Указ № 345, якім комплексна карэкціруецца прававое рэгуляванне ў сферы палявання.

Дакумент падзяляе дзеючыя Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання на два самастойныя прававыя акты: Правілы палявання і Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі.

Пры гэтым у Правілах палявання выключаюцца залішнія патрабаванні да парадку дакументальнага афармлення палявання: ліквідуецца картка ўліку парушэнняў, якая прыкладаецца да дзяржаўнага пасведчання на права палявання, карыстальнікам паляўнічых угоддзяў прадастаўляецца права выпраўляць памылковыя запісы ў дазволах на здабычу жывёл у час палявання. Таксама зніжаецца мінімальны ўзрост грамадзян, якія маюць права займацца бяззброевым паляваннем (з 18 да 16 гадоў), удакладняюцца тэрміны і спосабы палявання на паляўнічых жывёл некаторых відаў, укараняюцца механізмы рэгулявання аб'ёмаў здабычы паляўнічых жывёл ненармуемых відаў (вадаплаўная, палявая птушыная дзічына, пушныя звяры), у тым ліку мігрыруючых гусей і качак.

У Правілах вядзення паляўнічай гаспадаркі ўстанаўліваецца абавязак паляўніцтвакарыстальнікаў па прадастаўленні паляўнічым інфармацыі аб межах гэтых угоддзяў, парадку рэалізацыі і кошце паляўнічых пуцёвак, аб асаблівасцях арганізацыі палявання, а таксама здымаюцца асобныя абмежаванні па стварэнні вальераў на тэрыторыі ляснога фонду, што будзе садзейнічаць развіццю паляўнічага турызму. Акрамя таго, замацоўваецца абавязковая наяўнасць у штаце паляўніцтвакарыстальнікаў службовай асобы, якая мае спецыяльную прафесійную падрыхтоўку ў галіне вядзення паляўнічай гаспадаркі або вопыт работы ў такой гаспадарцы не менш як пяць гадоў.

Указам павялічваюцца тэрміны дзеяння дазволу на нашэнне і захоўванне паляўнічай зброі (з трох да пяці гадоў), а таксама медыцынскай даведкі аб стане здароўя для атрымання і прадаўжэння дазволу на захоўванне і нашэнне грамадзянскай зброі (з аднаго года да пяці гадоў).